Затрыманы на акцыі каля Генштабу: Сёння ў Беларусі ніхто не можа лічыць сябе ў бяспецы
Ужо амаль два гады ў Беларусі не спыняецца канвеер масавых рэпрэсій. Праз турмы прайшлі дзясяткі тысяч чалавек. Нягледзячы на тое, што на вуліцах беларускіх гарадоў больш няма шматтысячных акцый, ніхто не «перагарнуў старонку», а людзей працягваюць затрымліваць за іх пазіцыю. На ўмовах ананімнасці мы публікуем сведчанне чалавека, які быў затрыманы на антываеннай акцыі і пабываў па той бок кратаў.
Я не мог не пайсці
Адкрыўшы раніцай 24-га стужку навін і ўбачыўшы паведамленні пра ўварванне расійскіх войскаў на тэрыторыю Украіны, я адчуў шок, цяжка было паверыць у тое, што адбываецца. Асцярогі, што гэта здарыцца, былі, але, мне здаецца, ніхто да канца не верыў, што можа пачацца вайна.
З навін я даведаўся, што тэрыторыя Беларусі выкарыстоўваецца як плацдарм для агрэсіі. Пасля ўсіх падзей 2020 года, калі беларусы пратэставалі супраць гвалту, немагчыма было прыняць тое, што цяпер мы становімся міжвольнымі саўдзельнікамі незаконных уладаў.
На 27 лютага быў прызначаны рэферэндум, дзе прапаноўваўся новы варыянт Канстытуцыі, якая была закліканая «ўзаконіць» нязменнасць улады ў краіне. Паколькі ні стары, ні новы варыянт Закона мяне не задавальнялі, я вырашыў прыйсці на ўчастак для галасавання і сапсаваць бюлетэнь. Сэнс гэтага дзеяння быў не ў тым, каб здзейсніць «волевыяўленне» — пасля выбараў 2020 года мы добра разумеем, што падлік галасоў нават не праводзіцца. Галоўны сэнс быў у тым, каб прыйсці да вызначанага часу, каб сабрацца разам і выказаць свой пратэст. Пасля пачатку ваенных дзеянняў гэта была і антываенная акцыя. Я лічыў, што гэта адзіная магчымасць выказацца. Але на маім участку выбаршчыкаў фактычна не было. Калі я вярнуўся дадому і зазірнуў у навіны, то ўбачыў, што на некаторых участках людзям удалося сабрацца і ўжо пачаліся затрыманні. Далей у каналах месэнджараў з'явілася інфармацыя пра антываенную акцыю каля Генеральнага штабу, прызначаную на 17.00. Праз пачутае і ўбачанае ў гэты дзень, а таксама ад адчування бяссілля і віны перад украінскім народам я проста не мог не пайсці туды.
Затрымлівалі зусім маладыя хлопчыкі
Генштаб знаходзіцца на набярэжнай Свіслачы, у парку, дзе звычайна гуляюць людзі. Удзельнікі акцыі былі рассяроджаныя, стаялі групамі па 30 чалавек у розных месцах парку. Навокал сабралася даволі шмат людзей, гатовых прыняць удзел у акцыі, і пасля, калі пачаліся затрыманні, яны адбываліся ў розных месцах і да позняга вечара. Затрыманых было шмат, мы за ноч у ізалятары папярэдняга ўтрымання налічылі «на слых» каля 600 чалавек. Пазней я даведаўся, што ў той вечар арыштавалі больш за 940 чалавек, і кожны дзень іх станавілася яшчэ болей.
Калі ўдзельнічаеш у акцыі, заўсёды ёсць небяспека арышту. Таму стараешся весці сябе абачліва. Аднак у гэты раз я не адчуваў небяспекі: не той настрой, ды і затрымліваць нас стаў не АМАП, а ўнутраныя войскі — магчыма, нават «тэрміновікі», таму што там былі зусім маладыя хлопчыкі, якія самі баяліся пратэстоўцаў. Магчыма, яны ў першы раз выйшлі на сваю «працу», часта не ведалі, што рабіць, і паводзілі сябе вельмі агрэсіўна, без асаблівых падстаў выкарыстоўвалі дубінкі, пагражалі зброяй.
Затрыманні пачаліся літаральна хвілін праз 10 пасля таго, як прысутныя сталі скандаваць «Не вайне!». Пад'ехалі аўтазакі і машыны з «УВ-шнікамі» («перавозкі»), адтуль высыпалі салдаты ў экіпіроўцы. Народ пачаў разыходзіцца, я таксама падаўся назад. Як зразумеў пазней, яны фактычна атачылі ўсю гэтую частку парку, і верагоднасць арышту была вельмі высокая. Я затрымаўся ля хлопца, якога «УВ-шнікі» пачалі ні з таго ні з гэтага біць дручкамі, і разам з жанчынамі стаў прасіць адпусціць яго. Яны спынілі збіццё, падхапілі яго за рукі і ногі і сталі выносіць, прычым адзін з іх ледзь не наляцеў на мяне. Праз гэта я замарудзіўся; тут мяне падхапілі ззаду за локці і адвялі ў «перавозку».
У гэтай машыне паступова сабралі чалавек трыццаць. Аднаму з тых, хто апынуўся з намі, спатрэбілася медыцынская дапамога: ён быў моцна збіты. Адна з затрыманых аказалася лекарам, у яе з сабой былі перавязачныя матэрыялы, яна спыніла кроў, наклала павязку. Хлопец быў у шоку і не разумеў, за што яго збілі.
Затым ужо АМАП нас перасадзіў у аўтазакі: там ёсць асобныя адсекі, і я так зразумеў, што забівалі іх пад завязку. Са мной былі яшчэ трое, і гэта ўжо было вельмі дыскамфортна, бо ў адсеку вельмі нізкая столь.
Нас адвезлі ў самы далёкі ад месца затрымання міліцэйскі ўчастак. Там забралі матузкі і ўсе рэчы, што былі ў кішэнях і з сабой. Тэлефоны адразу сказалі адключыць, а пасля забралі. Таму магчымасці звязацца з блізкімі за ўвесь час не было ні разу. Ніхто не ведаў, дзе я і што са мной.
У РУУСе дзеецца поўны бардак
Стаўленне ў РУУСе ў цэлым было нішто сабе. Усе працэдуры — агляд, запіс паказанняў, афармленне пратаколаў — праходзілі дастаткова доўга, бо было шмат затрыманых. Знаходзіліся мы ў канферэнц-зале, нас было каля 100 чалавек. Запомнілася, як супрацоўнікі РУУСа лаяліся з амапаўцамі, маўляў, «колькі можна, што вы хапаеце каго ні трапіцца?» — у іх было занадта шмат працы. Пратаколы складаліся пад капірку, аднолькавыя для ўсіх. У маім было пазначана, што я затрыманы зусім у іншым месцы і ў іншы час. Я бачыў цэлы стос аднолькавых пратаколаў і потым чуў, што многія затрыманыя атрымалі цалкам такія ж. Я не пагадзіўся з названымі часам і месцам, мне адказалі: «Пішыце, што не згодныя, раскажаце ў судзе». Ад усіх гэтых працэдур засталося адчуванне, што ў РУУСе дзеецца поўны бардак.
Павезлі нас у ізалятар на Акрэсціна ўжо ў пачатку першай гадзіны ночы. Хвілін сорак мы прастаялі на вуліцы. Папярэдняй «партыі» пашанцавала менш: іх трымалі гадзіны тры, а тэмпература на вуліцы была мінусавая.
Далей нас абшукалі, забралі верхнюю вопратку і развялі па камерах, чалавек па 15-20 у камерах на 4-6 месцаў.
Суды па скайпе
Да вечара наступнага дня пачаліся суды па скайпе. Ішлі яны даволі павольна, як казалі, праз тэхнічныя праблемы з сувяззю. Некаторыя не паспявалі прайсці суд і вярталіся ў камеры. Ад іх мы змаглі даведацца, што ў асноўным даюць па 15 сутак, у рэдкім выпадку — штрафы (непаўналетнім і тым, у каго ёсць ўтрыманцы і да т. п.). Штрафы проста гіганцкія — да 3200 руб.
Мяне судзілі толькі на трэці дзень, і, можна сказаць, мне пашанцавала: мяне вывезлі ў суд на аўтобусе і судзілі вочна. Для мяне плюс быў у тым, што я ўвесь дзень правёў не ў камеры і змог пабачыцца на судзе з жонкай, якая ўсе гэтыя дні шукала мяне па раённых аддзяленнях міліцыі, па бальніцах і ў апошні момант даведалася, у якім менавіта судзе будзе разбіральніцтва. Інфармацыі пра тое, які менавіта прысуд, пасля суда ўжо не давалі. Мне было цяжка думаць, што перажываюць мае родныя.
Суды праходзілі вельмі хутка, 15-20 хвілін, тэрміны прызначаліся ад 10 да 15 сутак. Тым, каго затрымлівалі паўторна на працягу года, давалі больш. У астатнім логікі ў вядзенні спраў і прысудах знайсці не ўдалося. Усе прыйшлі да высновы, што колькасць сутак прызначаецца зусім адвольна і не залежыць ад таго, што ты гаворыш суддзі і ці ёсць у цябе адвакат.
Быў загад «палітычным» ствараць максімальна некамфортныя ўмовы
Усяго я пабываў у трох месцах: у ІЧУ і ў ЦІПе; а за дзень да вызвалення мяне вывезлі ў турму іншага горада, за 200 км ад Мінска.
Утрыманне было прыкладна ўсюды аднолькавае. Відавочна, што ёсць загад «палітычным» ствараць максімальна некамфортныя ўмовы (у адрозненне ад затрыманых па іншых артыкулах, асабліва крымінальных, якія ўтрымліваюцца з усімі «прывілеямі»). Поўная ізаляцыя ад знешняга свету, забароненыя перадачы, адсутнасць сродкаў гігіены (быў адзін кавалак мыла на камеру і туалетная папера), няма матрацаў і пасцеляў, прагулак і да т. п. Спалі на падлозе, ноччу пастаяннага гарэла святло. Уначы некалькі разоў будзілі і выводзілі ў калідор для дадатковых праверак.
Горш за ўсё было першыя два дні ў ЦІПе: камера была практычна наглуха зачыненая, і тэмпература, паводле адчуванняў, падымалася градусаў да 35. Мы спалі на падлозе на сваіх куртках. На трэці дзень змена ахоўнікаў дазволіла адчыніць акно. Іншая змена акно пакінула адчыненым (самастойна зачыніць яго нельга) і забрала курткі, так што ўначы было вельмі холадна.
Перавод у іншы горад перад вызваленнем цяжка растлумачыць. Там адразу стала зразумела, што зверху «спусцілі» загад прыняць «сталічных» больш жорстка: нас вадзілі па калідорах у кайданках, з апушчанымі ўніз галовамі. У апошні дзень з раніцы кожную гадзіну выводзілі на праверкі ў калідор без адзення, у кайданках, прымушалі прысядаць. Потым нашу камеру пакінулі ў спакоі, выганялі іншых.
Нікога ні білі, але пастаянна пагражалі збіццём.
На ўмовы ўтрымання ніхто не скардзіўся, і было зразумела, што «выхаваўчага» ўздзеяння яны не аказваюць: ніхто не шкадаваў пра свой удзел у акцыі.
Ежа, вядома, задавальнення не дастаўляла, але сёе-тое можна было есці. Некалькі дзён не кармілі зусім. На другі дзень зняволення на ранішняй праверцы сказалі, што павязуць у Жодзіна, — і нас перасталі карміць. У Жодзіна мы так і не з'ехалі, але два дні на 16 чалавек выдавалі толькі дзве порцыі ежы.
Людзі ў камеры былі выдатныя
У камерах было шмат людзей (20 чалавек у чатырохмеснай камеры), але ў нейкай ступені гэта было і добра, вельмі дапамагала камунікацыя. А людзі ў камеры былі выдатныя: канструктар завода, інжынер-метрабудаўнік, прадстаўнік незалежнага прафсаюза, хлопцы маладзейшыя — юрысты, айцішнікі і інш. Пра ўсіх іх можна сказаць толькі добрае, і адзіны станоўчы момант для мяне ў гэтай гісторыі — тое, што ўдалося пагаварыць з вялікай колькасцю (усяго, напэўна, чалавек 40) аднадумцаў.
Большасць з нас былі асуджаныя па артыкуле аб парушэнні правілаў правядзення масавых мерапрыемстваў. Але пасля суду сталі падсаджваць людзей, якіх затрымлівалі проста так, у асноўным праз тое, што яны раней дзесьці «засвяціліся» ці проста трапіліся пад руку: не тое сказалі, не так паглядзелі і г. д. Ім прад'яўлялі ў асноўным «дробнае хуліганства» і «выпісвалі» 15 сутак. Але самае непрыемнае — што некаторыя з іх, вызваляючыся, тут жа атрымлівалі наступны тэрмін. Я асабіста бачыў дваіх такіх хлопцаў, а распавядалі пра многіх. Псіхалагічна гэта быў самы непрыемны момант, таму што нельга было быць упэўненым у тым, што па заканчэнні тэрміну ты выйдзеш на волю і не акажашся ў ліку тых, каго з парога вернуць у камеру. Гэта называецца «карусель», і такі спосаб бясконцай пасадкі, дадавання тэрмінаў псіхалагічна ламае людзей.
Я выйшаў амаль у свой час. Адлік сутак пачынаецца з моманту затрымання, мяне выпусцілі на паўгадзіны-гадзіну пазней. У тых, каго, як і мяне, адвезлі ў іншы горад, была праблема, як дабрацца дадому. У мяне з сабой было 1,5 рубля, чаго не хапіла б на квіток у Мінск. Маёй жонцы паведамілі пра тое, дзе я, за тры гадзіны да майго вызвалення (дабрацца можна было своечасова, толькі калі выехаць адразу пасля званка). Але далёка не ўсім сваякам паведамілі пра гэта. Некаторыя баяліся пакінуць нумар тэлефона сваіх родных.
Ніякіх станоўчых перспектыў для Беларусі няма
На працы кіраўніцтва паставілася з разуменнем, ніякіх наступстваў не было. Практычна ўсе супрацоўнікі, за рэдкім выключэннем, выказваліся спачувальна, перажывалі. Наогул, выйшаўшы, я адчуў магутную падтрымку.
Сёння ў Беларусі (і я магу пацвердзіць гэта аповедамі многіх людзей) ніхто не можа лічыць сябе ў бяспецы. Смартфоны ёсць ва ўсіх, усе хочуць атрымліваць незалежную інфармацыю, а гэта ўжо падстава для затрымання. Хоць, у прынцыпе, часцяком і нагода не патрабуецца.
Паколькі вайна ідзе ўжо дастаткова доўга, а беларуская армія ў ёй наўпрост не ўдзельнічае, вельмі хочацца верыць, што так і будзе далей. Будзем лічыць, што «вялікай» Расіі не з рукі звяртацца па дапамогу да нейкіх там беларусаў.
Многія нашы грамадзяне хочуць хутчэйшага спынення ваенных дзеянняў і не жадаюць удзельнічаць у агрэсіі. Маладыя людзі з'язджаюць, каб не патрапіць пад прызыў у войска. Ніякіх станоўчых перспектыў для Беларусі няма. Уласна, гэтыя (і іншыя) думкі з'явіліся ўжо 24 лютага, і з імі я ішоў 27-га да Генштабу.