Журналіста ў Глыбокім застрашвалі за сюжэт на «Белсаце»

Глыбоцкага журналіста Змітра Лупача абразіў і імкнуўся застрашыць старшыня сяльгаспрадпрыемства «Канстанцінаў двор» Юрый Вахавіч. Яму не спадабаўся сюжэт пра ферму на тэрыторыі яго гаспадаркі, які выйшаў на тэлебачанні «Белсат» яшчэ ўзімку.

1473530664_58388_clip_32kb.jpg


Паводле Змітра Лупача, сюжэт быў пра тое, што цяляты стаялі зімой амаль пад адкрытым небам, дах на ферме ўяўляў сабой сапраўднае рэшата.
Як кажа Зміцер, інцыдэнт пачаў разварочвацца яшчэ ў краме, калі журналіст прыйшоў набыць шампанскае. За ім у чаргу стаў чалавек, наступіў яму на нагу і сказаў з непавагай: “Прывет, землячок!” Зміцер паглядзеў на яго і зразумеў, што гэтага чалавека асабіста не ведае. Потым незнаёмец абазваў яго “рэшатам” і стаў пагражаць. Зміцер разлічыўся і, нічога не разумеючы, выйшаў з крамы. Вырашыў дачакацца незнаёмца і высветліць сітуацыю. Калі мужчына набыў тавар і выйшаў  з крамы, Зміцер у яго запытаўся, у чым усё ж справа і чаму ён дазваляе сабе так паводзіць з ім.
У адказ пачуў: “Вось ты, “бэнээфавец”, тут набываеш спіртныя напоі, зараз я цябе сфатаграфую і выкладу здымкі ў Інтэрнэт”. Зміцер яшчэ раз запытаўся: “Дык у чым усё ж справа?” Ён разумеў, што яго як журналіста шмат хто ведае, а вось гэтага чалавека ён усё ж прыпомніць ніяк не можа. Тады незнаёмец сказаў: “А памятаеш рэпартаж пра ферму ў Разанаве? Яшчэ раз туды сунешся, на маю ферму, табе прыйдзецца дрэнна, землячок.” Піхнуў Змітра сваім жыватом, сеў у машыну і паехаў. Як потым сказалі Змітру яго знаёмыя, гэта быў старшыня сяльгаспрадпрыемства “Канстанцінаў двор” Юрый Вахавіч.
У сваю чаргу Юрый Вахавіч у тэлефоннай гутарцы з лідаркай глыбоцкай суполкі ГА “БАЖ” Таццянай Смоткінай сказаў, што ён нічога не ведае, што ўсё гэта са слоў толькі самога журналіста Змітра Лупача і што ён увогуле адмаўляе гэты інцыдэнт.
 


Каментар з гэтай нагоды юрыста ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” Алега Агеева:
“Безумоўна, абарона гонару і годнасці любога грамадзяніна з’яўляецца адной з функцый дзяржавы. І калі хтосьці парушае гонар і годнасць грамадзяніна, адпаведна ў дзяржавы трэба прасіць абароны парушанага права. Беларуская асацыяцыя журналістаў паслядоўна займае пазіцыю дэкрыміналізацыі дэфамацыйных складнікаў у крымінальным і адміністрацыйных кодэксах, таму, на маю думку, заява ў міліцыю не з’яўляецца эфектыўным мехнізмам абароны парушаных гонару і годнасці, калі такое адбылося. Тут, калі ёсць падстава і доказы, больш мэтазгодна падаваць іск у суд аб абароне гонару і годнасці і дзелавой рэпутацыі.
Канешне, працэдура збору доказаў нялёгкая ў кожным працэсе і ў кожным канкрэтным выпадку можа быць індывідуальнай. Трэба глядзець, які працэс гэта будзе: грамадзянскі, крымінальны ці адміністрацыйны. І сыходзячы з гэтага, падбіраць доказы, якія будуць прынятыя як пацверджанне вінаватасці чалавека. Ёсць розныя доказы: паказанні сведкаў, аўдыё-, відэазапіс, які вёў сам пацярпелы або хто-небудзь старонні і г. д. У грамадзянскім працэсе, у адрозненне ад іншых, пацярпеламу трэба самому клапаціцца пра доказы. Дзеля таго, каб прадставіць іх суду”.
Па словах Алега Агеева, вельмі часта незалежныя журналісты скардзяцца на падобныя інцыдэнты з прадстаўнікамі ўлады. Але вельмі рэдка журналісты гатовыя адстойваць свае парушаныя правы і ісці да канца, каб атрымаць сатысфакцыю па такіх справах.
Паводле Змітра Лупача, судзіцца са старшынём ён не будзе. Але ў яго ўзнікла жаданне ў самы бліжэйшы час усё ж туды “сунуцца” і зрабіць які-небудзь рэпартаж адтуль, каб болей чалавек не пагражаў так. Бо больш за ўсё, па словах Змітра, яго абурыў у словах старшыні выраз: “МАЯ ферма”. Паводле Змітра, такіх “МАІХ” уласнікаў на яго памяці было ўжо некалькі, восем ці дзевяць ужо змянілася, ды і ён там не апошні. Да таго ж старшыня так сябе паводзіў быццам ён тут нейкі памешчык, а Зміцер – ніхто.

baj.by