Праваабаронцы прызналі палітвязнем сябра забітага сілавікамі Генадзя Шутава

Праваабарончыя арганізацыі прызналі палітвязнем Аляксандра Кардзюкова — асуджанага да 10 гадоў калоніі сябра забітага сілавікамі Генадзя Шутава.

2021_02_25102635_l421x.jpg

Шэсць праваабарончых арганізацый Беларусі прызналі палітычным зняволеным Аляксандра Кардзюкова, сябра забітага 11 жніўня сілавікамі ў Брэсце Генадзя Шутава. Цяпер у Беларусі 371 палітычны вязень.

Пра гэта паведамляюць праваабаронцы "Вясны".

Праваабаронцы ў сваёй сумеснай заяве звяртаюць увагу, што лічаць недапушчальным і незаконным прыцягненне Узброеных Сіл Беларусі для выканання «не ва ўласцівых ім паліцэйскіх функцыях па падаўленні пратэстаў грамадзян краіны».

“Аналіз законаў, якія вызначаюць парадак удзелу вайскоўцаў у мірны час у выкананні задач, не звязаных з абароннымі, — адзначаецца ў заяве, — прыводзіць нас да высновы аб тым, што Узброеныя Сілы могуць прыцягвацца да выканання такіх задач у строга вызначаным парадку і ў абмежаванай меры, для выканання функцый аховы асобных аб'ектаў і тэрыторый, аказання дапамогі насельніцтву.

У адпаведнасці з Канстытуцыяй, нарматыўныя акты дзяржаўных органаў публікуюцца або даводзяцца да ўсеагульнага ведама іншым прадугледжаным законам спосабам. Такім чынам, Сакрэтны неапублікаваны ўказ кіраўніка дзяржавы ад 2012/02/23 года №99-З "Аб зацвярджэнні Палажэння аб дзяржаўнай сістэме рэагавання на акты тэрарызму, дзейнасць тэрарыстычных арганізацый, незаконных узброеных фарміраванняў і масавыя беспарадкі" не можа мець значэння для ацэнкі правамернасці ўзаемных дзеянняў грамадзян і вайскоўцаў і не можа быць падставай для ўскладання абавязкаў на грамадзян або абмежавання іх правоў.

Да таго ж намі неаднаразова заяўлялася  пра тое, што ў Беларусі адсутнічалі масавыя беспарадкі пасля выбараў прэзідэнта ў жніўні 2020 года, а мелі месца ў асноўным мірныя пратэсты, удзельнікі якіх неабгрунтавана падвяргаліся жорсткаму абыходжанню і катаванням, якія да гэтага часу не расследаваныя”.

Праваабаронцы нагадваюць, што 11 жніўня 2020 года вайскоўцы Узброеных Сіл былі прыцягнутыя грамадскага парадку. У тым ліку – капітан Гаўрылаў і прапаршчык Галіцын з сіл спецыяльных аперацый. Вайскоўцы былі ўзброеныя двума баявымі пісталетамі з 16 патронамі на кожнага, мелі грамадзянскую вопратку і рэалізоўвалі задачу – змяшацца з удзельнікамі пратэсных акцый і выяўляць сярод іх «арганізатараў і завадатараў» магчымых беспарадкаў. У сувязі з гэтым вайскоўцы з баявой зброяй мімікравалі пад удзельнікаў пратэстаў: пляскалі ў далоні, уцякалі пры набліжэнні супрацоўнікаў міліцыі і т. п. У 22.33 паміж абвінавачанымі і пацярпелымі адбыўся хуткаплынны (працягласцю да 1 хвіліны) канфлікт, вынікам якога стала гібель Г. Шутава і цялесныя пашкоджанні ў пацярпелых, а таксама прастрэленыя вокны жылой кватэры з трапляннем кулі ў столь.

Праваабаронцы прааналізавалі вынесены прысуд і прыйшлі да высновы, што “крымінальны пераслед А. Кардзюкова і Г. Шутава мог мець на мэце дэманстратыўна жорсткае спыненне пратэснай актыўнасці, апраўданне парушэння парадку нясення службы і прымянення зброі суб'ектамі сілавых ведамстваў”. А права абвінавачаных на справядлівае судовае разбіральніцтва было парушана.

У сувязі з гэтым праваабаронцы патрабуюць ад уладаў Рэспублікі Беларусь неадкладнага перагляду вынесенага ў дачыненні да А. Кардзюкова прысуду, рэалізацыі яго права на справядлівае судовае разбіральніцтва, а таксама вызвалення яго з-пад варты з ужываннем іншых мер стрымання, якія забяспечваюць яўку ў суд, з улікам адсутнасці падставаў для прымянення больш строгай.