Краіны ЕС адмовіліся прыняць афганскіх бежанцаў
Аніводная з краін Еўрасаюза не пагадзілася прыняць бежанцаў з Афганістана, заявіў на форуме па стратэгічнай бяспецы ў Славеніі старшыня Еўрапейскага парламента Давід Сасолі.
«Мы бачылі шмат краін па-за межамі Еўрапейскага саюза, якія пайшлі насустрач афганскім просьбітам прытулку і віталі іх, але мы не бачым ні адной краіны ЕС, якая б зрабіла тое ж самае», — сказаў кіраўнік парламента ЕС.
Паводле слоў Сасолі, краіны ЕС пры эвакуацыі вывозілі афганцаў, якія супрацоўнічалі з імі, і іх сем'і, «але ні ў каго не хапіла смеласці прапанаваць прытулак тым, чыё жыццё ўсё яшчэ знаходзіцца ў небяспецы».
Савет ЕС напярэдадні, 31 жніўня, заявіў, што не дапусціць «масавай нелегальнай міграцыі» з Афганістана ў Еўропу. У ЕС таксама паабяцалі «зрабіць усё магчымае, каб сітуацыя ў Афганістане не прывяла да новых пагроз бяспецы еўрапейскіх грамадзян», гаворыцца ў заяве савета.
Нагадаем, пасля таго, як «Талібан» усталяваў кантроль амаль над усёй тэрыторыяй Афганістана, многія жыхары паспрабавалі пакінуць краіну. Паколькі талібы кантралявалі ўсе наземныя памежныя пераходы, адзіным спосабам з'ехаць застаўся аэрапорт. У выніку сотні афганцаў прарваліся на лётнае поле, спрабуючы заняць месца ў самалётах. Некаторыя чапляліся за шасі вайсковага самалёта ЗША, некалькі чалавек загінулі.