За вашу і нашу свабоду!
Сёння споўнілася 25 гадоў трагічным падзеям ля Вільнюскага тэлецэнтра. Яны сталі для літоўцаў пераломным момантам, які коштам крывавых ахвяраў паказаў немагчымасць вяртання да савецкага мінулага.
Нядзеля 13 студзеня стала днём, які прывёў Літву да дэмакратыі, сяброўства ў Еўрасаюзе і NAТО. І даў надзею на перамены жыхарам суседніх рэспублік.
У сакавіку 1990-га Літва абвясціла незалежнасць, а ў красавіку Масква распачала эканамічную блакаду рэспублікі. Але гэта толькі аб’яднала літоўскае грамадства вакол ідэі незалежнасці і самавызначэння.
«На радыё тады рэгулярна давалі кароткія перадачы пра тое, як уцяпліць кватэры ці прыгатаваць ежу, каб зэканоміць газ і электрычнасць. Напрыклад, раілі крупу заліць на ноч кіпнем, каб раніцай ужо была прыгатаваная каша», — узгадвае грамадская актывістка Раса Песлекіене.
З-за блакады напачатку студзеня 1991-га ўрад Казіміры Прунскіне адпусціў цэны на прадукты. І яны ў імгненне вока выраслі больш чым у тры разы.
У выніку на вуліцы з патрабаваннем адстаўкі кабінета міністраў выйшлі людзі з пракамуністычнай партыі «Адзінства». А Масква каб «навесці парадак» увяла ў Літву войскі, у тым ліку байцоў з спецпадраздзялення «Альфа» і Пскоўскай дывізіі ВДВ.
Тады на абарону парламента стала амаль уся Літва.
Фота з сайта nv.ua
«Нягледзячы на моцныя маразы, мы дзяжурылі тады пасля працы ля сейма, — узгадваеРаса Песлікіене. — Быў складзены графік, па якім кожны горад прысылаў шматлікія дэлегацыі. Людзі масава здавалі грошы ў аргкамітэт, неслі нават каштоўныя рэчы, упрыгожванні. Адна незнаёмая жанчына накінула маёй сястры на плечы шубу, бо было вельмі холадна. Потым мы ўжо разглядзелі, што яна была норкавая і з этыкеткай».
Цырымонія пахавання загінуўшых падчас штурма. Фота Wikimedia
Прэзідэнт СССР Міхаіл Гарбачоў 10 студзеня патрабаваў аднавіць на тэрыторыі рэспублікі дзеянне савецкай канстытуцыі. А калі гэта не адбылося, пачалі працаваць уведзеныя войскі. На працягу наступнага дня савецкія часці занялі некалькі ключавых пунктаў, у тым ліку Дом друку і рэтрансляцыйны цэнтр у Германіі.
Фота Яўгена Кандакова
У адказ на гэта старшыня Вярхоўнага Савета рэспублікі Вітаўтас Ландсбергіс заклікаў прыхільнікаў незалежнасці не дапусціць захоп ўрадавых будынкаў і важнейшых абʼектаў інфраструктуры, піша news.21.by.
У парламента і тэлецэнтра ўзняліся барыкады.
«Людзі пелі песні па-літоўску, скандавалі «Lietuva». І ўвогуле было бачна, што людзі прынялі для сабе рашэнне — пачаць новую старонку сваёй гісторыі», — распавядае пра падзеі 13 студзеня 1991 года ў Вільнюсе маскоўскі фатограф Яўген Кандакоў.
У ноч на 13 студзеня ў Вільнюс увайшла бранятэхніка — дэсантнікі 7-й гвардзейскай ваздушна-дэсантнай дывізіі пры падтрымцы групы «Альфа». Адна калона накіравалася да парламенту, другая — да тэлевізійнай вежы.
Фота Яўгена Кандакова
Браць сілай парламент не рызыкнулі. Трагедыя адбылася ля тэлецэнтра: загінулі 14 чалавек, амаль усе — мірныя жыхары, сотні былі параненыя.
«Да таго, як была ўведзена цяжкая тэхніка, яшчэ да трагічнага развіцця падзей, на тварах людзей былі натхненне, уздым, добразычлівасць. Калі ж людзі сталі сведкамі жорсткага штурму, яны былі ашаломленыя, таму што ніхто не чакаў, што ў наш час так са сваімі грамадзянамі можна так паступаць. Усё ж людзі лічылі, што ва ўлады павінны быць нейкія іншыя аргументы. Можа яны думалі, што іх будуць угаворваць, пераконваць. Але тое, што іх будуць спрабаваць вярнуць з дапамогай танкаў, ніхто, канешне, не чакаў. І ўжо тады было зразумела, што ніякага вяртання быць не можа», — узгадваеЯўген Кандакоў.
Фота news.tut.by
Адказнасць за гэтыя смерці ўлада на сябе не ўзяла. Вайскоўцы з «Альфы» сцвярджалі, што баявыя патроны не выкарыстоўваліся, а Міхаіл Гарбачоў казаў, што не ведаў пра тое, што рыхтуецца штурм. Дагэтуль Масква сцвярджае, што прыхільнікі літоўскай незалежнасці тады стралялі па сваіх, а ў некаторых выпадках па дэманстрантах быццам вялі агонь снайперы із Польшчы, якія прайшлі навучанне на базах NAТО.
Магчыма, супрацьстаянне ў Вільнюсе працягнулася, нягледзячы на ўмяшальніцтва Ельцына і Захаду, але нечакана для Крамля літоўцаў падтрымалі масквічы. 14 студзеня яны выйшлі на Манежную плошчу з плакатамі «Гарбачоў — забойца», «Даруй нам, Літва».
Палітолаг Андрэй Піянткоўскі, які ўдзельнічаў у тым мітынгу, называе яго самай шматлюднай маніфестацыяй часоў перабудовы — тады на вуліцы сталіцы выйшлі каля паўмільёна чалавек, — піша ўкраінскае «Новое время».
Фота theatlantic.com
Па справе аб ваенных злачынствах і злачынствах супраць чалавечнасці падчас падзей 13 студзеня абвінавачваюцца 66 грамадзян Расійскай Федэрацыі, Украіны і Беларусі. Іх справы перададзены ў суд, — распавяла DW Алена Мартынонене, якая ўзначальвае дэпартамент камунікацыі Генпракуратуры Літвы.
Яна таксама паведаміла, што большасць абвінавачаных знаходзіцца па-за межамі Літвы. Таму яны знаходзяцца ў міжнародным вышуку, а на іх затрыманне выдадзены ордэры, якія дзейнічаць на тэрыторыі Еўразвязу. «Найбольш ахвотна супрацоўнічае Украіна, праваахоўныя органы Расіі і Беларусі большасць нашых запытаў праігнаравалі», — адзначае Мартынонене. Па яе словах, 27 студзеня павінна адбыцца першае паседжанне суда па справе штурму вільнюскага тэлецэнтра.