31 студзеня ў Мінску затрымлівалі 13-гадовага акцёра, які граў у фільме маладога Купалу

У нядзелю сярод затрыманых аказаўся 13-гадовы Цімур Недзьведзь. Гэта акцёр, які ў фільме «Купала» граў Янку Купалу ў маладосці.

_81439fbc9e179854883a6f5adb8e2929_10yfg.png

Пра тое, што адбылося, «Нашай Ніве» расказаў бацька, рэжысёр Павел Недзьведзь, які быў з сынам у той дзень.

«Мы сустрэліся з Цімурам у абед на Кастрычніцкай. Ён ходзіць па нядзелях здымацца ў Крыжаноўскага, ужо на працягу двух гадоў. Пасля заняткаў зайшлі па гамбургер і збіраліся на вакзал — сын жыве з мамай у Заслаўі, трэба было пасадзіць на электрычку.

Па дарозе я сустрэў знаёмую, разгаварыліся. І раптам спыняецца бус, выходзяць дужыя хлопцы ў чорным і хапаюць гэту жанчыну. Узялі пасля малога: маўляў, ён таксама паедзе з намі. Кажу: я не аддам сына, ён непаўнагадовы. «А, зразумела, вы таксама праходзьце у бус», — апісвае Павел падзеі.

Унутры затрыманых запісалі на камеру. «Гэта відэавізітка», — жартаваў бацька з сынам. Іх доўга каталі па горадзе.

«Па рацыі ў супрацоўнікаў, якія ездзілі з намі, спыталі, якая ў іх загрузка, і сказалі браць групу на праспекце. «Колькі чалавек браць?» — «Колькі возьмеце», — прыводзіць дыялог Павел.

Так у бусе аказалася экскурсійная група. Пазней усіх завезлі ў Фрунзенскае РУУС.

Бацьку выклікалі першым. Апыталі, што здарылася, запісалі яго словы ў пратакол. Пасля абшукалі, забралі шнуркі, перапісалі рэчы. На гутарку яго выклікалі некалькі разоў розныя супрацоўнікі. Загадалі разблакаваць тэлефон, корпаліся ў перапісках (зачапіліся за сяброў з бел-чырвона-белымі стужкамі ў кантактах), дапытвалі, што яму не падабаецца ў гэтай краіне.

«Адзін з супрацоўнікаў казаў: «Мы шукаем актывістаў, усіх, хто незадаволены ўладай. Калі вы ведаеце такіх людзей, можаце паведаміць нам». Я адмовіўся».

Апытваць сына Павел не дазваляў, але калі вярнуўся да яго, убачыў, што ў Цімура правяралі тэлефон. Знайшлі ў кошыку фота з летняга марша і з ліфта, дзе вісела бел-чырвона-белая налепка. Нагняталі абстаноўку: «Дойдзе да таго, што сын пойдзе на барыкады і ўзарве цягнік».

Пасля доўгіх размоў Паўла адпусцілі. А сына павялі ў інспекцыю па справах непаўнагадовых. Разам з ім ужо была маці, якую па тэлефоне папрасілі прыехаць.

«Я ўвесь час падбадзёрваў сына. Але ён пасля гэтых апытанняў дрэнна сябе адчуваў, давялі хлопца. Калі ён прыехаў дадому, адразу лёг спаць. Не ведаю, ці з гэтай нагоды, але на наступны дзень увесь клас запаўняў анкеты, дзе дзеці пісалі, хто іх гадуе, у якіх умовах жывуць».

У панядзелак а 10-й вечара да Паўла дадому прыйшоў інспектар па справах непаўнагадовых, сказаў, што хлопца паставілі на ўлік. Цяпер візіт міліцыі чакаюць у Заслаўскую гімназію.