Па справе аб штурме тэлевежы ў Вільні будуць судзіць 4 грамадзян Беларусі
Першая судовая сесія пачнецца 27 студзеня ў Віленскім акруговым судзе.
rus.tvnet.lv
Чацвярых грамадзян Беларусі будуць судзіць па справе аб штурме віленскай тэлевежы, які адбыўся ў ноч з 12 на 13 студзеня 1991 года, паведамляе Еўрарадыё.
“Імёны 4 грамадзян Беларусі, якія абвінавачваюцца па гэтай справе, — Уладзімір Усхопчык, Аляксандр Цяпота, Віктар Раманчэўскі і Алег Маркоўскі. Ніхто з іх цяпер не знаходзіцца на тэрыторыі Літвы, але ўсе яны аб’яўленыя ў міжнародны вышук”, — распавялі Еўрарадыё ў прэс-службе віленскага акруговага суда.
Ці будуць беларусы асуджаныя завочна, або для гэтага спатрэбіцца іх асабістая прысутнасць, вырашыцца на судзе. Але для гэтай справы няма тэрміна даўніны.
Нагадаем, у выніку трагічных падзеяў 1991 года загінулі 13 мірных жыхароў Літвы і адзін савецкі спецназавец. Агулам пацярпела больш за тысячу чалавек. Той ноччу ўзброеныя салдаты і бронетэхніка савецкай арміі занялі тэлевежу і будынак радыё і тэлебачання Вільні, якія абараняў шматтысячны натоўп мірных жыхароў. На баку як барацьбітоў за незалежнасць, так і савецкіх агрэсараў былі беларусы. Напрыклад, літаратар і журналіст Сяргей Дубавец стаяў ля будынка парламента і ўдзельнічаў у будаўніцтве супрацьтанкавых барыкадаў. Ён узнагароджаны медалём Літоўскай Рэспублікі “13 студзеня” за “адвагу і самаадданасць, праяўленыя пры абароне незалежнасці Літвы”.
На баку савецкай арміі таксама былі грамадзяне Беларусі. У студзені 2010 года Генпракуратура нашай краіны адмовілася дапамагчы Літве па справе “13 студзеня” і выдаць для суда былога намесніка міністра абароны Беларусі Уладзіміра Усхопчыка, які ў 1991-м узначальваў Віленскі ваенны гарнізон.
“Выкананне просьбы Літвы па гэтай справе супярэчыла б асноўным прынцыпам законаў Рэспублікі Беларусь”, — адзначалася тады ў заяве.