Трыбунал у Гаазе абавязаў улады Беларусі кампенсаваць інвестару больш за 20 мільёнаў долараў
Міжнародны арбітражны трыбунал у Гаазе абавязаў Беларусь выплаціць амаль 22,5 млн долараў расійскаму інвестару за экспрапрыяваную маёмасць і парушэнне стандарту справядлівага абыходжання ў справе «Манолиум-Процессинг» супраць Беларусі.
Гэта першае рашэнне з удзелам Беларусі ў інвестыцыйным арбітражы, вынік якога з’явіўся ў публічным доступе, піша Радыё Свабода.
У 2017 годзе расійская кампанія ТАА «Манолиум-Процессинг» ініцыявала арбітражны разгляд супраць Беларусі на падставе Дамовы аб Еўразійскім эканамічным саюзе. Яна патрабавала кампенсаваць наўпроставую шкоду і страчаную выгаду на суму больш за 200 млн долараў (пасля пазоўнік зменшыў патрабаванні прыблізна да 176 млн долараў).
Сутнасць патрабаванняў зводзілася да таго, што ў 2003 годзе кампанія заключыла інвестыцыйную дамову з Мінскім гарвыканкамам на забудову зямельнага ўчастку ў цэнтры сталіцы. У якасці платы за атрыманне такога права да сярэдзіны 2011 года расійцам трэба было ўзвесці некалькі камунальных аб’ектаў.
Аднак, як тлумачыла сітуацыю Міністэрства эканомікі Беларусі, шматлікія парушэнні з боку ТАА «Манолиум-Процессинг», выкліканыя «нядбайным стаўленнем да нацыянальнага заканадаўства», прывялі да таго, што інвестар страціў ранейшае права на будаўніцтва.
У 2014 годзе Эканамічны суд Мінска вынес рашэнне скасаваць інвестыцыйную дамову. Спрэчкі бакоў доўжыліся яшчэ працяглы час, хоць зямельны ўчастак ужо перадалі іншаму забудоўніку. Паводле расійскага боку, камунальныя аб’екты былі ўзведзеныя, а дзяржорганы адмовіліся выплаціць кампенсацыю выдаткаў.
Сёлета ў чэрвені склад арбітражу, створаны для разгляду гэтай справы, прызнаў у адпаведнасцi з Дамовай аб Еўразійскім эканамічным саюзе толькі заявы пазоўніка, звязаныя з рашэннямі беларускіх судоў пасля 2015 года і перадачай зямельнага ўчастку ў раёне плошчы Перамогі іншаму інвестару (цяпер тут група А-100 узводзіць жылы комплекс «Дэпо»).
Патрабаванне «Манолиум-Процессинг» пакрыць страчаную выгаду, звязаную са стратай права на зямельны ўчастак у цэнтры Мінска, склад арбітражу прызнаў беспадстаўнымі, а ў сумах патрабаванняў пагадзіўся з пазіцыяй Рэспублікі Беларусь.
Эканамічнае ведамства ўдакладняе, што пэўныя пазіцыі беларускага права не дазвалялі дзяржаўным органам выплаціць ТАА «Манолиум-Процессинг» кампенсацыю за яго выдаткі на будаўніцтва камунальных аб’ектаў, паколькі беларуская дачынная кампанія «пастаянна парушала ўнутранае заканадаўства і да 2016 году загразла ў падатковых абавязках і штрафах».
Склад арбітражу пастанавіў пакрыць пазоўніку сродкі, выдаткаваныя на будаўніцтва камунальных аб’ектаў у памеры, вызначаным кантрольна-рэвізійным упраўленнем Міністэрства фінансаў Беларусі: блізу 19 мільёнаў долараў або 12% ад агульнай сумы першапачатковых патрабаванняў. Аднак лішніх грошай у бюджэце так і не знайшлося, пацярпелы бок не атрымаў нават гэтай сумы.
Не дачакаўшыся справядлівага разбіральніцтва, расійская кампанія падала пазоў у Міжнародны арбітражны трыбунал у Гаазе. Вердыкт — кампенсаваць укладзеныя выдаткі з улікам дадатковых расходаў на арганізацыю працэсу.
Паводле экспертаў, яшчэ як мінімум дзве эканамічныя справы супраць Беларусі разглядаюцца іншымі міжнароднымі трыбуналамі.