Замест 540 рублёў штрафу жыхарка Лельчыц страціла 800 долараў

 Ці маюць права судовыя выканаўцы спаганяць штрафы з безадзыўных рахункаў?

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева


Прыкрая гісторыя адбылася з жыхаркай пасёлка Лельчыцы Гомельскай вобласці Аленай Ляшчынскай. Жанчыну аштрафавалі за ўдзел у пратэстах. Частку штрафа яна сплаціла, а потым трапіла ў шпіталь з каронавірусам. Тым часам судовыя выканаўцы спісалі грошы з яе безадзыўнога банкаўскага рахунка, і ў выніку назапашаныя за тры гады працэнты згарэлі.

Пра спісанне грошай даведалася выпадкова

У кастрычніку Алену Ляшчынскую аштрафавалі на 20 базавых велічынь за выхад у цэнтр горада, які палічылі ўдзелам у несанкцыянаванай масавай акцыі. Разам з Аленай на 5 базавых аштрафавалі і яе 17-гадовую дачку, але той на пасяджэнні камісіі па справах непаўналетніх дазволілі выплаціць спагнанне цягам паўгода.
Калі ж прыйшоў час сплачваць штраф Алене, яна раптоўна захварэла на каронавірус і трапіла ў бальніцу. Што праўда, яна паспела пагасіць частку спагнання — 200 рублёў, і заставалася яшчэ сплаціць 340. Але пакуль жанчына тры тыдні ачуньвала ад хваробы, судовыя выканаўцы без папярэджання знялі суму штрафа з яе безадзыўнога ўклада ў «Беларусбанку». Вастрыні сітуацыі дадало тое, што грошы на штраф спісалі ў апошні дзень, калі, паводле дамовы, гэтага нельга было рабіць — іначай згараюць усе назапашаныя працэнты. Такім чынам, замест 540 рублёў штрафу жанчына згубіла 800 долараў ЗША.
— Яны знялі 4-га снежня, а 5-га ў мяне заканчваўся тэрмін, калі нельга здымаць грошы. Каб яны знялі 5-га, гэтыя працэнты ў мяне б засталіся. Але каб так нахабна: я не магу ўлезці ў свой уклад, а яны могуць. Хоць бы папярэдзілі! — абураецца Алена Ляшчынская.
Аб тым, што грошы знялі, яна даведалася выпадкова, калі 7-га снежня прыйшла пераафармляць уклад. Яна перакананая, што гэта было зроблена спецыяльна: банк ведаў пра ўмовы безадзыўнога ўкладу і павінен быў паведаміць аддзелу прымусовага выканання.
— Грошы ляжалі тры гады, усё жыццё збірала дзецям на вучобу… Так крыўдна! Каб не гэтая хвароба, я б усё заплаціла, але ж у мяне было двухбаковае запаленне лёгкіх, тады было не да штрафаў, — бядуе спадарыня Алена.
Што праўда, калі яна хварэла, ён прыйшло паведамленне з аддзела прымусовага выканання, што па яе штрафе пачынаюць вытворчасць. Тады жанчына падумала, што, магчыма, да яе могуць прыйсці канфіскоўваць маёмасць, але ў яе нават думкі не было, што могуць крануць безадзыўны ўклад.
Спадарыня Алена адна выхавала дзвюх дачок, старэйшая ўжо вучыцца і працуе, малодшая таксама вось-вось пойдзе ў дарослае жыццё. Алена — індывідуальная прадпрымальніца, у яе на мясцовым рынку гандлёвы павільён, але продажаў, прызнаецца яна, цяпер зусім мала.

Што кажуць у банку і аддзеле прымусовага выканання?

Па тлумачэнні Алена Ляшчынская звярнулася ў аддзяленне «Беларусбанка». Там спаслаліся на тое, што грошы з рахунка здымаюцца праз аўтаматызаваную інфармацыйную сістэму выканання грашовых абавязальніцтваў (АІС ВГА). 4 снежня ў банк паступіў электронны дакумент АІС ВГА з запытам аб наяўнасці на грашовых рахунках Алены Ляшчынскай сродкаў для спагнання аддзелам прымусовага выканання Лельчыцкага раёна. У той жа дзень банк спісаў грошы. На думку намесніка начальніка Гомельскага абласнога ўпраўлення «Беларусбанка», бясспрэчнае спісанне грашовых сродкаў на падставе плацежнай інструкцыі АІС ВГА не супярэчыць умовам заключанай паміж Аленай і банкам дамовы. Інфармаванне ўкладчыка аб такім спісанні дамовай таксама не прадугледжана. Адказнасць за неправамернасць накіравання плацежных патрабаванняў банк ускладае на патрабавальніка, то-бок, аддзел прымусовага выканання.

Ілюстрацыйнае фота. Дзмітрый Дзмітрыеў

Ілюстрацыйнае фота. Дзмітрый Дзмітрыеў

У сваю чаргу начальнік упраўлення прымусовага выканання галоўнага ўпраўлення юстыцыі Гомельскага аблвыканкама на запыт Алены Ляшчынскай адказаў, што 24 лістапада была распачата выканаўчая вытворчасць, адпаведную пастанову жанчына атрымала 28 лістапада і не абскардзіла яе ва ўстаноўленым парадку. Паколькі сума штрафа цалкам пагашана не была, судовы выканаўца пастанавіў спісаць з рахункаў Алены 374 рублі (з улікам прымусовага збору). Таксама ў адказе напісана, што ў законе «Аб выканаўчай вытворчасці» вызначаны пералік грашовых сродкаў, на якія не можа быць звернута спагнанне, банкаўскія ўклады, у тым ліку безадзыўныя, у яго не ўваходзяць.

Што кажа закон?

Сапраўды, у пераліку маёмасці, на якую не можа быць звернута прымусовае спагнанне штрафу, безадзыўнога ўкладу няма.
Тэрміны і парадак выканання пастановы аб накладанні адміністрацыйнага спагнання ў выглядзе штрафу прапісаныя ў арт. 15.3 ПВКаАП. Так, у частцы 4 гэтага артыкула сказана: «Пры нявыплаце штрафу фiзiчнай асобай у тэрмiн, прадугледжаны часткай 1 гэтага артыкула, орган, які вядзе адміністрацыйны працэс, якi вынес пастанову аб накладанні адміністрацыйнага спагнання, мае права накіраваць гэтую пастанову па вядомым месцы атрымання такой асобай заработнай платы i прыраўнаваных да яе даходаў для спагнання сумы штрафу».
У Інструкцыі па выканаўчай вытворчасці сказана: «Спагнанне грашовых сродкаў з рахункаў, укладаў (дэпазітаў) даўжнiка ў банку і (або) нябанкаўскай крэдытна-фінансавай арганізацыі праводзiцца ў бясспрэчным парадку з залічэннем іх на рахунак органа прымусовага выканання. Пры гэтым спагнанне грашовых сродкаў адбываецца ў адпаведным памеры з улікам раней спагнанай сумы па выканаўчым дакуменце.
Спісанне грашовых сродкаў у бясспрэчным парадку дапускаецца з рахункаў даўжніка, прызначаных для ўліку грашовых сродкаў, якімі плацельшчык мае права распараджацца, у выпадку, калі такое спісанне не супярэчыць рэжыму рахунку.
Для спісання грашовых сродкаў судовы выканаўца накiроўвае ў аўтаматызаваную інфармацыйную сістэму выканання грашовых абавязацельстваў аплатнае патрабаванне ў парадку, устаноўленым банкаўскім заканадаўствам.
Для спісання грашовых сродкаў судовы выканаўца прад'яўляе аплатнае патрабаванне разам з выканаўчым дакументам у банк і (або) нябанкаўскую крэдытна-фінансавую арганізацыю ў парадку, устаноўленым банкаўскім заканадаўствам.
Пры наяўнасцi ў даўжнiка некалькіх бягучых (разліковых) банкаўскіх рахункаў судовы выканаўца мае права вынесці пастанову аб звароце спагнання на грашовыя сродкі даўжніка, якія знаходзяцца на рахунках у банку і (або) нябанкаўскай крэдытна-фінансавай арганізацыі, электронныя грошы ў электронных кашальках у аб'ёме, неабходным для выканання патрабаванняў, якія змяшчаюцца ў выканаўчым дакуменце, спагнанні (утрыманні) расходаў па выкананні выканаўчага дакумента і прымусовага збору. Пастанова аб звароце спагнання на грашовыя сродкі даўжніка, якія знаходзяцца на рахунках у банку і (або) нябанкаўскай крэдытна-фінансавай арганізацыі, электронныя грошы ў электронных кашальках з'яўляецца выканаўчым дакументам».