Закон і яго выкананне

Генеральны пракурор Беларусі Рыгор Васілевіч прыехаў у Нацыянальны прэс-цэнтр 20 ліпеня, каб зрабіць справаздачу пра вынікі дзейнасці свайго ведамства за апошнія шэсць месяцаў. Але кіраўніку Генпракуратуры не ўдалося пазбегнуць адказаў на вострыя пытанні, якія цікавяць грамадства.

Спачатку галоўны пракурор краіны, як і належыць высокапастаўленаму беларускаму чыноўніку, амаль паўгадзіны распавядаў пра дасягненні.

Генеральны пракурор Беларусі Рыгор Васілевіч прыехаў у Нацыянальны прэс-цэнтр 20 ліпеня, каб зрабіць справаздачу пра вынікі дзейнасці свайго ведамства за апошнія шэсць месяцаў. Але кіраўніку Генпракуратуры не ўдалося пазбегнуць адказаў на вострыя пытанні, якія цікавяць грамадства.
Спачатку галоўны пракурор краіны, як і належыць высокапастаўленаму беларускаму чыноўніку, амаль паўгадзіны распавядаў пра дасягненні.
Напрыклад, у Беларусі, па словах Рыгора Васілевіча, за першае паўгоддзе бягучага года на 14% скарацілася агульная колькасць злачынстваў параўнальна з адпаведным перыядам года мінулага. На 8,8% менш стала забойстваў, што не можа не радаваць шараговага беларуса. Цікавым фактам стала і тое, што Беларусь займае першае месца ў СНД па раскрывальнасці злачынстваў — 65%! Гэта, як падкрэсліў генпракурор, супастаўляльна з Японіяй, а іншыя развітыя краіны кшталту Германіі і некаторых іншых па гэтым паказчыку знаходзяцца за намі. Як адзначыў Рыгор Васілевіч, толькі ў пазасудовым парадку пракурорскім працаўнікам удалося кампенсаваць матэрыяльныя страты ў бюджэт на 62 мільярды рублёў.
Аднак многіх журналістаў, якія прысутнічалі на прэс-канферэнцыі, цікавілі іншыя пытанні. Асабліва што тычацца іх магчымасцяў выканання прафесійных абавязкаў падчас вулічных акцый. Падчас несанкцыянаваных мерапрыемстваў у розных рэгіёнах Беларусі невядомыя асобы ў цывільным, не прадстаўляючыся, перашкаджалі працы журналістаў, хапалі іх, псавалі дарагую прафесійную тэхніку, затрымлівалі і дастаўлялі карэспандэнтаў як беларускіх, так і замежных СМІ ў пастарункі. Ад дзеянняў такіх «праваахоўнікаў» пацярпелымі толькі крыху больш за месяц апынуліся амаль дзевяноста журналістаў, некаторыя нават прайшлі праз адміністратыўныя арышты.
13 ліпеня трыццаць журналістаў накіравалі зварот да генпракурора і міністра ўнутраных спраў (з копіямі старшыні Вярхоўнага суда і міністру інфармацыі) з патрабаваннем даць адказы, хто нападае на карэспандэнтаў пры выкананні імі прафесійных абавязкаў і рэдакцыйных заданняў, а таксама пакараць вінаватых у супрацьзаконных дзеяннях. Рыгор Васілевіч адзначыў, што Генпракуратура аператыўна адрэагавала на зварот, і ўжо 15 ліпеня кіраўніцтву Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі быў накіраваны адпаведны ліст за подпісам генеральнага пракурора.
«У лісце я падкрэсліў, што ёсць Закон «Аб сродках масавай інфармацыі», што ёсць правы журналістаў, гарантаваныя артыкулам 34 Закона «Аб СМІ». Я ў лісце адзначыў, што правы журналістаў не павінны парушацца. Правы журналістаў павінны выконвацца, і гэта даўно павінна было ўвайсці ў практыку і стаць добрай традыцыяй. Я нават лічу, што прысутнасць на акцыях журналістаў можа змусіць супрацоўнікаў праваахоўных органаў дзейнічаць больш карэктна. Але і я вас заклікаў бы не перашкаджаць праваахоўнікам пры выкананні імі службовых абавязкаў», — сказаў генеральны пракурор Рэспублікі Беларусь.
Адносна жорсткіх дзеянняў невядомых асоб у цывільным падчас акцый маўклівага пратэсту генпракурор заўважыў, што, па-першае, супрацоўнікі органаў унутраных спраў павінны быць у форме, але могуць быць і выключэнні ў залежнасці ад задач, якія перад імі ставяцца. «Яны мусяць папярэджваць, што парушаецца парадак, калі ён насамрэч парушаецца. Калі яны не ў форме, то, прынамсі, вы павінны ведаць, хто выстаўляе вам патрабаванні», — сказаў галоўны пракурор Беларусі.
Па словах Рыгора Васілевіча, зараз вядзецца праверка наконт гвалтоўных дзеянняў у дачыненні да журналістаў падчас вулічных акцый. Тым не менш, прысутныя на прэс-канферэнцыі так і не пачулі канкрэтнага адказу генпракурора на галоўнае пытанне: якую структуру прадстаўляюць невядомыя ў цывільным, што ажыццяўляюць гвалтоўныя затрыманні як журналістаў, так і простых грамадзян.
Што да расследавання тэракту на станцыі метро «Кастрычніцкая», то Рыгор Васілевіч паведаміў, што абодва падазраваных — Канавалаў і Кавалёў — 14 ліпеня ўжо пачалі знаёміцца з матэрыяламі справы, ім для гэтага па закону адведзены месяц. Супраць службовай асобы, па віне якой у 2008 годзе былі страчаны адбіткі пальцаў аднаго з фігурантаў справы, заведзена крымінальная справа.
Цікавіла журналістаў і справа па трагедыі на «Пінскдрэве», у выніку якой загінулі людзі. «Па Арынічу (былы генеральны дырэктар прадпрыемства — заўв. Г. К.). Наколькі я ведаю, ён зараз знаходзіцца ў Польшчы. У вышук яго не абвяшчалі, бо пакуль няма звестак, што ён ухіляецца ад яўкі. Што тычыцца выстаўлення абвінавачання, то я не магу проста сказаць, каму яно будзе выстаўлена. Але некалькім чалавекам, відаць, яно будзе прад’яўлена», — сказаў Рыгор Васілевіч.
На пытанне, што чуваць пра асоб, якія 19 снежня 2010 года, яшчэ да завяршэння прэзідэнцкіх выбараў, збівалі экс-кандыдата на пасаду кіраўніка дзяржавы Уладзіміра Някляева, то зразумелага адказу ад генпракурора таксама не прагучала. Паводле Васілевіча, праверку ажыццяўляе пракуратура горада Мінска. «Пасля завярэння праверкі і па яе выніках будзе прынята адпаведнае рашэнне», — запэўніў Рыгор Васілевіч.