Журналіста Дзяніса Івашына перавялі з карцара ў камеру

Гродзенскага журналіста Дзяніса Івашына перавялі з карцара ў камеру ў турме № 1 у Гродна.

103092377_10222599005954351_46177774218933120_n.jpg

Маці журналіста Людміла Івашына адзначыла ў каментары БелаПАН, што такую выснову можна зрабіць зыходзячы з таго, што 7 траўня ў яе прынялі перадачу для сына.

Перадачу ў акенцы прынялі. Значыць, яго вярнулі ў камеру. На сёння гэта ўсё, што вядома. Хутчэй за ўсё, адвакат наведае яго пасля доўгіх выхадных, і мы зможам даведацца, як ён сябе адчувае пасля карцара”, — сказала Івашына.

Нагадаем, адвакат 3 траўня наведала журналіста ў карцары. Яна паведаміла маці, што ў камеры вельмі холадна. Вызваліць яго з карцара павінны былі а 17-й гадзіне 6 траўня — пасля сямі дзён знаходжання.

“Пакаралі яго з нейкіх бытавых прычын. Што за прычыны, незразумела. Я лічу, што гэта катаванні, і на гэта трэба рэагаваць”, — заявіла раней Івашына. На пытанне аб самаадчуванні сына яна паведаміла: “Настрой нармальны, ён адэкватна ўспрымае ўсё, разумее сітуацыю. Але, на жаль, сітуацыю на гэты момант змяніць немагчыма”.

Паводле слоў Людмілы Івашынай, цяжка ўявіць, што адбываецца ў краіне, перажываць гэта складана. Яна падкрэсліла, што з яе сынам ніякіх следчых дзеянняў не вядзецца.

Дзяніс Івашын быў затрыманы вечарам 12 сакавіка ў сваёй гродзенскай кватэры і змешчаны ў следчы ізалятар. У той жа дзень сілавікі правялі вобшукі ў кватэры журналіста, дома ў маці Івашына, а 15 сакавіка — у яго 95-гадовай бабулі. У дачыненні да журналіста абраная мера стрымання ў выглядзе ўтрымання пад вартай на два месяцы.

19 сакавіка Івашыну выставілі абвінавачанне паводле арт. 365 Крымінальнага кодэкса нібыта за ўздзеянне на супрацоўніка органаў унутраных спраў з мэтай змены характару яго законнай дзейнасці шляхам абвяшчэння звестак, якія ён жадае захаваць у таямніцы.

Прадстаўнікі беларускай праваабарончай супольнасці адзначаюць, што дзейнасць Дзяніса Івашына ў межах журналісцкіх расследаванняў пры падрыхтоўцы серыі публікацый аб праходжанні службы былых супрацоўнікаў спецыяльнага падраздзялення ўкраінскай міліцыі “Беркут” у складзе атрадаў міліцыі асаблівага прызначэння Беларусі (АМАП) мела легітымную мэту давядзення да грамадства інфармацыі, якая ўяўляе сацыяльную значнасць. Інфармацыя для правядзення журналісцкага расследавання бралася з адкрытых крыніц. Праваабаронцы прызналі Івашына палітзняволеным. 

www.racyja.com, belapan.by