Па ўсёй Беларусі прайшоў «хапун» артапедаў-траўматолагаў. Забралі каля 30 чалавек

У мінулую пятніцу амаль аднамомантава ў розных рэгіёнах было затрымана тры дзясяткі артапедаў-траўматолаўгаў. Гэта большасць кіраўнікоў аддзяленняў у рэспубліцы.

Ілюстрацыйны здымак

Ілюстрацыйны здымак

«Відавочна, што такую колькасць медыкаў надоўга пасадзіць немагчыма, таму нейкі час пакашмараць, набяруць паказанняў на прызначаных «казламі» і большасць выпусцяць, але нехта прызямліцца надоўга. Агулам усё гэта катастрофа для медыцыны», — прагназуе развіццё справы адзін з суразмоўцаў найстарэйшага беларускага выдання, прызнанага «эстрэмісцкім».

Дакладнай яснасці, што стала прычынай, пакуль няма. Але суразмоўцы выказваюць здагадку, што гэта можа быць неяк звязана з пратэзаваннем суставаў — за мінулыя гады з гэтым назапасілася праблем.

«На калегіях артапедаў падымалася пытанне колькасці пратэрмінаванай прадукцыі на складах — яе там на мільёны. Пратэзы, умоўна, як абутак — ёсць папулярныя памеры, якія хутка разыходзяцца, ёсць малазапатрабаваныя. У кожнага пратэза пры гэтым ёсць тэрмін стэрыльнасці, да якога яго трэба паставіць. І былі пытанні да тых аб'ёмаў умоўнага «неліквіду», якія спісваюцца.

Але бухгалтэрыя не ведае, якія там тэрміны прыдатнасці, гэта ў базы не ўносіцца, таму на балансе пратэз як бы ёсць, але калі яго трэба ўзяць — ён аказваецца непрыдатны, трэба закупляць новы. Там вялікія аб'ёмы пратэрміноўкі (гэта тое, што гучала на калегіях), але не зусім ясна, прычым тут канкрэтна медыкі. Калі гаворым пра разбазарванне сродкаў і ўлік прыдатнасці, то гэта хутчэй да бухгалтэрый, аддзелаў закупак», — разважае чалавек са сферы.

Падчас ковіду, калі адмянілі планавыя аперацыі, закупкі пратэзаў амаль не праводзіліся — збольшага толькі для анкалагічных хворых, якія не могуць цярпець.

«Фактычна цяпер людзі, якія стаяць у чарзе на планавую замену сустава, не ведаюць, што найхутчэй аперацыі не будзе, бо няма закупак, а пратэзы на складах, якія ёсць на паперы, насамрэч непрыдатныя.

З увозам імпарту таксама вялікія праблемы праз лагістыку і адмовы супрацоўнічаць. У самой Беларусі робяцца толькі эндапратэзы сцягна, а калена, напрыклад, не робяцца — там усё імпарт. Ды і наш мясцовы беларускі вытворца таксама з праблемамі: метал, з якога робяць пратэзы, не купіш на БМЗ, гэта спецыяльныя металы, якія па стандартах з'яўляюцца таварам двайнога прызначэння. Наколькі я ведаю, згодна з санкцыямі пастаўкі забароненыя, нават не ведаю, што цяпер з імі будзе.

Ну і дадамо сюды тое, што пратэзы не вечныя, іх трэба з часам мяняць, прынамсі асобныя складнікі: галоўкі, чашачкі і гэтак далей. А тут склалася сітуацыя, што папярэднія гады дзяржава закупляла, умоўна, нямецкія, а потым амерыканскія. Іх дэталі не падыходзяць адзін да аднаго, увезці дэталь афіцыйна, ад бальніцы, цяпер вельмі складана, чалавек ходзіць без замены і, літаральна, развальваецца.

У такіх выпадках доктар можа параіць, як увезці нейкую дэталь «па-чорнаму», дзе ўзяць — схемы для штучных увозаў існуюць, інтарэс доктара тут таксама можа існаваць, я не буду гэта каментаваць, але гэта рэаліі. Але і масштабы ў такой з'явы невялікія. У любым разе, тут пытанні да сістэмы, якая склалася, а не да тых, хто рэжа», — кажа суразмоўца.

Учора паведамляла пра затрыманне трох вядучых траўматолагаў у Віцебску. Гэта супрацоўнік ВДМУ і галоўны пазаштатны траўматолаг-артапед Віцебскай вобласці Канстанцін Балабошка, загадчык траўматалагічнага аддзялення Віцебскай абласной клінічнай бальніцы Андрэй Крылоў і загадчык траўматалагічнага аддзялення БХМД у Віцебску Аляксандр Царкоўскі.

Пра затрыманні ў Гомелі аксама паведамлялася. Там забралі двух загадчыкаў аддзяленняў траўматалогіі — у абласной клінічнай бальніцы і абласной анкалогіі. Таксама затрыманы тры траўматолагі з Мазырскай ЦРБ.

Вядома таксама, што затрыманы загадчык траўматалагічнага аддзялення ў Ваўкавыску Яўген Саўко.