Заява Zerkalo.io: Расцэньваем рашэнне суда як фактычнае забойства журналістыкі і спробу сцерці гісторыю

13 жніўня суд у Мінску абвясціў экстрэмісцкімі матэрыялы Zerkalo.io — усяго праз месяц пасля запуску пляцоўкі. Акрамя таго, пад забарону трапіла ўсё, што апошнія 20 гадоў рабіў TUT.BY — найбуйнейшае медыя краіны.

zerkalo__8661.jpg

Гісторыя незалежнай Беларусі, апісаная журналістамі ў матэрыялах, фота і відэа, цяпер аб'яўлена па-за законам.
Да гэтага часу застаецца загадкай, ці існуе экспертыза матэрыялаў Zerklalo.io, на аснове якой беларускі суд звычайна прымае рашэнне аб прызнанні чаго-небудзь экстрэмісцкім. Нагадаем, што лёс як мінімум 720 тысяч матэрыялаў на партале TUT.BY вызначыла экспертыза, якая змясцілася на нейкіх 70 старонках.
Нічога, акрамя абурэння і болю, гэтае рашэнне ў нас не выклікае.
Мы абсалютна ўпэўненыя, што каманда Zerkalo.io, як і ў мінулым каманда партала TUT.BY (гэта каля 260 чалавек), рабілі і працягваюць рабіць жыццё ў Беларусі лепшым. Упэўненыя, што журналісты заслужылі словы падзякі за сваю працу, а не пераслед.
Мы лічым сённяшняе рашэнне суда незаконным. І расцэньваем яго як фактычнае забойства журналістыкі ў Беларусі і спробу сцерці гісторыю.
Верым, што адкрыты доступ да інфармацыі і сумленнае абмеркаванне праблем робіць грамадства лепш і мацней. Без гэтага пад пагрозай аказваецца дабрабыт усёй краіны.
У гадавіну з дня смерці Юрыя Зісера яго стварэнне, партал TUT.BY, улады проста растапталі. Але нельга знішчыць каштоўнасці, якімі жылі «тутбаеўцы» — менавіта так з гонарам называлі сябе тыя, хто ў розны час быў часткай каманды. «З дапамогай інфармацыйных тэхналогій зрабіць свет лепшым», — гэта была місія, якую шмат гадоў таму сфармуляваў Юрый Анатольевіч.
Для «тутбаеўцаў» (няважна, цяперашніх, у зняволенні або былых супрацоўнікаў) чытачы заўсёды былі на першым месцы. Менавіта для іх, а не для кагосьці іншага, журналісты рабілі сваю працу, распавядаючы кожны дзень пра тое, чым жывуць і пра што трывожацца беларусы.
На самой справе, гэта гісторыя пра людзей. Гэта мільёны чытачоў, якія стаяць за журналістамі і натхняюць працягваць справу. Таму ўжо мы, каманда Zerkalo.io, працягваем расказваць пра падзеі ў краіне — і гаворым дзякуй кожнаму з вас за падтрымку.
З 2020 года працаваць журналістам у Беларусі стала асабліва небяспечным. Дзясяткі нашых калег затрымлівалі, судзілі, саджалі. Але яны прымалі гэтыя рызыкі дзеля чытачоў і сваёй веры ў прафесію. Мы падзяляем гэтыя ж каштоўнасці.
Напярэдадні знішчэння ўладамі TUT.BY і арышту 15 чалавек галоўная рэдактарка ​​партала Марына Золатава ў адным з інтэрв'ю сказала: «Мы свой выбар зрабілі, калі вырашылі менавіта ў гэтай краіне займацца журналістыкай. І займацца менавіта так, як мы ёй займаемся, — то-бок распавядаць сумленна пра тое, што адбываецца ў краіне».
Мы ганарымся нашымі былымі калегамі. І мы таксама зрабілі свой выбар: Zerkalo.io працягне распавядаць пра тое, што адбываецца ў Беларусі.