Як сядзець у турме. З першых вуснаў
Фельчар хуткай дапамогі з Ліды Алег Краўцоў, які знаходзіцца ў зняволенні ўжо паўгода, напісаў ліст з СІЗА. Ён расказаў пра турэмны побыт, пра тое, што турбуе вязняў і як палегчыць сабе жыццё ў новых умовах. Фрагменты з ліста апублікавала Радыё Свабода.
Хто такі Алег Краўцоў?
Імя Алега Краўцова прагучала на ўсю Беларусь год таму разам з імем ягонага калегі Паўла Палейчыка. Фельчараў затрымалі летась у траўні за ўдзел у сустрэчах з блогерам Сяргеем Ціханоўскім. Абодва тады атрымалі па 7 сутак адміністрацыйнага арышту. Гэта былі адны з першых затрыманняў у пачатку прэзідэнцкай кампаніі 2020 года. Салідарныя беларусы за некалькі дзён сабралі для фельчараў 20 тысяч рублёў.
Алега Краўцова зноў затрымалі летась у лістападзе. Яго вінавацяць у «рэйкавай справе», нібыта ён абкручваў дротам рэйкі на чыгунцы, каб заблякаваць рух. Паводле артыкулу 309 Крымінальнага кодэксу «Наўмыснае прывядзенне ў непрыдатнасць шляхоў камунікацыі», яму пагражае да трох гадоў калоніі. Ён ужо паўгода знаходзіцца ў гродзенскай турме. У «рэйкавай справе» па ўсёй краіне летась затрымалі дзясяткі чалавек.
Ліст ад фельчара атрымала Антаніна Макаранка. Краўцоў пісаў яго ў свой 32-і дзень народзінаў, 13 красавіка. Прыводзім фрагменты ліста.
Пра салідарнасць. «А якія часам прысылаюць ашаламляльныя водары!»
«Кожны з вас уклаў у лісты душу і дабрыню. За гэты час я сабраў пышнае асарці з лістоў, паштовак, укладанняў, налепак, малюнкаў. Якія ж яркія колеры! Вока радуецца! А якія часам прысылаюць ашаламляльныя водары! Гэта ж нешта незямное! Як жа тут усяго гэтага не хапае...
Кожны ваш ліст нясе ў сабе часцінку волі. Дзякуючы вам адбываюцца перамены ў нашым грамадстве. Вы аб’ядноўваеце вакол сябе добрых і сумленных, годных і мужных прадстаўнікоў нашай цудоўнай краіны.
Трэба ўмацоўваць гэтыя сацыяльныя сувязі. Трэба вучыцца быць грамадзянамі, вучыцца салідарнасці і прававой асвеце, станавіцца юрыдычна падкаванымі. Мы самі мусім быць тымі пераменамі, якія хочам бачыць у грамадстве!
На дзень нараджэння мяне павіншавалі сукамернікі. Падарылі пачак гарбаты, цёмны шакалад і пачак запалак. Прыгажосць, праўда ж? Зрабілі самі торцікі: печыва, вараная згушчанка, арэхі. Пасля таго, як атрымаў у перадачы вафельныя каржы, зрабіў торт са згушчанкай, садавіной і арэхамі. М-м-м... Плюс быў яшчэ салодкі стол — дзень быў святочны...»
Пра сябе: «Калі я працаваў фельчарам на „хуткай“ — гэта быў кайф»
«Я шмат чым цікавіўся ў жыцці: вывучэннем розных навук, плюс вучыўся завочна ў БДУІР. Калі б мог сабе дазволіць, то з задавальненнем бы падарожнічаў. Мне падабаецца ездзіць на ровары. Яшчэ мне падабаецца дапамагаць людзям. Калі я працаваў фельчарам на „хуткай“ — гэта быў кайф.
Нават калі я пачаў працаваць у краме электратавараў, то ўсё роўна браў некалькі дзяжурстваў у месяц на „хуткай“. Гэта часта падымала мне настрой. Я стараўся падзяліцца гэтым настроем з калегамі, а таксама даць надзею сваім пацыентам і іхнім сваякам, бо часта дапамагчы чалавеку можна, проста з ім пагаварыўшы. Так і працаваў на паўстаўкі „псіхолагам“».
Пра падтрымку сваякоў вязняў: «Даць зразумець, што яны не самотныя»
«Сёння ў турмах знаходзіцца немалая колькасць добрых людзей. У гэтых месцах яны вельмі ўразлівыя. На асабістым прыкладзе разумею, праз што можна прайсці пасля затрымання: абразы, пагрозы, знявагі, псіхалагічны ціск, фізічнае ўздзеянне.
А потым яшчэ знаходзіцца ва ўмовах зняволення. У такіх умовах некаторыя ламаюцца. Вельмі важна іх (зняволеных. — РС) знайсці і не губляць. Даць зразумець, што яны не самотныя.
Не менш важна памятаць пра іхніх блізкіх, сям’ю, бо часам ім даводзіцца значна цяжэй пераносіць наступствы затрымання. Было б вельмі добра, калі бы вы напісалі маёй жонцы і маці лісты са словамі падтрымкі; магчыма, ім патрэбна нейкая дапамога.
Я чалавек сямейны, таму навучанне адышло на другі план. Асноўны час ішоў на сям’ю, асабліва калі нарадзіўся сыночак. Ён адкрыў для мяне зусім новы свет.
Не люблю тут успамінаць пра сваю сям’ю, таму што вельмі балюча, і зрабіць я нічога не магу. Але я нават не магу ўявіць, як цяжка сыночку святкаваць 8 гадоў без свайго любімага татачкі. Я чытаю ягоныя лісты і пытаюся: „Вось навошта гэта ўсё яму?“»
Пра «сусвет» турмы: «Ізаляцыя мяняе чалавека да непазнавальнасці»
«Каб апісаць „сусвет“ турмы, можа спатрэбіцца не адна кніга. Гэта паралельны свет са сваімі законамі і правіламі — „залюстроўе“. У кожнай камеры сваё насельніцтва, законы, правілы, культура, побыт, багацце. Часам адзін чалавек, які заселіцца ў камеру, можа перавярнуць усё з ног на галаву.
З моманту этапавання ў турму я змяніў ужо 8 камер. А іх тут на парадак больш. Так што я яшчэ нічога толкам не бачыў. Улічваючы, што я тут упершыню, то сяджу ў адной камеры з двума падобнымі чалавекамі. Людзі трапляюцца розныя, але галоўнае, што адэкватныя.
Па натуры я даследчык, таму многае, што адбываецца вакол мяне, спрабую вывучыць, правесці аналіз, зрабіць для сябе выснову. Я спрабую многія рэчы ставіць пад сумнеў, пераправяраць. Я бачу, як уплывае на людзей ізаляцыя: у спалучэнні з турэмнай культурай дае такі эфект, які мяняе чалавека да непазнавальнасці. Кажуць, што галоўнае — заставацца чалавекам. Але чым даўжэй глядзець у цемру, тым мацней яна паглынае».
Пра побыт: «Праблемай была аднастайнасць»
«Нават тут цепліцца жыццё: святкуюць значныя падзеі, смяюцца амаль кожны дзень, займаюцца сваімі справамі. Памятаю, якой праблемай была аднастайнасць. З дня ў дзень адно і тое ж.
Чым толькі за гэты час я не займаўся: стаў рабіць фізічныя практыкаванні, навучыўся пісаць правай рукой (да гэтага быў ляўшун), навучыўся маляваць, вывучыў прыгожыя шрыфты для прыгожага афармлення лістоў, пачаў пісаць вершы, вучыць ангельскую мову, нават ляжыць кніга аб праграмаванні на мове Java. Цяпер лісты адпісваю. Часу на ўсё не хапае. Калі сядзець?
Што тычыцца побыту, то ўсё нармальна. Нас кормяць у апошнія тыдні лепш, ахоўваюць, на прагулкі выводзяць кожны дзень. Дворык памерам з пакой, сцены вышынёй у два росты чалавека. Замест столі — неба ў краткі, па пэрымэтры дрот у тры рады пад назвай „непаседа“. Цяжка, вядома, калі тваё жыццё абмежаванае лічанай квадратурай волі. Але нічога не зробіш.
Пішыце лісты тым, хто ў няволі, пішыце лісты іхнім сем’ям. Усім неабыякавым вялікае вітанне. Беражыце сябе».