Польскі ўрад: На тэрыторыі Беларусі знаходзяцца 10 тысяч мігрантаў, што жадаюць перасекчы мяжу ЕС
У сувязі з гэтым на польска-беларускай мяжы неабходныя надзвычайныя меры, лічыць прэс-сакратар польскага ўрада Пётр Мюлер.
— Хутчэй за ўсё, план быў такі, каб усе гэтыя асобы разам перасеклі межы Польшчы, Латвіі, Літвы, то бок мяжу Еўрасаюза. Нас цешыць, што Еўракамісія і іншыя краіны-члены падтрымліваюць нас па справе ўзмацнення аховы межаў, — цытуе прэс-сакратара «Наша Ніва» са спасылкай на Польскае радыё.
Нагадваем, у сувязі з ростам колькасці мігрантаў на польска-беларускай мяжы ўчора ўрад звярнуўся да прэзідэнта Польшчы з просьбай увесці надзвычайнае становішча ў памежных рэгіёнах Люблінскага і Падляшскага ваяводстваў. Надзвычайнае становішча закране 115 населеных пунктаў у Падляшскім і 68 у Люблінскім ваяводствах.
Польскія СМІ пішуць, што прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда падпіша распараджэнне аб увядзенні надзвычайнага становішча на мяжы з Беларуссю 2 верасня.
Першапачаткова меркавалася, што ён паставіць подпіс 1 верасня. Як неафіцыйна заяўляе Wirtualna Polska са спасылкай на Бюро нацыянальнай бяспекі (БНБ), прычынай пераносу падпісання з’яўляецца гадавіна пачатку Другой сусветнай вайны.