Згвалтаванне як «службовы раман». «Традыцыйныя каштоўнасці» ў беларускім спорце

Дзяржпрапаганда, адпрацоўваючы «традыцыйную» павестку, зрабіла ток-шоу пра беларускі спорт, у якім, калі глядзець яго цвяроза, нешта пайшло не так.

Галоўны трэнер нацзборнай па спартыўнай гімнастыцы Валерый Каландзінскі. Фота: sb.by

Галоўны трэнер нацзборнай па спартыўнай гімнастыцы Валерый Каландзінскі. Фота: sb.by


29 сакавіка на дзяржТБ выйшаў чарговы выпуск адыёзнага ток-шоу з наборам вельмі своеасаблівых вядучых. Госцем праграмы стаў Валерый Каладзінскі — галоўны трэнер жаночай зборнай Беларусі па спартыўнай гімнастыцы і бацька барчыхі Ванесы Каладзінскай, бронзавай медалісткі АГ-2020. У 1990-х і 2000-х у Валерыя ўжо было два заходы на цяперашнюю пасаду, але ў 2004-м ён з'ехаў працаваць у Аўстралію, адкуль у 2013-м вярнуўся на радзіму, дзе «аказаўся нікому не патрэбны». Аднак пасля некалькіх гадоў працы з дзецьмі пра трэнера ўсё-ткі ўспомнілі — і ў 2019-м ён трэці раз прыйшоў у зборную.

Каладзінскага ў ток-шоу ласкава (для ўзроўню праграмы) назвалі «закончаным фаталістам» — ён шмат гаварыў пра лёс і тое, што «трэнерамі і чэмпіёнамі нараджаюцца». У цэлым гаворка коўча ішла ідэалагічна выверана: ён згадаў «добрае стаўленне дзяржавы» як стымул займацца спартыўнай гімнастыкай у Беларусі, а таксама заявіў, што «ніколі ў жыцці за грошы не працаваў, і так павінен жыць кожны нармальны чалавек». Але здарыўся збой: Каладзінскі ўзяў ды і заявіў, што найлепшая краіна ў свеце — зусім не лукашэнкаўская Беларусь, а Аўстралія, прычым пры працы ў дзяржаўнай структуры, дзе «за заробак маеш спакойна кватэру, машыну, усё», піша «Тр*буна».

Акрамя таго, Валерый асвятліў праблему: у Мінску колькасць залаў для мужчын-гімнастаў скарацілася з пяці да аднаго, а дамагацца вынікаў «усё-ткі лягчэй, калі ёсць умовы». У жанчын-гімнастак залы дзве — але Каладзінскі запэўнівае, што яго падапечныя прэтэндуюць на тры ліцэнзіі на АГ у выпадку допуску туды. У гэта не вельмі верыцца: у 2021-м у Токіа змаглі ўзяць толькі адну ліцэнзію, ды і тое падпісантка за рэжым Ганна Траўкова, якая выкарыстала яе, заняла 77-е месца.

Але самы характэрны момант здарыўся напрыканцы праграмы. Вядучыя раптам загаварылі пра трансгендараў і спыталі ў Каладзінскага, ці з'яўляюцца такія «спартсмены, спартсменкі» ў гімнастыцы. Трэнер адказаў радыкальна: заявіў, што «мы прывыклі да традыцыйных стасункаў», і назваў трансгендараў «хворымі людзьмі, у якіх нешта там парушылася» і яны «памянялі арыентацыю» (хаця гэта наогул не пра трансгендараў). Гэтым трэнер пайшоў супраць міжнароднай класіфікацыі Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, якая не лічыць трансгендарнасць парушэннем псіхікі. Больш за тое, следам Каладзінскі дадаў, што «для інвалідаў ёсць Паралімпійскія гульні — вось і для іх [трансгендараў] трэба зрабіць [асобныя], яны павінны спаборнічаць толькі паміж сабой». Так коўч невядома навошта на роўным месцы закрануў людзей з абмежаванымі магчымасцямі, а заадно пацвердзіў даўнюю рысу белспорту — непрыязнасць да любых адрозненняў ад «традыцыйнасці».


Вядучая ж пасля гэтага зрабіла пераход, на які здольныя, здаецца, толькі на дзяржТБ: заявіла, што з трансгендарамі нібыта ўзнікаюць канфлікты ў турмах, бо «прыдумаў ён сабе, што ён жанчына, ці не, застаецца пытанне адкрытым, і жанчыны з імі побач пакутуюць», а затым дадала: «Дарэчы, гэта пытанне і ў вашым відзе спорту апошнім часам стала мусіравацца, і Вольга Корбут згадала, што трэнер там у дачыненні да яе паводзіў сябе...».

Вольга Корбут сапраўды абвінавачвала свайго трэнера ў злачынстве. Толькі яно ніяк не звязана з трансгендарамі (сур'ёзна, так прыплесці ўмеюць хіба што прапагандысты). Гаворка ішла пра згвалтаванне непаўнагадовай, гэта значыць самой Корбут, Рэнальдам Кнышам — вялікім для спартыўнай гімнастыкі трэнерам, але, падобна, вельмі небяспечным для дзяўчат чалавекам. І выставіла абвінавачанне Корбут даўно — спачатку ва ўласнай кнізе ў 1988 годзе, потым у інтэрв'ю ў 1999-м. Але сур'ёзную цікавасць гэта выклікала чамусьці толькі ў 2018-м. Тады Корбут пагадзілася па відэасувязі з Амерыкі прыняць удзел у скандальным шоу «Пусть говорят» на расійскім тэлебачанні. Там яна зноў заявіла: Кныш сістэматычна дамагаўся яе, а перад АГ-1972 згвалціў. Вользе на той момант было 17 гадоў.

Як аказалася, па відэасувязі тады падключыўся да праграмы і Кныш — яго паказалі ўжо пасля прамовы Корбут, і ён заявіў, што яна сказала «хлусню з першага да апошняга слова», некалькі разоў абразіў яе і заявіў, што «быў далёкі» ад пахабных думак аб зносінах «і з ёю, і з іншымі». Аднак пасля выхаду перадачы ў эфір яшчэ чатыры былыя гімнасткі, якія займаліся ў Кныша, заявілі «Радыё Св*бода», што ён дамагаўся і іх — а за супраціў прызначаў забойныя фізічныя нагрузкі ў зале і мог выкінуць з машыны пасярод лесу (прапаноўваў нібыта падвезці дадому, а сам адвозіў немаведама куды). Акрамя таго, сваім падапечным, паводле слоў жанчын, Кныш падсоўваў секс-цацкі і порначасопісы. У той час дзяўчынкам было і 16 гадоў, і 14, і нават менш, а за вочы іх вакол называлі «гарэмам Кныша». Расказаць пра ўсё ўслых яны баяліся — і праз пагрозу страты любімай справы, і праз думкі, што павераць не дзецям, а знакамітаму трэнеру.

У 1981-м 17-гадовая падапечная Кныша паспрабавала скончыць жыццё самагубствам, абвінаваціўшы ў гэтым яго ў перадсмяротнай запісцы. Дзяўчыну выратавалі, і яна заявіла, што займалася сексам з трэнерам. Было нават праведзена следства — Кныш на ім усё адмаўляў і наогул заявіў, што не здольны да сексу, аднак экспертыза паказала, што з палавой функцыяй у яго ўсё нармальна. На трэнера не завялі справу толькі таму, што ў дзяўчыны аказалася цэлай дзявоцкая плява. Медыкі далі заключэнне, што секс мог адбывацца і без яе разрыву, але даказаць гэта было ўжо немагчыма. Праўда, Кныш тады страціў працу. У 2018-м ён у размовах з журналістамі зноў адпрэчваў усе абвінавачанні — і ад Корбут, і ад іншых былых вучаніц. У 2019-м ва ўзросце 87 гадоў ён памёр.


Каладзінскі раней гаварыў, што блізка Кныша не ведаў і наогул сустракаў толькі некалькі разоў у жыцці. Але цяпер пракаментаваў заявы Корбут, як быццам моцна дасведчаны наконт сітуацыі. Прычым Каладзінскі не стаў паўтараць за Кнышам, быццам той наогул не чапляўся да вучаніц. Цяперашні трэнер зборнай заявіў літаральна наступнае:

«У прынцыпе, гэта службовы раман. Фільм знакаміты наш савецкі. Гэта службовыя адносіны. Адзінае, што тут розніца па ўзросце. Але гэта можа здарыцца на любым прадпрыемстве. Яна [Корбут] як трэнер не адбылася, а жыць на нешта трэба — вось яна гэтым [абвінавачаннем] спрабуе проста зарабіць».

Гэта выказванне пакідае адны пытанні. Які можа быць «службовы раман», калі Корбут кажа пра згвалтаванне, а Кныш, што наогул не меў з ёй стасункаў сексуальнага характару? На якім прадпрыемстве 40-гадовы (да АГ-1972 Кнышу было столькі) работнік будзе прыставаць да непаўналетніх? Пры чым тут трэнерства Корбут, калі яна заявіла пра ўсё яшчэ 35 гадоў таму? Сітуацыя выглядае так, што Каладзінскі папросту не бачыць нічога страшнага ў педафіліі — злачынстве, якое і ў месцах пазбаўлення волі лічыцца недаравальным.