«Два допыты за чатыры месяцы». Што новага ў справах Юліі Слуцкай, Андрэя Аляксандрава і Дзяніса Івашына

Расследаванне спраў журналістаў праз чарговыя два месяцы ад затрымання працягваюць, яны застаюцца за кратамі. Але істотнага нічога ў справах не адбываецца. Пра гэта ў адзін голас кажуць сваякі журналістаў Юліі Слуцкай, Андрэя Аляксандрава і Дзяніса Івашына, піша «Свабода».

47a5a1bb_b8e5_4bd6_8a78_e2888e89b79d_w650_r0_s.webp

 «Вучыць польскую мову і шмат чытае»

Заснавальніцу «Прэс-клубу» Юлію Слуцкую трымаюць за кратамі з 22 снежня, яна сядзіць на «Валадарцы». Вінавацяць вядомую журналістку ў нясплаце падаткаў у вялікім памеры. 23 красавіка следзтва па справе працягнулі яшчэ на 2 месяцы. Пра гэта яе дачка Аляксандра даведалася ад абаронцы. Аляксандра адзначыла, што цягам двух тыдняў да гэтага ад маці не было лістоў, што яе ўжо не здзівіла.

«У іх нібы практыка такая: чамусьці як працяг справы, дык перад гэтым знікае ліставанне. А потым зноў аднавілася. Мы стараемся пісаць адна адной кожны дзень. Маці трымаецца. Пра яе настрой ведаю, што працягвае верыць у вызваленне. Але не засяроджваецца на пэўнай даце, а жыве станоўчымі эмоцыямі, якія ўдалося атрымаць цяпер. Прагулка, неба над галавой — ужо магчымасць падняць настрой. Гэтак псіхалагічна лягчэй.

Бо ўмовы ў яе складаныя. У камеры 8 чалавек, людзі цікавыя, але кураць. Вольнага месца вельмі мала. Нядаўна падсялілі жанчыну, у якой ВІЧ, а з гэтай прычыны слабы імунітэт. Яна была прастуджаная, і ад яе ўсе падчапілі нейкую прастуду. Але гэта не «карона», мама на яе раней перахварэла. Цяпер пачуваецца нармальна.

Два разы на дзень працягвае рабіць трэніроўкі, другую праводзіць падчас прагулкі, у турэмным дворыку. Але гэта не такі вялікі дворык, як у амерыканскіх фільмах, а маленькая пляцоўка паміж бетоннымі сценамі, па цэнтры — часта лужына, бегчы можна толькі на месцы.

Яшчэ ведаю, што шмат чытае, піша і вучыць польскую мову, якой навучае Анжаліка Борыс, актывістка з Гродна», — расказала дачка Юлі Слуцкай Аляксандра.

Паводле Аляксандры, за 4 месяцы, як яе маці пад вартай, з ёй правялі толькі два допыты, і тыя на самым пачатку.

«Цяпер проста сядзіць. Нечага чакаюць, ці што? Не ведаю», — кажа Аляксандра пра следства.

Кожны дзень, акрамя панядзелка, Аляксандра носіць маці на «Валадарку» харчовую перадачу — суп, гародніну, садавіну, якую дазваляюць. Адначасова Аляксандра апякуецца братам Пятром, аператарам Прэс-клубу, якога таксама трымаюць на «Валадарцы» як фігуранта той жа справы аб падатках.

Усяго па гэтай справе праходзяць 5 супрацоўнікаў «Прэс-клубу». Вядома, што яшчэ ўзімку сваякі затрыманых пералічылі на рахунак Следчага камітэту ў якасьці магчымай кампенсацыі стратаў суму, у эквіваленце большую за 42 тысячы долараў. Сваякі адзначалі, што гэта не сведчыць аб прызнаньні віны, але неабходна для верагоднай змены меры стрымання. Аднак для Юліі Слуцкай, як і для яе сына Пятра, мера стрымання дагэтуль не змененая. Паводле Аляксандры, з яе братам Пятром Слуцкім за 4 месяцы на «Валадарцы» ўвогуле не было ніводнага следчага дзеяння.

Праваабаронцы прызналі Юлію Слуцкую і яе затрыманых калег па «Прэс-клубу» палітычнымі вязнямі.

«Частка лістоў не даходзіць, гэта цэнзура»

4652abf4_8194_4a2b_886b_a99583a424ae_w650_r0_s.webp

Журналіст і мэдыямэнэджар Андрэй Аляксандраў быў затрыманы 12 студзеня і пасля адседкі на Акрэсціна ўтрымліваецца ў СІЗА № 1 на вуліцы Валадарскага. Аляксандрава вінавацяць паводле 342 артыкула аб арганізацыі і падрыхтоўцы да дзеянняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак.

Андрэем апякуюцца бацькі і сябры, сярод іх журналіст Дзмітрый. Ён рэгулярна лістуецца з сябрам і перадае яму харчовыя перадачы.

«Што набыў? Сала з мяснымі пражылкамі, як ён любіць, кавалак вэнджанай каўбасы, гародніну і садавіну, якую можна, бо не ўсё, што хочацца ўкласці, дазваляюць. Андрэй просіць не перадаваць салодкага, бо там магчымасцяў рухацца няшмат, хоча трымаць сябе ў форме. Ён не курыць, хоць раней прасіў перадаваць яму цыгарэты, відаць, для абмену, але цяпер ужо не просіць. У яго добры настрой, не маркоціцца. Выпісаў яму «Новы час» і «Беларусы і рынак», чытае кнігі, глядзіць тэлевізар. Цяпер у камеры 4 чалавекі, раней было 8. Адносіны з усімі нармальныя».

Дзмітрый кажа, што ліставанне з Андрэем ідзе з перапынкамі.

«Мы з жонкай яму пішам, але дакладна не ўсе лісты даходзяць, бо на некаторыя пытанні адказаў не атрымліваем. Мяркую, гэта цэнзура. Таму стараемся нічога не пісаць такога, каб не нашкодзіць. Ведаю, што ўжо больш за 2 месяцы ніякія следчыя дзеянні з ім не вядуцца, а чаму гэтак — невядома», — расказаў Дзмітрый, сябра журналіста Андрэя Аляксандрава.

Разам з Андрэем Аляксандравым міліцыянты затрымалі ягоную сяброўку Ірыну Злобіну. Паводле намесніка міністра ўнутраных спраў Юрыя Казакевіча, Андрэй Аляксандраў і Ірына Злобіна нібыта займаліся фінансаваннем пратэставай актыўнасці, са жніўня Андрэй аплаціў 250 штрафаў пратэстоўцам, грошы нібыта браліся з фонду BY.Help. Вядома, што Андрэй віны не прызнае.

Андрэй Аляксандраў і Ірына Злобіна беларускімі праваабаронцамі прызнаныя палітвязнямі. Пасля 12 траўня стане вядома, ці працягнулі следзтва па справе Андрэя Аляксандрава і Ірыны Злобінай.

«Двойчы звярталася па спатканне, але марна»

p_4.webp

Жонка гарадзенскага журналіста Дзяніса Івашына Вольга толькі ў канцы сакавіка, праз больш як 2 тыдні ад затрымання мужа, пачала рэгулярна атрымліваць яд яго звесткі з турмы. А трымаюць Дзяніса Івашына ў горадзенскім следчым ізалятары, што ў будынку старажытнага кляштара. Вольга вельмі непакоіцца пра здароўе Дзяніса, бо ўмовы ў гэтым будынку лічыць «не лепшымі».

«Піша, што ў камеры холадна. Зразумела, старыя тоўстыя сцены, мала паветра, вільгаць. Раней выводзілі на прагулкі, цяпер не ведаю. У камеры 6 чалавек, усе па крымінальных артыкулах, але кажа, што адэкватныя людзі, канфліктаў няма», — расказала Вольга пра ўмовы, у якіх знаходзіцца яе муж. Пры гэтым жанчына адзначае, што настрой мужа за час арышту «трошку змяніўся».

«Спачатку супакойваў, што вось-вось выйдзе, цяпер больш спакойны, відаць, прызвычаіўся да таго, што прыйдзецца пацярпець. Больш непакоіцца пра мяне і маці, увесь час пытаецца, як мы», — кажа Вольга.

Жонка Дзяніса Івашына прызналася, што для яе цяпер востра паўстала фінансавая праблема, бо яна не працуе, глядзіць старэйшых у сям’і.

Дзяніса Івашына ў турме рэгулярна наведвае адвакат, але не для ўдзелу ў следчых дзеяннях, мяркуе Вольга.

«Па кошце юрыдычных паслугаў бачу, што гэта проста візыты, ніякія не допыты. То бок нічога ў справе не адбываецца. І меры стрымання не мяняюць. Двойчы звярталася да следчага, каб хаця б дазволіў спатканне, але марна. Адказаў, што нібыта няма прычыны. Цяпер чакаю 12 траўня. Будзе 2 месяцы, і можа што зменіцца з мерай стрымання», — спадзяецца Вольга Івашына.

Дзяніс Івашын — пазаштатны карэспандэнт газеты «Новы час». Таксама Дзяніс займаўся ўласнымі журналісцкімі расследаваннямі, у тым ліку даследаваў дзейнасць прарасійскіх структур, якія, на ягоную думку, звязаныя з рэстарацыяй «Поедем поедим», што каля Курапатаў. Дзяніса Івашына затрымалі 12 сакавіка. Паводле афіцыйнай інфармацыі, журналісту інкрымінуюць 365 артыкул Крымінальнага кодэксу аб умяшанні ў дзейнасць супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, але ў чым канкрэтна падазраецца Дзяніс Івашын, ягоным сваякам дагэтуль невядома.

Дзяніс Івашын таксама прызнаны палітвязнем.