
Палітычнаму вязню Змітру Бандарэнку, хутчэй за ўсё, спатрэбіцца яшчэ адна аперацыя на хрыбце. Пра гэта карэспандэнту “Новага часу паведаміла жонка апальнага палітыка
Вольга Бандарэнка пасля тэлефоннай размовы з мужам, якая адбылася ў суботу, 4 лютага.
Па словах Вольгі, стан здароўя Змітра застаецца кепскім. “Аднак пасля таго, як ён напісаў, што ў яго адымаюць мыліцу, яму адразу ж яе вярнулі. Адміністрацыя магілёўскае калоніі зноў прызнала
Дзіму хворым, - паведаміла Вольга Бандарэнка.
Змітру нядаўна было адмоўлена ва ўмоўна-датэрміновым вызваленні. Апроч таго, ад 30-га студзеня ў папраўчай установе, дзе знаходзіцца Зміцер Бандарэнка, набылі моц новыя правілы дачынна палітвязня.
Адміністрацыя калоніі вырашыла зрабіць больш складанымі ўмовы ўтрымання Змітра Бандарэнкі, нягледзячы на тое, што ўжо ў вязніцы ён перанёс вельмі цяжкую аперацыю на хрыбце.
“Каланісты забаранілі Змітру карыстацца мыліцай, адмовілі ў праве карыстацца спецыяльным артапедычным абуткам, які перадала мужу Вольга. Бандарэнку таксама больш не дазвалялі
ўдзень ляжаць у ложку, вязень мусіў хадзіць нароўна з іншымі зняволенымі, працаваць. “Дзіма сказаў па тэлефону, што яму на сто працэнтаў спатрэбіцца новая аперацыя. 1 лютага ён напісаў
прашэнне аб памілаванні, - паведаміла жонка палітвязня.
Падчас апошняй кампаніі па выбарах кіраўніка дзяржавы ў 2010 годзе Зміцер Бандарэнка быў даверанай асобай кандыдата ў прэзідэнты Беларусі Андрэя Саннікава. Зміцер з’яўляецца таксама адным з
каардынатараў грамадзянскай кампаніі “Еўрапейская Беларусь.
Пры канцы красавіка 2011 года суддзя суда Першамайскага раёна Мінска Таццяна Равінская прыгаварыла Змітра Бандарэнку да двух гадоў пазбаўлення волі паводле часткі 1 артыкула 342 Крымінальнага Кодэкса
Беларусі (арганізацыя групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, і актыўны ўдзел у іх) за падзеі, якія мелі месца ў беларускай сталіцы ўвечары 19 снежня 2010 года. Мінскі гарадскі суд
і Вярхоўны суд пакінулі вырак суда першай інстанцыі ў сіле.
Нагадаем, што прашэнне аб памілаванні на імя Аляксандра Лукашэнкі яшчэ 20 лістапада мінулага года падаў і Андрэй Саннікаў, але ўлады хавалі гэты факт да таго моманту, пакуль палітвязня не наведалі
спачатку ягоны адвакат, а крыху пазней жонка і маці. 23 снежня мінулага году на вялікай прэс-канферэнцыі Лукашэнка сказаў, што ніхто з палітвязняў прашэнняў аб памілаванні не пісаў. Цяпер ёсць ужо
два факты такіх хадайніцтваў. Ці выйдуць вязні на волю, залежыць выключна ад таго, хто патрабаваў ад іх гэтых прашэнняў.