«Перажывае, што суд прызначаць дзесьці далёка». Ігар Лосік за кратамі 316 дзён

Справу Ігара Лосіка перадалі ў Вярхоўны суд, паведамляе «Свабода». Ігар Лосік быў затрыманы ў сябе дома ў Баранавічах 25 чэрвеня 2020 года, за кратамі ён ужо 316 дзён.

b2dad020_b453_468a_a94b_20e2e1f3f881_w1023_r1_s_1.webp

Справу палітвязня, якога будуць судзіць разам з Міколам Статкевічам і Сяргеем Ціханоўскім, ужо перадалі ў Вярхоўны суд. Аднак пакуль не вядомая ні дата пачатку працэсу, ні месца, дзе ён будзе адбывацца.

«Ігар пакуль у Жодзіне, — расказвае Дар’я Лосік, якая ў пятніцу, 7 траўня, адвозіла мужу чарговую перадачу. — На здароўе, здаецца, не скардзіцца. Ёсць станоўчая навіна — яму прынеслі 25 лістоў. Цэнзура крыху разрадзілася. Навінаў, датычных справы, суду, пакуль няма. Справу перадалі ў Вярхоўны суд для вызначэння падсуднасці. Я так разумею, ён ужо будзе вырашаць — пакідаць справу тут ці накіроўваць у іншае месца. Калі справа застанецца ў Вярхоўным судзе, то працэс пройдзе ў Менску».

Па словах Дар’і Лосік, перадачы для Ігара прымаюць без пярэчанняў і праблем. Прэтэнзій наконт гэтага яна не мае. На мінулым тыдні Дар’я атрымала тры лісты ад мужа. Яны не даходзілі амаль месяц.

«Па змесце лісты даволі нейтральныя, — кажа Дар’я Лосік. — І не пазітыўныя празмерна, але і, прынамсі, не песімістычныя. Ігар вельмі перажывае, што суд прызначаць дзесьці далёка. І што мне тады будзе цяжка туды ездзіць. Я адказала яму, што дзе б ён ні быў, даеду туды ў любым выпадку».