«Водзяць на ланцугу». Жонка палітвязня з анкалагічным захворваннем — пра умовы, у якіх трымаюць мужа

54-гадовага жыхара Віцебска Уладзіміра Малахоўскага ў сакавіку гэтага года асудзілі за гвалт да супрацоўнікаў міліцыі. У мужчыны анкалагічнае захворванне. Беларускія праваабаронцы прызналі Малахоўскага палітвязнем. Яго жонка Ірына распавяла TUT.BY, у якіх умовах мужчыну ўтрымліваюць у Віцебскім СІЗА-2: «Я вельмі хвалююся за ягонае здароўе. Але больш за ўсё мяне абурае, што мужа водзяць на ланцугу — нібы нейкага страшнага злачынца».

malachousky_uladz__1_.jpg

Ірына размаўляла з Уладзімірам на спатканні ў СІЗА. Мужчына, па яе словах, быў у кайданках з ланцугом:

— Мы размаўлялі з мужам па тэлефоне, праз шкло. І на ім былі надзетыя кайданкі з доўгім ланцугом. Ланцуг, пакуль мы размаўлялі, прычапілі да металічнай рашоткі. Я спытала ў мужа, што ўсё гэта значыць. Ён сказаў, што ў яго артыкул 364 КК (Гвалт або пагроза гвалту ў дачыненні да міліцыі). Тады я пацікавілася: «А што, усіх так на ланцугу трымаюць, ці толькі цябе?». Ён адказаў, што толькі яго. Я не разумею, мой муж што — страшны бандыт?

14 красавіка Уладзіміра даставілі з СІЗА на агляд у анкалагічны дыспансер.

— Ён напісаў мне, што і да лекара яго таксама вадзілі ў кайданках з ланцугом. Сапраўды гэтак жа яго пераводзяць з камеры ў камеру, па калідоры ў СІЗА. Адзін раз, распавёў муж, яго матрац нёс не ён сам, а ахоўнік. Сам Уладзімір не мог гэтага зрабіць з-за гэтых кайданкоў з ланцугом і з-за хворага пальца — яму яго зламалі пры затрыманні, і костка дрэнна зраслася, палец не згінаецца.

Як водзяць Малахоўскага на прагулкі, жонка не ведае:

— На маё пытанне: «Што, таксама ў кайданках з ланцугом?» Уладзімір прамаўчаў.

Цяпер ва Уладзіміра 3-я група інваліднасці, ён чатыры разы перанёс хіміятэрапію.

— Лекары кажуць, што цяпер яго стан стабільны, метастаз няма. Але папярэдзілі, што хвароба можа аднавіцца пры моцным стрэсе, нервовым узрушэнні. Таму я вельмі перажываю за мужа. У СІЗА ж чалавек не можа ўдзень прылегчы, адпачыць. А ва Уладзіміра дранцвеюць рукі і ногі, бывае, ён іх наогул не адчувае. Узімку ён перанёс у ізалятары бранхіт, ляжаў пад кропельніцай. Кашляе да гэтага часу. Учора атрымала ад мужа ліст. Піша, што напала туга. Але кажа, што кормяць нядрэнна. Плюс я ваджу перадачы. Усё гэта нялёгка перажываць: за гэты час я схуднела на 8 кг — з 56 да 48 кг.

У сям'і двое дзяцей — 11-гадовы сын і 13-гадовая дачка. Ірына працуе прыбіральшчыцай, яе зарплата — каля 370 рублёў.

— Дзеці пішуць тату, вельмі сумуюць па ім, а ён — па ім. Калі Уладзімір на спатканні пытаецца пра сына і дачку, у вачах у яго слёзы.

Жанчына кажа, што сям'і дапамагаюць матэрыяльна сваякі і знаёмыя.

— Свет не без добрых людзей. Бульба, морква ёсць — у нас свой участак. Неяк жывем. Праўда, дзеці хутка растуць, і трэба пастаянна думаць, як ім купіць вопратку і абутак.

25 траўня абласны суд разгледзіць скаргу Уладзіміра Малаховского на рашэнне суда Першамайскага раёна Віцебска, які 1 сакавіка прызнаў яго вінаватым у гвалце да міліцыянтаў і асудзіў на 3,5 года калоніі. Справу разглядала суддзя Таццяна Родзіна.

Паводле прысуду суда Малахоўскі павінен выплаціць тром пацярпелым міліцыянтам Юрыю Качыхіну, Аляксею Емяльянаву і Пазнякову 3 тысячы рублёў кампенсацыі маральнай шкоды — па тысячы кожнаму.

Паводле абвінавачання, 13 верасня 2020 года Уладзімір Малахоўскі «прыняў актыўны ўдзел у несанкцыянаваным шэсці ў Віцебску, спрабаваў нанесці траўматычныя ўдары па розных частках цела міліцыянтаў, чапляўся за форму, пашкодзіў яе і завалодаў міліцэйскім жэтонам». Пазней, калі яго затрымалі, ён распыліў газ з балончыка ў бок супрацоўнікаў. Так, па версіі пракуратуры, Малахоўскі «нанёс пабоі і прычыніў фізічны боль» супрацоўнікам міліцыі.

З 13 студзеня мужчына знаходзіцца ў віцебскім СІЗА-2.

У судзе Уладзімір Малахоўскі віну не прызнаў. Распавёў, што пры затрыманні яго моцна збілі і зламалі палец.

Міліцыянт Юры Качыхін у судзе сцвярджаў, што абвінавачаны ужыў супраць яго «барцоўская захоп». На пытанне, як ён вызваліўся, сілавік адказаў, што толькі з дапамогай калег.