Зміцер Дрозд: У 1930-х штогод пісалі мільёны даносаў, прычым не ў НКУС, а ў газеты

Цягам 11 год гісторык шукае звесткі пра тры дзясяткі сваіх рэпрэсаваных продкаў, якія жылі на месцы сённяшняга элітнага раёна Дразды ў Мінску.

semya_drozd.jpg

“Сынок, КДБ застаўся тым жа самым”


Гісторык-архівіст Зміцер Дрозд паходзіць з сям’і, дзе толькі па мячы (г. зн. па бацькоўскай лініі) з 50 чалавек раскулачылі і саслалі больш за 30. Хаця дакладнай лічбы даследчык не ведае: няма звестак пра тое, ці ўсе даехалі да месца ссылкі.
– У сям’і пра гэта ніхто не хацеў казаць. Сам я даведаўся пра рэпрэсаваных сваякоў, калі мне было 16 ці 18 год. Але сястра майго дзеда, якая яшчэ жыве, заўсёды паўтарае фразу: “Сынок, КДБ застаўся тым жа самым”. Яны былі вельмі напалоханыя. Але паводле росту гістарычнай самасвядомасці я пачаў шукаць сам, – распавёў гісторык Службе інфармацыі “ЕўраБеларусі”.
Гэты рост гістарычнай самасвядомасці падштурхнуў даследчыка стварыць Школу пошука інфармацыі аб рэпрэсаваных і дапамагаць іншым людзям літаральна па дробках здабываць звесткі пра сваіх продкаў, якія трапілі пад машыну савецкіх рэпрэсій. Але перад гэтым Зміцер сам прайшоў праз змаганне з закрытымі архівамі і перапіскі з самымі рознымі ведамствамі, якія ўсё яшчэ працягваюцца.
А пачалося ўсё ў 2006 годзе, калі гісторык напісаў 20 лістоў у інфармацыйныя цэнтры МУС Расіі, у тым ліку ў Свярдлоўскай і Архангельскай абласцей. І першы атрыманы адказ, дзе быў пералічаны поўны склад раскулачанай сям'і прапрадзеда Паўла Дразда, якую саслалі ў Верхнятоімскі раён Архангельскай вобласці, натхніў Змітра на далейшыя пошукі.

Зміцер Дрозд. Фота Службы інфармацыі "ЕўраБеларусі"

Зміцер Дрозд. Фота Службы інфармацыі "ЕўраБеларусі"



Ананімны “дабразычлівец”


Напачатку 1890-х гг. продкі гісторыка набылі два ўчасткі зямлі, якія размяшчаюцца на сённяшняй тэрыторыі элітнага раёна, а таксама зоны адпачынку Дразды.
– Калі я толькі пачынаў займацца радаводам, быў перакананы, што мае продкі-сяляне жылі ў вёсцы Дразды, і таму атрымалі прозвішча Дрозд. Але ўсё аказалася наадварот: калі мае продкі набылі гэтую зямлю, адзін з фальваркаў называўся Дуды. Калі я стаў шукаць у архіве, то не знайшоў на дарэвалюцыйных мапах вёскі Дразды, гэтая назва замацавалася пазней.
Яшчэ ў 1926 годзе тыя землі называлі і Дуды, і Хмарынскія пасекі (па прозвішчы апошняга мінскага ваяводы Адама Хмары), але з’явілася і новая назва – Дразды.
У гэты час рэпрэсіі ўжо пачыналі набіраць моц: усе “кулакі” былі перапісаныя і абкладаліся непад’ёмнымі падаткамі. У 1929 годзе ў газеце “Рабочы” (якая пазней пераўтварылася ў “Савецкую Беларусь”) з’явілася зацемка пад назвай “Памешчыцкае гняздо – у 4-х вярстах ад Мінску”. У ёй нейкі ананім распавядае, што сям’я Драздоў мае ва ўласнасці зямлю, улетку здае дачы савецкім служачым, эксплуатуе беднату для апроцоўкі зямлі, спекулюе маслам, малаком, садавінай і пры гэтым плаціць мізэрны падатак. Гэтая зацемка вырашыла далейшы лёс продкаў Змітра: у 1930 годзе іх раскулачылі і саслалі.

Тая самая зацемка ў газеце "Рабочы". Фота Службы інфармацыі "ЕўраБеларусі"

Тая самая зацемка ў газеце "Рабочы". Фота Службы інфармацыі "ЕўраБеларусі"


– Кажуць, што ў 1930-х было напісана 4 млн даносаў. Я думаю, што кожны год пісалі па 4 млн даносаў, прычым не ў НКУС, а ў газеты, – зазначае гісторык.
Ён дадае, што яго продкі не былі кулакамі ў класічным разуменні гэтага слова: яны ніколі не выкарыстоўвалі наёмную працу і ўвогуле былі прыкладам звычайнай сялянскай сям’і, члены якой усяго дамагаліся ўласнымі высілкамі. Адзіным “непрацоўным” даходам Драздоў была здача тых самых летніх дамкоў для адпачынку.
– Калі маіх продкаў раскулачылі, не цяжка здагадацца, каму перайшлі “ў спадчыну” гэтыя дамкі. Адзін дастаўся старшыні Камгасу…

Ссылка – расстрэл – ссылка


А сям’я Драздоў апынулася ўжо зусім на іншай мапе – спачатку на Салаўках, у лагеры асобага прызначэння (знакаміты СЛОН), а пасля ў Архангельскай вобласці. Раскулачаны былі сам Павел Дрозд, тры яго сыны і дачка, а таксама ўнукі і нават праўнукі. Старэйшай сасланай з роду паводле дакументаў было 95 год… Вядома, што за паўгода ў ссылцы памерлі тры чалавекі з сям’і.
Аднак адзін з трох сыноў Паўла Дразда Мікалай усё ж вырашыў пазмагацца за волю: яму ўдалося ўцячы з пасялення і схавацца ў Мінску, і дзякуючы гэтаму ён змог пражыць яшчэ некалькі год. Яго арыштавалі ў навагоднюю ноч 1938 года. У КДБ Зміцер Дрозд змог атрымаць даведку аб тым, што Мікалай быў польскім шпіёнам. Ён нібыта быў завербаваны сваім дзядзькам Васілём і перадаваў звесткі яшчэ аднаму сваяку – Раману. Праўда, у тыя часы нікога не цікавіла, што ўсе яны былі высланыя яшчэ ў 1930 годзе, і ні Васіля, ні Рамана даўно не было ў жывых… Мікалая Дразда расстралялі, калі яму было 39 год. Як мяркуе Зміцер – у Курапатах.
Яшчэ адна гісторыя звязаная з 27-гадовай унучкай Паўла Дразда па кудзелі Ганнай Ніканавай, якая зведала рэпрэсіі ўжо ў 1948 годзе. Прычынай паслужылі яе антысавецкія погляды: дзяўчына казала, што з прыходам савецкай улады яе сям’я ўсё страціла. Ганну хацелі судзіць па артыкуле за “здраду Радзіме”, але не знайшлі ніякіх доказаў і проста выслалі на шэсць гадоў у Сібір як “сацыяльна чужы элемент”. Пасля высылкі ў Беларусь яна не вярнулася.  

Большасць раскулачаных застаюцца нерэабілітаванымі


Гісторык-архівіст заняўся не толькі пошукамі сваіх рэпрэсаваных продкаў, але і іх рэабілітацыяй.
– Людзі часта думаюць, што партыя пасля ХХ з’езду прызнала свае памылкі і ўсе невінаватыя былі апраўданы. Гэта абсалютна не так. Большасць людзей была менавіта раскулачана, а іх рэабілітацыяй ніхто не займаўся. Рэабілітавалі толькі тых, хто быў асуджаны пазасудовымі органамі – двойкамі, тройкамі. А калі раскулачаныя самі не звярталіся па рэабілітацыю, гэтага ніхто не рабіў.

Зміцер Дрозд. Фота Службы інфармацыі "ЕўраБеларусі"

Зміцер Дрозд. Фота Службы інфармацыі "ЕўраБеларусі"


У 2012 годзе Зміцер дамогся рэабілітацыі некаторых членаў сваёй сям’і. А пра некаторых ён да гэтага часу не можа нават даведацца: у КДБ даследчыку не дазваляюць пазнаёміцца са справамі сваіх далёкіх сваякоў, патрабуючы доказаў таго, што ён з’яўляецца іх нашчадкам.
– Я вяду перапіску з рознымі ведамствамі з 2006 года, і часта іх адказы адбіваюць усё жаданне займацца пошукамі, – прызнаецца гісторык. – Але пісаць і дамагацца свайго ўсё роўна трэба.
Па словах Змітра, рэабілітацыя – вельмі балючае для Беларусі пытанне, бо гэты працэс ужо, па вялікім рахунку, згорнуты, і нярэдка можна пачуць адказ, што ўсіх, каго можна, ужо рэабілітавалі.
– Калі гэты працэс пачаўся, людзям нават выплачвалі кампенсацыю за страчаную маёмасць. Цяпер у Беларусі ніякіх выплат не адбываецца, таму няма і стымулу займацца рэабілітацыяй раскулачаных сваякоў. Вось калі б вярталі землі – я думаю, чарга б стаяла, – перакананы гісторык.
Але даследчык не меў сваёй мэтай нейкую матэрыяльную карысць, для яго было важна аднаўленне справядлівасці. А яшчэ дзякуючы пошукам продкаў Зміцер пазнаёміўся са сваімі сваякамі па іншай лініі з рэдкім прозвішчам Мохарт, якія цяпер жывуць у Расіі.
– Калі я даведаўся, што ў Свярдлоўску жывуць Мохарты, стаў ім пісаць, і для іх было сапраўдным узрушэннем даведацца, што ў Беларусі ў іх ёсць сваякі. Яны ведалі, што паходзяць з сям’і сасланых, але падрабязнасцямі ніколі не цікавіліся. Я паказаў ім іх радавод і герб. Але гэтыя людзі ўжо цалкам рускія…
eurobelarus.info