«Злачынствы супраць правоў грамадзян не будуць мець тэрмінаў даўніны»
Шэраг юрыстаў, праваабаронцаў і грамадскіх актывістаў звярнуліся да беларускіх суддзяў і супрацоўнікаў праваахоўных органаў з нагоды Дня Канстытуцыі.
У адкрытым звароце адзначаецца, што Канстытуцыя, прынятая 15 сакавіка 1994 года, «замацавала сістэму органаў улады, у тым ліку пасаду прэзідэнта, акрэсліла іх паўнамоцтвы, парадак арганізацыі і дзейнасці, а таксама законы, якія падлягалі прыняццю дзеля развіцця яе артыкулаў».
«Упрыгожваннем Канстытуцыі сталі правы і свабоды грамадзян, якія абвяшчаліся вышэйшай каштоўнасцю і мэтай дзяржавы. На дзяржаўныя органы, службовыя і іншыя асобы, якім даручана выкананне дзяржаўных функцый, ускладаўся абавязак «прымаць неабходныя меры для ажыццяўлення і аховы правоў і свабод асобы». За дзеянні, якія парушаюць правы і свабоды грамадзян, усталёўвалася адпаведная адказнасць (артыкул 60)», — лічаць аўтары звароту.
Зараз, адзначаюць актывісты, яны бачаць «ігнараванне дзяржаўнымі органамі і службовымі асобамі сваіх абавязкаў, масавыя парушэнні асноўных правоў і свабодаў грамадзянаў, бязмежжа «сілавых структураў», «заказное» правасуддзе, бесчалавечае і жорсткае абыходжанне са зняволенымі».
У сувязі з гэтым юрысты, праваабаронцы і грамадскія актывісты звяртаюцца да органаў улады і службовых асобаў, якія павінны выконваць Канстытуцыю і законы краіны, і нагадваюць пра іх «святы абавязак» — забяспечваць, выконваць і ахоўваць правы чалавека, а таксама пра тую адказнасці, якая прадугледжваецца за парушэнне гэтых правоў.
«Дзень Канстытуцыі — гэта добрая нагода, каб нагадаць усім суддзям, супрацоўнікам праваахоўных органаў (міліцыі, папярэдняга следства, пракуратуры, мытных і падатковых органаў, органаў дзяржаўнай бяспекі, пенітэнцыярных устаноў) аб неабходнасці безумоўнага захавання правоў і свабод грамадзян краіны», — зазначаецца ў звароце.
«Калі нашае патрабаванне не будзе выканана, то мы пакідаем за сабой права прыняць захады па рэфармаванні сістэмы судоў і праваахоўных органаў, прад’яўленні абвінавачванняў іх супрацоўнікам і замене іх кадравага складу. Заяўляем, што злачынствы супраць правоў грамадзян не будуць мець тэрмінаў даўніны, і кожны выпадак будзе разглядацца ва ўсталяваным парадку», — падкрэсліваюць аўтары дакумента.
У той жа час яны выступаюць за аднаўленне дзеяння Канстытуцыі 1994 года і патрабуюць «забяспечыць канстытуцыйныя правы і свабоды ў поўным аб’ёме і гарантаваць іх ахову незалежным, кампетэнтным і непрадузятым судом».
Пад зваротам падпісаліся Міхаіл Пастухоў, Павел Севярынец, Ігар Леднік, Максім Клімковіч, Аляксей Туровіч, Павел Пракаповіч, Вольга Маёрава, Святлана Каваленка, Алена Талстая і іншыя.