Пра што не давялі кіраўніку краіны
У аўтарытарных сістэмах на кіроўную пасаду прыходзіць, як правіла, «чалавек ад народа». Але чым даўжэй ён знаходзіцца на пасадзе, тым больш ён «бранзавее» — звужаецца далягляд, ён ужо не кантактуе з народам, неадэкватна ацэньвае сітуацыю, рэагуе толькі на тое, што яму «пакладуць на стол». І ў выніку саступае сваё месца новаму «чалавеку ад народа».
Аляксандр Рыгоравіч ва ўладзе ўжо 25 гадоў, і, падаецца, ведае толькі тое, што яму «пакладуць на стол». Гэтым разам яму паклалі «кейс Галавача» — галоўнага інжынера МЗКЦ, якога чатыры гады трымалі ў СІЗА, але віны так і не даказалі. І кіраўнік краіны ў час рабочай сустрэчы са старшынёй Следчага камітэта Іванам Наскевічам заявіў, што бліжэйшым часам правядзе нараду з праваахоўным блокам краіны.
«Вы вялі следчыя дзеянні чатыры з лішнім гады і так нічога ў судзе не даказалі, — абрынуўся Лукашэнка на Наскевіча. — Я не разумею, як можна затрымаць чалавека, пасадзіць яго ў следчы ізалятар і трымаць яго ў чатырох сцянах чатыры гады? Трымаць гэтага чалавека і потым за недаказанасцю адпусціць».
«Я з генеральным пракурорам буду разбірацца, чаму ён так «наглядае» за крымінальнымі справамі і за выкананнем закона», — падкрэсліў кіраўнік краіны.
З цытатаў, прыведзеных БелТА, выглядае, нібыта Аляксандр Рыгоравіч абурыўся не тым, што чалавека трымалі чатыры гады ў зняволенні, а тым, што яго віну так і не здолелі даказаць. Калі гэта сапраўды так, то ніякіх пытанняў не ўзнікае. Але, калі наш правадыр усур’ёз заклапаціўся «зацягваннем следчых дзеянняў», то пачынаць яму трэба не з генпракурора.
Айчынныя праваабаронцы ўжо не першую пяцігодку ўздымаюць пытанне пра неабгрунтаванае ўтрыманне грамадзянаў у СІЗА з пазбаўленнем іх (да вынясення прысуду!) волі і пэўных правоў. «Новы Час» таксама перапісваўся з СІЗА №1 з нагоды таго, што людзям, якія там знаходзяцца, абмяжоўваюць права на перапіску і атрыманне інфармацыі — хаця яны яшчэ не асуджаныя. Таксама неаднаразова ўздымалася пытанне і пра артыкул 411 Крымінальнага кодэкса, па якім чалавека можна трымаць у зняволенні бясконца.
Але кіраўніку краіны пра гэта «не давялі». А змены ў законы ў нас прымаюцца залежным ад Лукашэнкі заканадаўчым органам, і адмяніць той жа 411 артыкул КК альбо вызначыць гранічны тэрмін знаходжання чалавека пад вартай да суда — гэта вырашаецца проста «даручэннем Лукашэнкі дэпутатам».
Як і тое, што не з генпракурорам трэба размаўляць наконт «зацягвання следства», а, зноў жа, з падкантрольнымі судамі. Бо суддзі, якія працуюць «у спайцы» са следствам, неаднаразова адхілялі хадайніцтвы таго ж Галавача пра змену меры стрымання са знаходжання ў СІЗА на падпіску пра нявыезд. Варта толькі даць даручэнне пра пашырэнне «практыкі падпіскі» — і праблема была б вырашаная.
А яшчэ сам спадар Наскевіч павінен быў атрымаць глабальны ўтык аж да пазбаўлення пасады. Таму што «справа Галавача» — гэта яшчэ і справа яго адвакаткі, на якую, за разгалошванне матэрыялаў следства, а потым і, нібыта, за захоўванне зброі, завялі крымінальныя справы. А пазней іх спынілі «за адсутнасцю складу злачынства».
І калі па першым эпізодзе яшчэ можна знайсці нейкую логіку, то адмена пастановы аб узбуджэнні крымінальнай справы за незаконныя дзеянні ў дачыненні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў выклікае пытанні. Бо тут ужо — альбо знайшлі ў яе зброю, альбо не. Калі яна сапраўды захоўвала зброю, то падставы спыняць справу няма. А калі не — то ў ведамстве Наскевіча павінен быў адбыцца вялікі скандал з узбуджэннем іншых крымінальных спраў — за фальсіфікацыю доказаў, падкіданне зброі, наўмысна лжывае абвінавачванне і гэтак далей.
Што-небудзь мы пра гэта чулі? Не. Не толькі яго ведамства, але і сам Наскевіч «умыліся» і зрабілі выгляд, што нічога не здарылася. Падумаеш: зброю адвакату падкінулі! Не яна першая, і не яна апошняя!
А Следчы камітэт — гэта рэформа, праведзеная з ініцыятывы Аляксандра Лукашэнкі. І адказваць за СК, атрымліваецца, павінен таксама ён.
А пакуль кіраўніцтва разбіраецца з сілавікамі, у яго няма часу на вырашэнне іншых, пакуль яшчэ не спешных, але ў перспектыве — вельмі балючых задач. Справа ў тым, што «летняя» гадавая інфляцыя склала 6%, у той час як па прагнозе яна павінна быць не больш за 5%.
Гэта трывожна найперш таму, што лета — традыцыйны час для запавольвання інфляцыі. Таннеюць прадукты, людзі раз’язджаюцца па адпачынках і лецішчах, менш спажываюць. А таму інфляцыя павінная быць меншая, а не большая.
Цяпер не так. Паводле звестак, галоўным чынам на летнюю інфляцыю паўплывала падаражэнне мабільнай сувязі — у сярэднім на 3,72%. Але асноўныя гульцы рынку — МТС і А1 — уключаныя ў рэестр манапалістаў. Таму яны могуць павышаць свае тарыфы толькі са згоды Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю. Відавочна, што МАРГ такую згоду даў, таму ўлады самі апынуліся творцамі росту коштаў у эканоміцы.
Але, калі глядзець на паўгадавыя паказчыкі, то атрымліваецца дзіўная рэч. За паўгода на 9–11% выраслі цэны на… сацыяльна значныя прадукты харчавання! Пры гэтым кошт сацыяльных тавараў і паслуг таксама кантралююць органы ўлады. Амаль усе пазіцыі ў гэтым спісе займаюць прадукты харчавання — гэта хлеб, мяса, яйкі, малако, соль і іншыя.
Пры гэтым рост цэнаў на гэтыя тавары па некаторых пазіцыях амаль у два разы перавышае агульны ўзровень цэнаў, што і выклікала занепакоенасць у тым жа МАРГ. Высвятляецца, што цэны растуць не за кошт вытворцы, а за кошт гандлёвых надбавак у крамах.
Чыноўнікі сустрэліся з прадстаўнікамі гандлю і пагразілі ім пальчыкам, патлумачыўшы, якой павінна быць надбаўка. І заявілі, што, калі «парадку» не будзе, то МАРГ разгледзіць пытанне аб увядзенні часовага цэнавага рэгулявання на сацыяльна значныя тавары.
Можа быць, хутка мы і адчуем зніжэнне цэнаў, але наўрад ці. Інакш нашым «забранзавелым» не будзе чым давесці сваю патрэбнасць у будучыні.