Журналістам замінаюць працаваць

Беларускія журналісты 13 ліпеня накіравалі калектыўныя звароты генеральнаму пракурору Рыгору Васілевічу і міністру ўнутраных спраў Анатолю Куляшову. (На здымку: Журналістаў сустрэў прадстаўнік Генпракуратуры Пётр Кісялёў)



d4b5b5c16df28e61124e13181db7774c.JPG

Беларускія журналісты 13 ліпеня накіравалі калектыўныя звароты генеральнаму пракурору Рыгору Васілевічу і міністру ўнутраных спраў Анатолю Куляшову.

(На здымку: Журналістаў сустрэў прадстаўнік Генпракуратуры Пётр Кісялёў)


Звароты звязаны з супрацьзаконнымі, на думку прадстаўнікоў незалежных СМІ і інтэрнэт-выданняў, дзеяннямі сілавых структур у дачыненні да журналістаў падчас акцый «маўклівага пратэсту», якія штотыдзень адбываюцца ў розных рэгіёнах краіны. Копіі дакументаў накіраваны старшыню Вярхоўнага суда Валянціну Сукалу і міністру інфармацыі Алегу Праляскоўскаму.
Ініцыятарам зваротаў стала фотакарэспандэнт незалежнай газеты «Наша Ніва» Юлія Дарашкевіч, якая неаднойчы цярпела ад жорсткіх дзеянняў сілавікоў падчас выканання журналісцкіх абавязкаў. Скласці тэкст дакументаў дапамаглі юрысты ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў».
Група прадстаўнікоў незалежных выданняў накіравалася ў будынак Генеральнай пракуратуры, дзе іх сустрэў начальнік аддзела інфармацыі і сувязей з грамадскасцю Пётр Кісялёў. Разам з ім у будынак Генпракуратуры прайшлі намеснік старшыні БАЖ юрыст Андрэй Бастунец і журналіст «Радыё Свабода» Алег Груздзіловіч. Ужо ў будынку зварот да генпракурора быў прыняты адпаведнай службовай асобай і зарэгістраваны. Зварот да кіраўніка МУС Куляшова быў адпраўлены замоўным лістом па пошце.
Як адзначаецца ў зваротах, па падліках ГА «БАЖ», за апошні час у працэсе выканання сваіх прафесійных абавязкаў у сталіцы і рэгіёнах былі затрыманыя 77 журналістаў беларускіх і замежных СМІ, акрэдытаваных у краіне. «Затрыманні праводзілі людзі ў цывільным без апазнавальных знакаў, у большасці выпадкаў яны не прадстаўляліся і не тлумачылі прычын затрымання. Супрацоўнікі міліцыі і людзі ў цывільным знішчалі адзнятыя журналістамі фота- і відэаматэр’ялы, у шэрагу выпадкаў была пашкоджана дарагая прафесійная апаратура», — канстатуецца ў дакументах.

Журналісты падпісваюцца пад Зваротамі да Генпракурора і кіраўніка МУС


Такімі дзеяннямі, адзначаюць аўтары зваротаў, груба парушаюцца патрабаванні Закона Рэспублікі Беларусь «Аб органах унутраных спраў» і Працэсуальна-выканаўчага кодэкса Рэспублікі Беларусь, патрабаванні Закона «Аб сродках масавай інфармацыі», асабліва палажэння артыкула 34 гэтага закона, у адпаведнасці з якім журналіст мае права прысутнічаць на масавых мерапрыемствах, у месцах іншых грамадска важных падзей і перадаваць адтуль інфармацыю. Прымус журналіста да адмовы ад распаўсюду інфармацыі і парушэнне правоў журналіста прызнаецца незаконным абмежаваннем свабоды масавай інфармацыі і не дапускаецца (артыкул 7 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб сродках масавай інфармацыі»).
На жаль, падкрэсліваюць падпісанты, беларускія суды пайшлі па шляху прыцягнення да адказнасці не парушальнікаў вышэйзгаданых палажэнняў законаў і Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, але журналістаў. Ад 3 ліпеня на падставе толькі галаслоўных паказанняў супрацоўнікаў міліцыі 6 журналістаў былі аштрафаваныя, 11 пакараныя адміністратыўным арыштам на тэрмін ад 3 да 15 сутак, яшчэ аднаго чакае суда.
Падпісанты звароту патрабуюць правесці службовую праверку па фактах незаконнага затрымання журналістаў, а таксама незаконнага знішчэння адабраных у іх фотаматэр’ялаў, пашкоджання дарагой прафесійнай тэхнікі; прыцягнуць да адказнасці вінаватых у парушэнні правоў журналістаў і СМІ; правесці тлумачальную работу сярод супрацоўнікаў міліцыі аб палажэннях заканадаўства аб СМІ і прадухіліць далейшыя парушэнні правоў журналістаў пры ажыццяўленні імі сваёй прафесійнай дзейнасці.
У адпаведнасці з заканадаўствам аб зваротах грамадзян, усе падпісанты мусяць атрымаць пісьмовыя адказы цягам трыццаці дзён на свой хатні адрас.

------------------------------------------------------

Фота аўтара