Заведзена 97 крымінальных спраў па блакаванні чыгуначных шляхоў

Генпракуратура заявіла, што заведзена 97 крымінальных спраў па блакаванні чыгуначных шляхоў. Крымінальныя справы распачатыя па артыкулах «Акт тэрарызму», «Наўмыснае прывядзенне ў непрыгоднасць шляхоў зносін». Максімальнае пакаранне па гэтых артыкулах — пазбаўленне волі на тэрмін да 15 гадоў.

chygunka_sabatazh_2.jpg

З кастрычніка мінулага года і па цяперашні час па фактах «рэйкавай вайны» распачата 97 крымінальных спраў. 13 з іх ужо накіраваныя ў суд. Пра гэта паведамляе прэс-служба Генпракуратуры.

Па фактах супрацьпраўных замахаў, накіраваных на дэстабілізацыю ўстойлівай працы чыгуначнага транспарту, распачата 97 крымінальных спраў. З іх 92 справы — пра наўмыснае прывядзенне ў непрыгоднасць транспартнага сродку або шляхоў зносін па ст. 309 КК, чатыры — пра акты тэрарызму і пагрозу іх здзяйснення (арт. 289 і арт. 290 КК), адно — пра хуліганства па арт. 339 КК, піша TUT.BY.

— Названыя злачынствы здзейсненыя па закліках, размешчаных у глабальнай сетцы інтэрнэт, як правіла, у тэлеграм-каналах. Мэта такіх заклікаў — масавае дэструктыўнае ўздзеянне на аб'екты інфраструктуры ГА «Беларуская чыгунка», а менавіта: вывад з ладу прылад і абсталявання, якія прызначаны або выкарыстоўваюцца падчас перавозачнага працэсу, — заявілі ў Генпракуратуры.

Органы пракуратуры пасля вывучэння ўжо накіравалі ў суды для разгляду крымінальныя справы ў дачыненні да 13 грамадзян. Практычна ва ўсіх выпадках да абвінавачаных абраная мера стрымання ў выглядзе заключэння пад варту. Па астатніх справах яшчэ праводзяцца працэсуальныя дзеянні.

Вось толькі некалькі прыкладаў:

ЛІДА. За блакаванне чыгуначных шляхоў з дапамогай бетонных слупоў у Лідскім раёне распачалі крымінальную справу паводле ч. 1 арт. 289 КК — «Акт тэрарызму», якая прадугледжвае пазбаўленне волі да пятнаццаці гадоў, паведамляе lidanews.by.

29 снежня 2020 года два здарэнні адбыліся ў раёне вуліцы Хасаноўскай з розніцай у 10 хвілін. Невядомыя паклалі на чыгуначнае палатно жалезабетонныя слупы.

Грузавы цягнік № 3801 «Ліда-Масты» з 15 вагонамі рухаўся ў раёне пераезду па вуліцы Хасаноўскай, калі пражэктар высвяціў слуп, які ляжыць папярок чыгуначнага палатна. У 22.28 цягнік тэрмінова спынілі. Сутыкненне адбылося, але дзякуючы невысокай хуткасці рэзкае тармажэнне не прывяло да сходу цягніка з рэек. Пашкоджанні былі нязначныя, і брыгада прыняла рашэнне працягнуць шлях, піша hrodna.life.

ВІЦЕБСК. Тут затрыманы 41-гадовы мужчына, які працаваў таксістам і выязджаў на аўтамабілі да чыгункі, дзе замыкаў рэйкі, накладваючы на іх дрот, паведамляе прэс-служба МУС. Вядома пра чатыры такія факты. Паведамляецца, што ён раскаяўся ў зробленым.

МУС паведамляе, што з пачатку мінулага года выяўлена больш за 160 фактаў накладання металічнага дроту на рэйкі, устаноўлена 29 падазраваных, піша «Наша Ніва».

МІНШЧЫНА. Завершана расследаванне крымінальнай справы па факце замыкання чыгуначных шляхоў у Мінскай вобласці.

Так, у ноч з 11 на 12 лістапада мінулага года двое жыхароў Маладзечанскага раёна, паддаўшыся на заклікі «дэструктыўных» Telegram-каналаў, спрабавалі замкнуць металічным тросам рэйкі на перагоне «Дубравы-Радашковічы». Гэтыя дзеянні маглі пацягнуць за сабой парушэнне бяспекі руху і эксплуатацыі чыгуначнага транспарту, бо прысутнічала рызыка ўзнікнення транспартных здарэнняў. Мужчыны былі затрыманыя супрацоўнікамі міліцыі паблізу месца здарэння.

Дзеянні абвінавачаных кваліфікаваныя па ч. 1 арт. 14, ч. 1 ст. 309 КК («Замах на наўмыснае прывядзенне ў непрыгоднасць шляхоў зносін»). Да абвінавачаных прымененая мера стрымання ў выглядзе заключэння пад варту. Расследаванне завершана, крымінальная справа перададзена пракурору для накіравання ў суд.

Падобны выпадак адбыўся ноччу 14 снежня мінулага года: 34-гадовы мужчына, паддаўшыся на заклікі «дэструктыўных» Telegram-каналаў, з выкарыстаннем дроту замкнуў рэйкавы ланцуг перагону «Пухавічы-Рудзенск», што пацягнула за сабой парушэнне ў працы чыгуначнага транспарту і прывяло ў непрыдатнасць сістэму аўтаматычнай блакіроўкі руху цягнікоў.

Дзеянні абвінавачанага кваліфікаваныя па ч. 1 ст. 309 КК, віну ў здзяйсненні злачынства ён прызнаў цалкам. Да мужчыны прыменена мера стрымання ў выглядзе заключэння пад варту. Расследаванне крымінальнай справы набліжаецца да завяршэння.

 

blakavanne_baranavichy_1.jpg

БАРАНАВІЧЫ. У блакаванні руху цягнікоў абвінавачваюць трох жыхароў Баранавічаў. Ім пагражае да 15 гадоў пазбаўлення волі

Мужчын абвінавачваюць па двух артыкулах: «Акт тэрарызму» (арт. 289) і «Гаўмыснае прывядзенне ў непрыдатнасць шляхоў зносін» (арт.

У Баранавічах аператыўнікі УУР УУС і АУР Баранавіцкага АУСТ затрымалі трох жыхароў Баранавічаў па падазрэнні ў блакаванні руху цягнікоў. Гэта 31-гадовы работнік фірмы, 29-гадовы вартаўнік установы адукацыі і 33-гадовы машыніст лакаматыўнага дэпо.

Мужчын абвінавачваюць у тым, што яны на прыпыначным пункце «Жарабковічы» ў Ляхавіцкім раёне заблакавалі рух цягнікоў. Акрамя гэтага, як паведамляе УУС Брэсцкага аблвыканкама, мужчыны паспрабавалі заблакаваць сродкі сігналізацыі на ўчастку «Баранавічы-Цэнтральныя — Грыцавец», але для рэалізацыі плана ім не хапіла даўжыні дроту. Тады яны, паводле сцвярджэння міліцыі, заклалі ў механізмы стрэлкавых пераводаў друз.

Цяпер падазроныя знаходзяцца ў СІЗА. У дачыненні да мужчын распачата крымінальная справа па артыкулах «Акт тэрарызму» (арт. 289), «Наўмыснае прывядзенне ў непрыгоднасць шляхоў зносін» (арт. 309). Максімальнае пакаранне па гэтых артыкулах — пазбаўленне волі на тэрмін да 15 гадоў.

spring96.org