Пракурор апратэставаў рашэнне суда аб спыненні справы віцяблянак за «пікет у лесе»

В.а. пракурора Віцебска Кірыл Дубаў прынёс пратэст на рашэнне суду Першамайскага раёну, які 19 студзеня спыніў адміністрацыйную справу ў дачыненні Таццяны Севярынец і Алены Касновай. Іх вінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным пікетаванні ў лесе пад Віцебскам. Суддзя Вераніка Барысава скасавала тую справу праз недаказанасць віны.

125e4605764911a65f000c422ece37a5_xl.jpg


«Выснова аб недаказанасці віны згаданых асобаў ва ўчыненні адміністрацыйнага правапарушэння была зробленая заўчасна, без належнага даследавання абставінаў правапарушэння», – гаворыцца ў пратэсце пракуратуры, накіраванай у Віцебскі абласны суд.
Паводле пракурора Дубава, суддзя мусіла апытаць яшчэ сведкаў-міліцыянтаў, якія выязджалі ў лес, калі атрымалі «паведамленне аб учыненні правапарушэння» (Мілянцей, Ермаковіч, Барысаў), а таксама астатніх супрацоўнікаў АУС, якія «выбылі па выкліку на месца».

«Падчас даследавання доказаў у справе не выяўлена, хто з супрацоўнікаў АУС знайшоў бел-чырвона-белы сцяг, не ўстаноўленая ягоная прыналежнасць, не знятыя супярэчнасці ў тлумачэннях сведкаў аб месцы, дзе яго знайшлі, а таксама не знятыя супярэчнасці аб часе і працягласці знаходжання затрыманых на месцы ўчынення адміністрацыйнага правапарушэння», – пералічвае «заганы» суда пракуратура.

pratest_4_1.jpg

Пратэст пракурора мусіць разгледзець абласны суд: альбо адхіліць яго, альбо задаволіць і накіраваць справу Таццяны Севярынец і Алены Касновай на новы разгляд, піша vitebskspring.org.
Нагадаем, справу 19 студзеня разглядала суддзя Вераніка Барысава. Пасля скасавання справы яна прынесла жанчынам афіцыйныя прабачэнні. 20 студзеня суддзя Уладзімір Царыкаў (суд Кастрычніцкага раёна) з такой жа фармулёўкай («праз недаказанасць віны») спыніў справу яшчэ трох удзельніц так званага «пікета ў лесе» – Раісы Кухто, Людмілы Камінскай і Людмілы Валадкевіч. Але Царыкаў прабачэння не прасіў.
Пасля станоўчага рашэння ў дачыненні Севярынец і Касновай суддзя Вераніка Барысава адзначылася вельмі жорсткай пастановай аб пакаранні 13 віцяблян 30 студзеня – на працэсе, які адбываўся ў выходны дзень у будынку Першамайскага РАУС і працягваўся больш за 10 гадзін. Дзевяці чалавекам Барысава прызначыла арышт на 15 сутак. Па словах удзельнікаў працэсу, якія выйшлі на волю, міліцыянты ў гэтым выпадку таксама не мелі доказаў вінаватасці затрыманых, але суддзя, падобна, гэтым ужо не пераймалася.