
Для пачатку адзначу, што ў самой гістарычнай крэпасці 1825 года ўжо з 2009 года ніхто не сядзіць. Аднак магчымасць наведаць замак ёсць у кожнага — праход зняволеных на шпацыр, а таксама непасрэдна ўваход у і выхад з турмы, ажыццяўляецца толькі па яго ніжнім ўзроўні. Там жа размешчаны адсек захоўвання і выдачы матрацаў, таксама можна наведаць старадаўнюю камеру, абсталяваную пад склад рэчаў зняволеных. Тут можна разгледзець старажытныя каменныя аркі і сцены, пабачылі многіх на сваім вяку праржавелыя нары.
- Усіх вязняў турмы размяшчаюць у карпусах, пабудаваных збоку ад замка (гэта 2-х павярховыя цагляныя пабудовы з дадатковым падвальным паверхам);
- на тэрыторыі СІЗА па сённяшні дзень прыводзяцца ў выкананне смяротныя прысуды. Пра тое, дзе менавіта і калі расстрэльваюць, ніхто са зняволеных не ведае. Як мяркуецца, гэта адбываецца ў пабудове за былой стайняй;
- у камерах няма халадзільнікаў (сала, сыр і масла захоўваюць за кратамі або на падлозе пад нарамі); у многіх камерах з лютага сталі адбіраць тэлевізары, што павялічыла інфармацыйную блакаду і ізаляцыю ад усяго таго, што адбываецца ў краіне і свеце;
- дзіўна, але ў СІЗА няма перанаселеных камер, на сённяшні дзень месцаў хапае ўсім. Самыя вялікія хаты на 24 месцы, ва ўсіх па 2 і 3 ярусы. Усяго на Валадарцы цяпер знаходзіцца каля 800-850 чалавек (кажуць, што агульная змяшчальнасць складае прыкладна 1000 чалавек);
- у СІЗА ўсяго 101 камера, плюс некалькі дадатковых хат для смяротнікаў (102, 103), 3-4 карцэры. Самыя горшыя ўмовы ўтрымання — падвальныя камеры корпуса Шанхай, дзе ў многіх прыкметна пагаршаецца здароўе;
- сталыя жыхары турмы — мышы, пацукі, прусакі, павукі. Існуе такое меркаванне, што ўсе грамадзяне, хто знаходзіцца тут пад вартай — гэта ўсё толькі госці турмы, а вось гэтых пастаянных жыхароў турбаваць як бы нельга, гэта іх дом;
- па патрабаванні зняволенага, СІЗА бясплатна прадастаўляе брытвавыя станкі, зубную шчотку і пасту. Таксама па просьбе выдаюць нажніцы, іголку і нітку, машынку для стрыжкі;
- кожны дзень вязняў выводзяць на 1,5 гадзінную прагулку ў невялікія прагулачныя дворыкі. Перасекчыся з іншымі там нельга, бо кожную камеру размяшчаюць у асобны дворык. Некаторых зняволеных водзяць на такую шпацыр ў кайданках;
- тут няма як у Жодзіне гадзіны так званай патрыятычнай песні, хапае таго, што з радыёвузла з унутранага двара гучыць радыё (звычайна ўсіх забаўляе «Рускае радыё»);
- карэспандэнцыю прыносяць 5 раз у тыдзень, і гэта самае доўгачаканая і прыемная падзея абсалютна ва ўсіх зняволеных. Сумна, але па «дзіўным збегу абставінаў» многія лісты ў рукі не даходзяць... Больш шанцаў быць дастаўленым адрасату маюць паштоўкі. І гэтым пакуль можна карыстацца;
- за 3 парушэнні дысцыпліны накіроўваюць у карцэр тэрмінам да 15 дзён. Ад такой долі жанчыны і непаўналетнія не вызваляюцца (для апошніх ёсць асобнае памяшканне);
- кубкі — алюмініевыя, без ручак. Каб трымаць іх у руках даводзіцца рабіць своеасаблівыя вілкі, прыстасоўваць кавалкі тканіны і г.д. Акрамя кубкаў іншага посуду ў хаце няма;
- у душ водзяць 1 раз на тыдзень, час на камеру даецца ад 15 да 45 хвілін;
- рэчы на мыццё не прымаюцца. У камеры ёсць тазік, у ім і сціраюцца. Памытае развешваецца на самаробныя вяроўкі (іх вырабляюць з цэлафанавых пакетаў ад хлеба), батарэю. Падчас праверак і абыходаў правяраючых, вопратку здымаюць,бо развешваць у камеры па правілах нічога нельга;
- калі ідуць у туалет, як правіла, запальваюць кнот з паперы ці цыгарэту. Таму цыгарэты часта патрэбныя нават не паліць. Туалетны квадрат ва ўсіх камерах абгароджаны сценкай, дзесьці ёсць нават паўнавартасныя дзверы. У некалькіх камерах ёсць нават гарачая вада (палітычных там, вядома ж, не трымаюць);
- сілкаванне 3-х разавае. Раніцай — каша (грэчка, пярлоўка, аўсянка, рыс). Днём даюць суп, макароны з мясам, кісель, а на вячэру — бульбачка з рыбай (вараная альбо смажаная). Таксама з 1 красавіка двойчы на тыдзень сталі даваць вараныя яйкі;
- перадачы, пасылкі, грашовыя пераводы даходзяць цудоўна, усё адпраўленае з волі сардэчна паступае без асаблівых страт;
- памятаю, як адзін грамадзянін Расіі, які трапіў сюды за злачынства 25-гадовай даўніны, вельмі здзіўляўся таму, што ў нас усё так строга і нельга тэлефанаваць на волю. Сапраўды, гэта тут нерэальна. Нават у дзяжурных супрацоўнікаў няма пры сабе мабільных тэлефонаў;
- што тычыцца персаналу Валадаркі, то ён больш цывілізаваны, чым іх калегі з Жодзінскай турмы. Гэта прыкметна ў розных дробязях. Яшчэ адна асаблівасць — сярод дзяжурных ва ўсіх карпусах шмат маладых жанчын;
- штодня раніцай і ўвечары адбываецца абыход усіх камер, дзе дзяжурны па камеры робіць даклад. Асабіста я яго даваў на беларускай мове, і ніякіх супярэчнасцяў у корпусных па гэтым не ўзнікала. І яшчэ: слова «мусар» яны імкнуцца не ўжываць, яго звычайна замяняюць «смеццем»;
Валадарка, нягледзячы на свае не самыя лепшыя характарыстыкі, па ўмовах утрымання будзе на парадак вышэй, чым турма ў Жодзіне, і сумна вядомае СІЗА КДБ.
PS. Памятайце і падтрымлівайце тых, хто ўсё яшчэ там!!!
Нагадаем, Алег Корбан у зняволенні знаходзіўся ад 25 кастрычніка 2020 года. Спачатку ён адбыў 15-суткавы арышт за ўдзел у несанкцыянаванай вулічнай акцыі, а пасля яго перавялі на Валадарку як абвінавачанага па крымінальнай справе. Алега судзілі зактырым судом па ч. 1 і 2 артыкула 342 «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, ці актыўны ўдзел у іх». Прысуд — паўтара года абмежавання волі. Дагэтуль невядома, «хатняя» ў яго «хімія» ці не. Корбан у зняволенні знаходзіўся ад 25 кастрычніка 2020 года. Спачатку ён адбыў 15-суткавы арышт за ўдзел у несанкцыянаванай вулічнай акцыі, а пасля яго перавялі на Валадарку як абвінавачанага па крымінальнай справе. Алега судзілі па ч. 1 і 2 артыкула 342 «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, ці актыўны ўдзел у іх». Прысуд — паўтара года абмежавання волі.