«Зняволеным у нашай дзяржаве можа стаць любы»

«Я ні ў чым не вінаваты, але ўдзячны суддзі за мяккі прысуд», — сказаў пасля суда Яўген Пашкевіч. У Слуцку вынесены яшчэ адзін прысуд, які шмат хто лічыць сумніўным. Адвакатка ўпэўнена: справу сфабрыкавалі.

img_7311_03_02_18_16_58_logo.jpg


На першы погляд, справа падаецца зусім простай. Неаднойчы судзімы Алег Герасімовіч быў абвінавачаны ў крадзяжы гаманца з сумкі жанчыны, якая адпачывала з сябрамі ў слуцкім начным клубе «Паркінг» 9 верасня.
11 верасня ён і яго знаёмы Яўген Пашкевіч былі затрыманы супрацоўнікамі Слуцкага РАУС і да суда амаль 5 месяцаў знаходзіліся ў СІЗА. За злачынства, прадугледжанае часткай 2 артыкула 205 Крымінальнага кодэксу (крадзёж групай асобаў), суд прысудзіў Герасімовічу год і тры месяцы папраўчай калоніі строгага рэжыму. Яўген Пашкевіч, які знаходзіўся разам з Герасімовічам у клубе, быў пакараны трыма месяцамі арышту за «пасобніцтва ў крадзяжы».

img_0278_logo.jpg


Змененыя паказанні

Усім знаёмы выраз: «Злодзей павінен сядзець у турме». Грамадзяне, якія не прысутнічалі ў судзе, будуць задаволены пакараннем яшчэ аднаго злодзея і яго «пасобніка». Зусім інакш аднесліся да абвінаваўчага прысуду людзі, якія ўважліва выслухалі довады абодвух бакоў і супярэчлівыя паказанні пацярпелай і яе сведкаў.
Чамусьці ў першапачатковых паказаннях міліцыянтам пацярпелая казала, што адсутнасць грошай заўважыла толькі назаўтра дома, калі збіралася ў краму. Муж паказаў, што яму яна сказала пра адсутнасць грошай толькі ў краме. Падчас следства паказанні радыкальна былі зменены: цяпер ужо адсутнасць грошай была заўважана ўсімі ў таксоўцы адразу пасля ад’езду з «Паркінга».
Адвакатка выказала думку, што такія паказанні былі зменены пацярпелай пасля сумеснага прагляду з міліцыянтамі відэазапісу адпачынку ў клубе, бо міліцыянты там заўважылі Алега Герасімовіча.

Ці быў хлопчык…

На відэафайлах следчыя заўважылі, што пацярпелая падчас танцаў паставіла сваю сумку непадалёк ад Алега Герасімовіча, які праз некаторы час зрабіў нейкі мах рукой у бок сумкі. Следчыя палічылі, што ён выкраў з сумкі гаманец і перадаў свайму сябру, каб той выйшаў на вуліцу і дастаў там грошы.
Падчас прагляду відэазапісаў у судзе ніхто з прысутных у залі суда, у тым ліку і карэспандэнт НЧ, ніякай крамолы ў паводзінах Герасімовіча і Пашкевіча і рухах іх рук не заўважылі. Мужчыны ціха-мірна сядзелі за столікам, размаўлялі са знаёмымі дзяўчатамі і ніякіх актыўных зладзейскіх дзеянняў не рабілі. Ва ўсялякім выпадку, на відэафайле рука Герасімовіча ўнутры сумкі не была заўважана.
А, пагадзіцеся, сядзець у клубе за столікам тры гадзіны і не зварухнуцца ў той ці іншы бок — нерэальна для любога чалавека. Да таго ж Пашкевіч патлумачыў, што ў яго не было з сабой грошай, а Герасімовіч перыядычна перадаваў яму цыгарэты і грошы на напоі. Следства і суд угледзелі ў гэтай перадачы зладзейскія дзеянні, звязаныя з перадачай гаманца.
Дарэчы, гаманец, які Пашкевіч нібыта вынес з клуба ў кішэні, каб вытрасці адтуль грошы і пасля вярнуць у сумку, падчас судовага следства нават не залез у кішэню — занадта вялікі.
Яшчэ адзін сумніўны доказ — наяўнасць сліны пацярпелай на адной з 100-доларавых купюр, нібыта знойдзеных у кішэні Герасімовіча пры яго затрыманні праз дзень. Вось толькі ніякіх біялагічных слядоў самога Герасімовіча на гэтай грашовай адзінцы не выяўлена. Затое ўпакоўка грошай следчымі чамусьці праводзілася двойчы і з парушэннем заканадаўства.
Цікава, што каля гэтай жа расхрыстанай і безнагляднай сумкі, якая нібыта знарок была пакінута на самым праходзе, на відэа быў заўважаны падазроны малады чалавек. Ён шмат часу круціўся каля яе і рабіў нейкія маніпуляцыі, але яго фігура бачная толькі напалову.

Красці не па статусу

Сам жа абвінавачаны Алег Герасімовіч — асоба цікавая. Кажуць, што ён быў «злодзеем у законе» — каранаваны на сходцы ў Дубаі ў снежні 2012 года. Але сваё «званне» адстаяць не здолеў, і яго пазбавіўся. Герасімовіч мае не адну судзімасць за іншыя злачынствы, але дагэтуль гаманцоў не краў.
Ён распавёў у судзе, што пра крадзёж у «Паркінгу» яму стала вядома ад знаёмых на наступны ж дзень. А паколькі ён знаходзіцца пад міліцэйскім наглядам, гэтая навіна яго занепакоіла, і ён папрасіў дырэктара клуба дазволу прагледзець відэа. Пабачыўшы на відэа знаёмага падазронага чалавека, ён патэлефанаваў таму і параіў «вырашыць праблему».
«Я сказаў па тэлефоне чалавеку, якога заўважыў у клубе, што не хачу адказваць за чужое злачынства, і мне не патрэбныя праблемы», — распавядаў Герасімовіч.
У той жа дзень у сваім двары пацярпелая «знайшла» пакет, дзе ляжалі 500 долараў. Такім чынам, крадзёж, калі ён меў месца, быў перакрыты з лішкам — пацярпелая сцвярджала, што былі скрадзены 403 долара і невялікая сума ў беларускіх грошах.

img_6392_1_logo.jpg


Нашто прарабу чужы гаманец

Што тычыцца асобы Яўгена Пашкевіча, то ён ведае Герасімовіча з дзяцінства, раслі побач. Пашкевіч каля 20 гадоў жыве ў Расіі, працуе прарабам у адной кампаніі. У Слуцк прыязджае наведаць хворую маці, якая стала горш пачувацца пасля смерці бацькі.
У судзе была зачытана характарыстыка з месца працы, якая паказвае Пашкевіча як ідэальнага працаўніка і прыстойнага чалавека.
Пасля вынясення прысуду аб пакаранні арыштам на 3 месяцы, ён адразу быў вызвалены на волю. У Жодзінскім СІЗА адсядзеў каля 5 месяцаў і цяпер вельмі задаволены, што яго ўрэшце выпусцілі.
— Удзячны суду за мяккі прысуд, — гаворыць Яўген. — Я ні ў чым не вінаваты, ніколі ў сваім жыцці нічога і ні ў каго не краў. Але ў Жодзінскім СІЗА я нагледзеўся на людзей, якія сядзяць ні за што ў турмах па 4-5 гадоў. У жудасных нечалавечых умовах. Гляджу на свае турэмныя прыгоды, на ланцугі і клетку як на нешта недарэчнае, але характэрнае для нашага правасуддзя. На жаль, зняволеным у нашай дзяржаве можа стаць любы чалавек.
Мужчына нават не хоча абскарджваць прысуд, бо баіцца мець далейшыя зносіны з беларускай Фемідай ды нашкодзіць Алегу Герасімовічу.
Яўген распавёў, што следчыя падчас допытаў настойвалі, каб ён даў паказанні на Герасімовіча і абяцалі яго адразу выпусціць.
— Адным з доказаў у судзе гучала версія, што Герасімовіч перадаў мне гаманец, які я нібыта вынес у кішэні сваёй байкі, — гаворыць Яўген. — Следчыя нібыта праводзілі следчы эксперымент у кавярні, але нас, галоўных герояў, туды нават не запрасілі. І ўсе ў судзе бачылі, што гаманец у кішэню маёй байкі нават не лезе. Гэтак жа ён не змяшчаецца і ў руцэ Герасімовіча. Як я мог казаць, што Герасімовіч нешта краў, калі ён не краў?
У Расіі Яўген нядрэнна зарабляе, апрануты ў дарагія рэчы. Абвінавачванне ў крадзяжы гаманца, па яго словах, зневажае яго годнасць.

9 скаргаў — 1 адказ

Родзічы і знаёмыя Яўгена Пашкевіча лічаць, што ён адседзеў амаль 5 месяцаў у СІЗА з-за сваёй прыстойнасці.
Яму казалі «здаць» Герасімовіча, але ён не мог гэтага зрабіць, бо з дзяцінства прыстойны чалавек, — распавядае маці Яўгена Валянціна Пашкевіч. — Я не мела з ім ніякіх клопатаў. Ён ніводнага разу ні з кім не пабіўся, і яго неяк ніхто не чапаў.
Валянціна гаворыць, што пасля нечаканага і гвалтоўнага арышту Яўгена жыве толькі на ўколах і таблетках.
Міліцыянты наляцелі з крыкам і гвалтам, мы з сястрой тады ледзве не ўтрупянелі, — успамінае пра затрыманне сына ў верасні жанчына. — Нечага шукалі, палезлі на гарышча, выламалі там дзверы, нягледзячы на ключ, які тырчаў у дзвярах. Як быццам мы схавалі нейкага тэрарыста з бомбай, якая пагражала жыццям сотням людзей. Да гэтага часу не магу адысці ад таго жаху.


Валянціна Пашкевіч напісала 9 скаргаў у следчыя і пракурорскія інстанцыі на абставіны міліцэйскага налёту, але толькі пасля суда атрымала адзін адказ аб правамернасці дзеянняў праваахоўнікаў.
Маці добра ведае гісторыю братоў Барбашынскіх, адзін з якіх раптоўна памёр у Жодзінскім СІЗА яшчэ падчас суда. Перажывала, каб хаця там з сынам было ўсё добра.

img_0282_1_logo.jpg


Шмат прэтэнзій да следстваАдвакатка Святлана Лабоха лічыць, што справа супраць Герасімовіча і Пашкевіча наўпрост сфабрыкавана і мае шмат прэтэнзій да слуцкага следства. Выступаючы ў абарону Герасімовіча яна заявіла суду аб адсутнасці рэальных доказаў яго злачынства і наяўнасці сумніўных доказаў. Яна папрасіла суддзю накіраваць інфармацыю пра гэта пракурору для вырашэння пытання аб прыцягненні следчых да адказнасці.
— Пры знаёмстве са справай Герсімовіча ў мяне ўзнікла ўяўленне, што камусьці хочацца, каб Герасімовіч увесь час сядзеў. Таму над ім існуе такі жорсткі кантроль і яго садзяць у турму за парушэнне прэвентыўнага надзору нават за нязначную правіннасць: перайшоў дарогу на чырвонае святло, пакурыў не ў тым месцы, — гаворыць абаронца. — У дадзеным выпадку абвінавачванне грунтуецца толькі на домыслах і здагадках, згодна якім нельга выносіць абвінаваўчы прысуд.
На думку абаронцы, Яўген Пашкевіч, увогуле, трапіў «пад раздачу».
Цікава, што абодва абвінавачаныя падпісалі дамову на абарону менавіта з адвакатам Святланай Лабоха, але суддзя Аляксандр Шутко дазволіў ёй абараняць толькі аднаго Герасімовіча. Для Пашкевіча суддзя адшукаў дзяржаўнага адваката ўжо падчас судовага працэсу.
Калі б прысутныя ў залі былі ўдзельнікамі суда прысяжных, яны б адзінагалосна вынеслі вердыкт аб нявіннасці падсудных пасля агучвання ўсіх сумніўных доказаў.
Тым не менш, 1 лютага суддзя Аляксандр Шутко вынес абвінаваўчы прысуд. Абвінавачаныя таксама павінны заплаціць за судовую экспертызу, заказаную следствам, — каля 1000 долараў. Дарэчы, яны заплоцяць за экспертызу, якая фактычна з’яўляецца доказам іх нявіннасці.


Шмат хто з апытаных случчан не вераць, што былы «злодзей у законе», які заўседы пры грошах, такі дурны, што паквапіўся на гаманец, седзячы пад відэакамерай.