Стыпендыята фонду Лукашэнкі, якога абвінавачваюць у экстрэмізме, прызналі палітвязнем

19-гадовага студэнта другога курсу хімфака БДУ, пераможцу алімпіяд па хіміі Арцёма Баярскага праваабаронцы прызналі палітвязнем, паведамляе пазбаўлены рэгістрацыі Праваабарончы цэнтр «Вясна».

artem_boyarskiy_student_bgu.jpg

«Арцём Баярскі толькі мірным чынам рэалізоўваў свабоду мірных сходаў і выказвання свайго меркавання. Яго грамадская дзейнасць ніякім чынам не ўяўляе пагрозы для нацыянальнай або грамадскай бяспекі, грамадскага парадку, здароўя і маральнасці насельніцтва, правам і свабодам іншых асоб. Мірныя пратэсты, нязгода і крытыка палітыкі дзеючай улады з'яўляюцца неад'емным правам грамадзян Беларусі, а пераслед і пазбаўленне волі за гэта з боку дзяржавы — не што іншае, як парушэнне правоў чалавека», — кажуць праваабаронцы.

Яны таксама адзначаюць, што мера стрымання ў дачыненні да хлопца «носіць дэманстратыўна жорсткі характар і была абраная без уліку звестак і характарыстык асобы, выключна ў рэпрэсіўных мэтах».

Праваабаронцы патрабуюць вызваліць Арцёма Баярскага і іншых палітвязняў з-пад варты, а таксама распачаць крымінальную справу і расследаваць факты катаванняў у дачыненні да Баярскага і прыцягнуць вінаватых да адказнасці.

Паводле звестак цэнтра на 6 траўня, у Беларусі 370 чалавек прызнаныя палітвязнямі.

Нагадаем, Арцёма Баярскага затрымалі 24 сакавіка ў інтэрнаце БДУ. Хлопца прысудзілі да 25 сутак адміністрацыйнага арышту, прычына была невядомая. Раней Баярскага ўжо арыштоўвалі на 15 сутак за ўдзел у масавым мерапрыемстве.

Студэнт павінен быў выйсці на свабоду 18 красавіка, але стала вядома, што Арцёма Баярскага затрымалі па арт. 361-1 КК (Стварэнне экстрэмісцкага фарміравання). Як паведамлялі праваабаронцы, падчас допыту 19 красавіка Арцём паведаміў адвакату, што яго білі дубінкамі па спіне і ягадзіцах, прымушаючы прызнацца, што ён з'яўляецца адміністратарам прызнанага экстрэмісцкімі тэлеграм-канала і чата «Мая краіна Беларусь», а таксама ў тым, што ён належыць да сэкс-меншасцяў. Гэта відэа было апублікавана 25 сакавіка ў телеграм-канале журналіста СТВ Рыгора Азаронка.

Хто такі Арцём Баярскі?

Арцём родам з Гродна, распавядае TUT.BY. Ён скончыў школу з залатым медалём і паступіў у БДУ. Ён дадаткова займаўся хіміяй па вечарах і выхадных, удзельнічаў у алімпіядах. У восьмым класе ён выступаў на рэспубліканскай алімпіядзе за дзявяты клас і атрымаў там дыплом другой ступені.

Да 11-га класа хлопец займаўся ў музычнай школе па класе фартэпіяна. Поўны варыянт «Регтайма кляновага ліста» Скота Джопліна — досыць складанага тэхнічна творы — хлопчык граў ледзь не з зачыненымі вачыма з сёмага класа. Таксама ён любіць слухаць і выконваць класічныя творы Шапэна, Бетховена, Дэбюсі.

Чатыры разы Баярскі станавіўся стыпендыятам Спецыяльнага фонду прэзідэнта па падтрымцы таленавітай моладзі і адораных студэнтаў і навучэнцаў. Але ў жніўні 2020-га ён быў адным з сотні стыпендыятаў, якія падпісалі адкрыты ліст аб адмове ад гэтага статусу ў знак пратэсту.