Захраслым на беларуска-польскай мяжы мігрантам перадалі гуманітарную дапамогу ад ААН і Чырвонага Крыжа

Ужо больш за тры тыдні на беларуска-польскай мяжы недалёка ад польскага горада Уснаж-Гурны ў Падляскім ваяводстве жывуць 32 мігранты з Афганістана. Сёння прадстаўнікі ўпраўлення Вярхоўнага Камісара ААН па справах бежанцаў і Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа перадалі ім гуманітарную дапамогу. Пра гэта паведаміў дзяржаўны памежны камітэт Беларусі. У Беларусі сцвярджаюць, што мігранты знаходзяцца на тэрыторыі Польшчы. У Польшчы ж гавораць пра тое, што мігранты жывуць на тэрыторыі Беларусі.

Фота: Дзяржаўны памежн камітэт Беларусі

Фота: Дзяржаўны памежн камітэт Беларусі


«Нягледзячы на тое, што група размяшчаецца на тэрыторыі Польшчы, Дзяржпамежкамітэт праявіў добрую волю і палічыў неабходным прапусціць у памежную паласу прадстаўнікоў Упраўлення Вярхоўнага Камісара ААН па справах бежанцаў і Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа. Гэта зроблена для таго, каб яны змаглі пакінуць на лініі мяжы прадметы першай неабходнасці для ўцекачоў з Афганістана, бо польскі бок ад сябе блакуе доступ да лагера прадстаўнікоў праваабарончых арганізацый і СМІ», — распавялі ў ДПК.
Гуманітарная дапамога УВКБ ААН і БТЧК улічвае просьбы бежанцаў і ўключае ў сябе прадуктовыя наборы: пітную ваду, тушонку, рыбныя кансервы, печыва, наборы са сродкамі гігіены, цёплае адзенне, дажджавікі і ваўняныя коўдры.
«Беларускае памежнае ведамства лічыць, што польскі бок абавязаны прыняць усе неабходныя меры для вырашэння сітуацыі, дапусціць да бежанцаў міжнародныя праваабарончыя і гуманітарныя арганізацыі, а таксама разгледзець прашэнні аб прадастаўленні статусу бежанца або прытулку, як гэта ўстаноўлена еўрапейскім і міжнародным заканадаўствам», — адзначылі ў Дзяржпамежкамітэце.
Польшча паспрабавала накіраваць ім гуманітарную дапамогу, але Беларусь адмовілася яе прымаць. У МЗС Беларусі назвалі адпраўку гуманітарнай дапамогі польскім бокам мігрантам «мультымедыа-прадстаўленнем».
Упраўленне Вярхоўнага камісара ААН па справах бежанцаў (UNHCR) заклікала Польшчу прыняць гэтых бежанцаў.
«Польшча цалкам выконвае Канвенцыю аб статусе бежанцаў і выконвае яе палажэнні ў цяперашняй сітуацыі. У той жа час мы чакаем, што Беларусь як удзельнік канвенцыі выканае ўзятыя на сябе абавязацельствы і акажа адпаведную дапамогу людзям, якія знаходзяцца на іх тэрыторыі. У гэтым кантэксце мы спадзяёмся, што ўдзел офіса УВКБ ААН у Мінску будзе спрыяць намаганням беларускіх улад па аказанні дапамогі тым, хто мае патрэбу», — адказалі на гэта ў МЗС Польшчы.
А прэм'ер-міністр Польшчы Матэвуш Маравецкі заявіў, што прыняцце гэтых людзей будзе азначаць, што Польшча паддалася ціску з боку рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. Ён параіў уцекачам, якія знаходзяцца на беларускай тэрыторыі: калі хто-небудзь хоча падаць заяву на атрыманне прытулку, то павінен рабіць гэта ў Мінску.