Кіраўнік СК: Зарады для салюту абразалі і расіяне, і беларускія вайскоўцы

Зарады, якія выбухнулі падчас салюту на Дзень незалежнасці, не пасавалі пад марціры. Пра гэта старшыня Следчага камітэта Іван Наскевіч паведаміў у праграме "Гутарка ў прэзідэнта" на тэлеканале "Беларусь 1", перадае Еўрарадыё.

salut1_1.jpg

Нагадаем, падчас выбуху 3 ліпеня загінула жанчына і яшчэ 10 чалавек пацярпелі. Расследаваннем трагедыі займаецца Следчы камітэт.
Па словах Наскевіча, набытыя для салюту зарады не пасавалі пад марціры. Таму падчас падрыхтоўкі да салюту і прадстаўнікі расійскай кампаніі-пастаўшчыка, і беларускія вайскоўцы абразалі зарады і абкочвалі іх аб цвёрдую паверхню. Гэты пры тым, што разборка і дапрацоўка прафесійных піратэхнічных вырабаў забароненая.
"Як прадстаўнікі расійскай фірмы, так і нашы вайскоўцы па іх рэкамендацыі, падвяргалі зарады абразанню, абкочвалі іх аб цвёрдую паверхню, каб яны змясціліся. Нам трэба будзе высветліць тэхнічныя прычыны выбуху: гэтыя дзеянні прывялі да выбуху", — сцвярджае Наскевіч.
Раней кіраўнік СК таксама заяўляў, што частка вырабаў былі з прамінулым тэрмінам прыдатнасці.
У рамкай крымінальнай справы будзе праведзены следчы эксперымент. Таксама следчыя правяраюць, як закуплялі феерверачныя вырабы, чаму Міністэрства абароны працяглы час купляла піратэхніку ў аднаго пастаўшчыка і на якіх умовах. Два супрацоўнікі расійскай кампаніі-пастаўшчыка і два беларусы праходзяць падазраванымі па справе.
Мінабароны закупіла вырабы ў расійскай кампаніі "Пиро-Росс". Супрацоўнікі гэтай фірмы казалі, што падчас салюту ў Мінску выкарыстоўваліся феерверкі 2017 года выпуску. Кампанія пастаўляе сваю прадукцыю Мінабароны Беларусі шмат гадоў, сума кантракту — больш за 300 тысяч долараў.

Паводле euroradio.fm