Загад — душыць СМІ

Вышэйшы гаспадарчы суд адхіліў іск «Нашай нівы» да Міністэрства інфармацыі аб адмене папярэджання. Яно стала падставай для пачатку ліквідацыі газеты.



a3f61f3a8034cbfb5ecf0d785e750fb3.jpg

Вышэйшы гаспадарчы суд адхіліў іск «Нашай нівы» да Міністэрства інфармацыі аб адмене папярэджання. Яно стала падставай для пачатку ліквідацыі газеты.

Суддзя Алена Маёрава фактычна дала зялёнае святло гэтаму працэсу. Яна вынесла 30 мая рашэнне пакінуць у сіле папярэджанне Міністэрства інфармацыі за артыкул «Дзяўчына знаходзілася пад заваламі, калі Лукашэнка ўскладаў кветкі» («НН» № 14 ад 13 красавіка). Аднак «Наша ніва» скарыстаецца яшчэ магчымасцю абскардзіць гэту судовую пастанову ў касацыйнай калегіі Вышэйшага гаспадарчага суда (ВГС).
Міністэрства інфармацыі падала іск у ВГС і аб спыненні выпуску «Народнай волі». Вытворчасць па гэтай справе таксама прыпынена ў сувязі з тым, што газета падала скаргу на вынясенне ёй папярэджання.
Для абедзвюх газет гэта ўжо не першыя папярэджанні ад Міністэрства інфармацыі за год. Паводле арт. 51 п. 2.2. закона «Аб СМІ», вынясенне на працягу года двух і больш папярэджанняў можа пацягнуць за сабой судовае спыненне выпуску СМІ.
Мінінфармацыі адзначыла, што апошняе папярэджанне «Наша ніва» атрымала за распаўсюд «непраўдзівай інфармацыі аб тым, што адна з ахвяраў тэракту 11 красавіка нібыта знаходзілася на станцыі да позняга вечара».
Як патлумачылі журналісты, дзве вартыя даверу крыніцы незалежна адна ад другой пацвердзілі, што Марына Шубіч трапіла з метро ў шпіталь познім вечарам. А лекары і афіцыйныя асобы гэта абвяргаюць. Дзяўчына, паводле запісаў у прыёмным пакоі, была ў бальніцы ўжо а 18.30. На наступны дзень выданне размясціла на сваім сайце і гэту афіцыйную інфармацыю. Аднак міністэрства вырашыла, што першая публікацыя нанесла шкоду грамадскім інтарэсам і дыскрэдытавала органы дзяржаўнай улады.
«Народнай волі» Міністэрства інфармацыі вынесла папярэджанне за артыкул Святланы Калінкінай «Говорит и показывает «Геббельс-ТВ». Ён прысвечаны выхаду на Першым канале БТ фільма «Плошча. Железом по стеклу». Па меркаванні міністэрства, газета распаўсюдзіла звесткі, якія не адпавядаюць рэчаіснасці і ганьбяць дзелавую рэпутацыю Белтэлерадыёкампаніі.
«Аўтар, на наш погляд, правёўшы паралелі паміж СМІ дэмакратычнай дзяржавы, якой з’яўляецца Беларусь, і СМІ нацысцкай Германіі, наўмысна мела на мэце зняславіць дзелавую рэпутацыю вядомай тэлерадыёкампаніі», — лічыць афіцыйнае БТ. Іск да рэдакцыі газеты з боку Белтэлерадыёкампаніі Вышэйшы гаспадарчы суд задаволіў 13 красавіка.
«Ясна адно: прынятае палітычнае рашэнне, ёсць заданне ад кіраўніка дзяржавы», — пракаментавала сітуацыю Жана Літвіна, старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў. Яна адзначыла, што ў апошніх публічных выказваннях Лукашэнка прадэманстраваў поўную нецярпімасць да незалежных СМІ. «Абсалютна зразумела, што далей усе органы дзяржаўнага кіравання падпарадкаваныя выкананню гэтага палітычнага рашэння», — заявіла кіраўнік БАЖ.