«Зараз у мяне праца, якая нашмат лепш». Актывістка, што перажыла звальненне па палітычных матывах, распавяла сваю гісторыю
На дзяржаўных прадпрыемствах, дзе збольшага ціснуць, свет клінам не сышоўся, а на прыватных спакойна глядзяць на палітычныя погляды і наадварот рады "сваім" людзям. Такую выснову зрабіла наша суразмоўца, аглядаючыся на выпадак звальнення з працы і тое, як яе жыццё развівалася пасля гэтага.
![23f154f9135508a4317f91b67a05e255.jpg 23f154f9135508a4317f91b67a05e255.jpg](/img/v1/images/23f154f9135508a4317f91b67a05e255.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
У апошнія некалькі месяцаў у Беларусі зрабіліся пашыранымі паведамленні пра звальненні людзей з працы, выкліканыя палітычнымі прычынамі. Але пераслед на працоўным месцы, дыскрымінацыя іншадумцаў і актывістаў ў працоўных адносінах, палітычныя звальненні альбо перашкоды ў пошуку працы для апазыцыйных актывістаў – з’ява для Беларусі не новая.
Ці можа досвед тых асобаў, што сутыкнуліся з гэтай формай пераследу, быць у нечым карысным для новых актывістаў, якія цяпер сутыкаюцца з гэтай формай рэпрэсіяў? Пра ўласны выпадак распавядае грамадская актывістка Таццяна Балабанская.
— Скажыце, калі вы сутыкнуліся з ціскам і дыскрымінацыяй па грамадзка-палітычнай прыкмеце напрацоўным месцы? Дзе і на якой пасадзе вы працавалі і ў чым гэты ціск выяўляўся? Ці вас звольнілі альбо прымусілі напісаць заяву пра дабраахвотны сыход? Магчыма – не перазаключылікантракт? Як вы старцілі працу?
— Я працавала інжынерам-радыёлагам у Маладэчанскім лясгасе. У 2010 годзе я балатавалася ў мясцовы савет дэпутатаў ад Партыі БНФ. Калі аднесла заяву на вылучэнне і праз паўгадзіны прыйшла дахаты, мне патэлефанавалі з працы і сказалі, што магу прыязджаць за працоўнай кніжкай. Я тады працавала замест жанчыны, якая была ў дэкрэце. І хоць на той момант яе дзіцё было яшчэ зусім маленькае, яе вызванілі, дамовіліся, быццам яна вяртаецца працаваць, і звольнілі мяне. Афіцыйна - па законе, але ж...
— У якой ступені гэтая сітуацыя стала псіхалагічным стрэсам для вас? Як вы ацэньваеце – ці было вам цяжка перажываць гэтую сітуацыю? У чым былі асноўныя цяжкасці, матэрыяльныя і душэўныя? Як вы увогуле тады выкручваліся ў той сытуацыі? Як гэтае звальненьне паўплывала на вашую грамадскую актыўнасць?
— Адразу я вельмі перажывала. Бо праца вельмі падабалася. Але грамадская дзейнасць стала больш актыўнай. І ў рэшце рэшт дзякуючы гэтаму я і знайшла новую працу, дзе на мяне не ціснуць у плане палітычных поглядаў.
— Ці былі публікацыі пра вашае звальненне ў СМІ? Альбо публікацыі на праваабарончых рэсурсах? Увогуле – як вы ацэньваеце, ці варта ў такіх выпадках публічыць сітуацыю і звяртацца за агалоскай у прэсу?
— Пра гэта пісалі мясцовыя СМІ, праваабаронцы размяшчалі інфармацыю на сайтах. Але сітуацыя ўскладнялася тым, што афіцыйна ўсе выглядала законна.
— Як вы ацэньваеце кантрактную сітсэму для ўстойлівасці рэжыму ў Беларусі? Раней часта можна чуць што гэта адзін з асноўных каналаў, каб трымаць людзей у баку ад пратэстаў – але за апошні год пратэсты павялічыліся істотна. Штосьці змянілася? Чаму раней людзі баяліся што не падоўжаць кантракт – а цяпер не баяцца?
— Я не думаю, што для людзей, якія маюць устойлівыя палітычныя погляды, кантракт можа быць стрымліваючым фактарам. Хто ўпэўнены, той не баіцца страціць працу і выходзіць на пратэсты. Усе залежыць ад чалавека.
— Ці атрымалася вам хутка знайсці новую працу ці новы занятак? Ці спатрэбілася перавучвацца альбо засвойваць новую кваліфікацыю? Ці давялося вам памяняць месца жыхарства альбо від дзейнасці?
— З працай атрымалася даволі хутка, але яна была зусім па іншай спецыяльнасці. Давялося памяняць кваліфікацыю.
— Хто альбо што вам найбольш дапамагала у сітуацыі страчанай працы – сям’я? паплечнікі па грамадскай ці палітычнай арганізацыі? Сябры? Мясцовае дэмакратычнае кам'юніці? Праваабаронцы? Замежныя фонды?
— Сям'я вельмі дапамагала, бо яна ў нас вялікая і дружная. Крыху дапамаглі і фонды. Але галоўным чынам дапамагла мясцовая грамадзянская супольнасць. Падчас грамадскага мерапрыемства на плошчы ў Маладэчне я пазнаёмілася з вялікай колькасцю людзей, і ў тым ліку і са сваёй цяперашняй начальніцай. І менавіта дзякуючы палітычным поглядам змагла знайсці новую працу.
— Па вашым досведзе: цяперашняя практыка звальненняў за палітыку, пра якую мы чытаем у СМІ, ці яна адрозніваецца ад ранейшай? Якім чынам?
— Па маіх назіраннях, усё адбываецца так, як і было раней. Для звальненняў выкарыстоўваюць розныя спосабы і метады. Толькі маштабы сталі большымі.
— На ваш погляд, каму складаней ў ситуацыі палітычна матываванага звальнення – моладзі, людзям сярэдняга ўзросту альбо перадпенсійным супрацоўнікам? Мужчынам ці жанчынам?
— Цяжэй тым, у каго няма дастаткова кваліфікацыі, а таксама тым, ад каго залежыць сям'я. То бок, тут справа не ва ўзросце ці полавай прыналежнасці, а ў канкрэтных жыццёвых абставінах людзей.
— Калі б вы маглі звярнуцца да самой сябе ў мінулае, ў часы вашага звальнення ці перад ім – што бы вы сабе параілі?
— Я часта думаю, што цяпер у мяне праца, якая падабаецца мне нашмат больш. І разумею, што усё склалася найлепшым чынам. Таму сабе магла б сказаць, што атрымалася толькі лепш. Не так даўно той мой лясгас прымусілі выконваць на відэа дзяржаўны гімн - і гэта выглядала вартым жалю. Я разумею, што дакладна не ўдзельнічала б у такім, то бок, нават калі б мяне не звольнілі тады - зараз звольнілі б дакладна. А таму усё, што ні робіцца, яно да лепшага.
— А што бы вы параілі людзям, якіх звальняюць з працы за палітыку ці ўдзел у пратэстах цяпер? Некаторыя з іх хочуць з’ехаць з краіны – што бы вы ім адказалі на такую ідэю?
— Галоўнае - не замыкацца ў чатырох сценах. Выходзіць, шукаць, проста камунікаваць з людзьмі. Пісаць у сацсетках, размаўляць са знаёмымі. Дзяліцца інфармацыяй пра тое, што здарылася. І не хаваць праўду. І раней, і асабліва зараз ёсць шмат месцаў, куды бяруць менавіта людзей з дэмакратычнымі палітычнымі поглядамі. На дзяржаўных прадпрыемствах, дзе збольшага ціснуць, свет клінам не сышоўся, а на прыватных спакойна глядзяць на палітычныя погляды і наадварот рады "сваім" людзям.