«Еду ў Магадан» і «Бунт батанікаў» — турэмная традыцыя беларускай літаратуры
У Вільні ў межах IV Форума праваабаронцаў адбылася прэзентацыя дзвюх першых кніг з серыі "Беларуская турэмная літаратура", якой апякуецца ПЦ "Вясна".
Удзельнікі форума пазнаёміліся з кнігамі Ігара Аліневіча "Еду ў Магадан" і Змітра Дразда "Бунт батанікаў", а таксама мелі магчымасць паразмаўляць з аўтарам апошняй кнігі.
У кнігах, выдадзеных ў Беларусі накладам 500 асобнікаў, палітычныя актывісты, якія прайшлі турму, у дзённікавай форме распавядаюць пра свой досвед знаходжання ў няволі.
Па словах ініцыятара серыі Алеся Бяляцкага, у Беларусі жанр турэмнай літаратуры мае свае традыцыі і, на жаль, атрымаў у навейшай гісторыі сваё развіццё. Калісьці, седзячы на Валадарцы, Якуб Колас пісаў паэму "Новая зямля". На сёння калекцыю турэмных твораў папоўнілі Славамір Адамовіч, Зміцер Дашкевіч, Уладзімір Някляеў, Анатоль Лябедзька, Андрэй Саннікаў, Аляксандр Фядута. У хуткім часе ў межах серыі плануецца выхад кніг былых палітвязняў Мікалая Дзядка і Алеся Кіркевіча.
"Турма — гэта зусім іншы свет. Для мяне гэта было, як вандроўка Міклухі Маклая ў краіну людажэраў. Але ў той жа час турма, найперш, гэта людзі, якія знаходзяцца побач з табой. Калі пашанцуе — з табой у камеры адэкватныя людзі, то можна прыстасавацца", — распавядае аўтар "Бунта батанікаў" Зміцер Дрозд.
Па словах Змітра, турма робіць чалавека больш адчувальным і нават сентыментальным: "Калі мяне везлі на этап у Бабруйск, і праз шчыліну я убачыў зялёную траву, мяне прабіла на слёзы".
Чытайце таксама: Няскораны: «загад — адмова — удар, загад — адмова — удар...»
Статус палітычнага зняволенага, паводле ўспамінаў Змітра, мае свае плюсы і мінусы.
Пасля прэзентацыі прысутныя хутка разабралі кніжкі і выстраіліся ў чаргу да аўтара па аўтографы.