Міхаіл Кірылюк: Ужо ёсць падставы для стварэння трыбунала
У Нюрнбергу «Народнае антыкрызіснае ўпраўленне» рыхтуе адмысловую канферэнцыю.
У «горадзе, які добра ведае, што такое міжнародны трыбунал над злачынцамі» — у Нюрнбергу — «Народнае антыкрызіснае ўпраўленне» рыхтуе адмысловую канферэнцыю. Сярод удзельнікаў — адвакаты, палітыкі, праваабаронцы і прадстаўнікі дэмакратычных сіл Беларусі. Пытанне адназначнае: механізмы, якія дапамогуць прызнаць грамадзяніна Лукашэнку тэрарыстам і прыцягнуць да адказнасці вінаватых у катаваннях.
Падрабязнасці ў эфіры «Бедарускае Радыё Рацыя» паведаміў адказны па пытаннях юстыцыі ў НАУ Міхаіл Кірылюк:
— Восенню 2020 года дакладчык АБСЕ напісаў у сваім дакладзе, што Беларусь дасягнула таго ўзроўню прававога бязмежжа, дзе ўжо ёсць падставы для стварэння такога ж трыбунала па злачынствах супраць чалавецтва ў Беларусі. Міжнародная супольнасць у гэтым кірунку не вельмі далёка прасунулася. Для падняцця гэтага пытання, для прыцягнення ўвагі на міжнародным узроўні — прэсы, палітыкаў, юрыстаў — мы і збіраем гэтую канферэнцыю.
НАУ абвяшчае пра арганізацыю канферэнцыі, мэта якой — паскорыць працу па прызнанні грамадзяніна Лукашэнкі тэрарыстам і прыцягненні да адказнасці вінаватых у катаваннях у межах універсальнай юрысдыкцыі. Канферэнцыя мае адбыцца ў нямецкім горадзе Нюрнбергу.