Журналісту Дзянісу Івашыну ўжо год не могуць даслаць у турму перадачу з «вітамінамі»

Палітзняволенага журналіста Дзяніса Івашына працягваюць рэпрэсаваць нават за кратамі. Жонка вязня Вольга Івашына распавяла ў тэлеграм-канале пра немагчымасць перадаць мужу садавіну і гародніну.

denis_ivashin_zhurnalist_1_logo_1_logo.jpg.webp

«Калі Дзяніс Івашын быў у СІЗА гарадзенскай вязьніцы, мы маглі кожны месяц перадаваць яму да 30 кг прадуктаў і рэчаў, — напісала Вольга Івашына. — Звычайна большую колькасьць перадачы складалі ўлюбёнае ім сала, добрая каўбаса і садавіна ды гародніна, бо за кратамі вітамінаў практычна няма. Але ўжо амаль год прамінуў, як мы ня можам даслаць ці перадаць Дзянісу так званую рэжымную перадачу. Двойчы яго пазбаўлялі іх у магілеўскай калёніі, а строгі рэжым жодзінскае вязьніцы наагул не дазваляе прадуктовыя перадачы».

Паводле слоў Вольгі Івашынай, зараз «Дзяніс вымушаны ўжываць вітамінныя комплексы, якія дасылаліся яму ў бандэролях, і сам сабе сёе-тое з жывых вітамінаў набываць на няшчасныя 35 рублёў на месяц у вязьнічнай краме».

«Звычайна наш ваяр набывае цыбулю і троху менш за сала, але таксама ўлюбёную марскую капусту. Дзяніс ніколі ня скардзіцца, ня мае такой звычкі. Але мы ўпэўненыя, што гэтага катастрафічна недастаткова. І дакладна не разумеем, чым можна патлумачыць гэтыя абмежаваньні, апроч як сьвядомым злачынным шкодніцтвам здароўю людзей за кратамі», — падсумавала жонка палітвязня.

На Дзяніса Івашына ў зняволенні не спыняецца ціск. У ліпені стала вядома, што журналіста перавялі з калоніі на строгі турэмны рэжым. Пра суд не ведалі ні сваякі, ні нават адвакат. Пра тое, што Дзяніса Івашына таемна судзілі ў калоніі, сведчыў адказ начальніка магілёўскай папраўчай калоніі №15, які прыйшоў маці Дзяніса Людміле Івашынай.


Глядзіце таксама

Дзяніс Івашын — карэспандэнт «Новага Часу», беларускі рэдактар валанцёрскай супольнасці InformNapalm. Яго затрымалі супрацоўнікі КДБ 12 сакавіка 2021 года: спачатку выставілі абвінавачанне паводле арт. 365 Крымінальнага кодэкса («Умяшанне ў дзейнасць супрацоўнікаў органаў унутраных спраў»), а пазней дадалі яшчэ і «здраду дзяржаве». Верагодна, «апошняй кропляй» стала аўтарскае расследаванне пра былых украінскіх сілавікоў, што ўладкаваліся на працу ў беларускі АМАП. Журналіста схапілі літаральна на наступны дзень, як ён даў інтэрв’ю пра гэта незалежнаму тэлеканалу «Настоящее время».

Суд над Дзянісам Івашыным доўжыўся амаль месяц у Гродзенскім абласным судзе і адбываўся ў закрытым рэжыме.

14 верасня 2022 года суддзя Валерый Раманоўскі асудзіў журналіста да 13 гадоў і 1 месяца зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму і штрафу ў памеры 4800 рублёў. Апроч гэтага, Івашын мусіць выплаціць кампенсацыю маральнай шкоды дзевяці пацярпелым сілавікам — агулам 22 800 беларускіх рублёў.

У канцы мінулага года 20 снежня Вярхоўны суд Беларусі разглядзеў апеляцыйную скаргу на прысуд палітзняволенаму гродзенскаму журналісту і пакінуў вырак першай інстанцыі без змянення. Сёлета напрыканцы студзеня Дзяніса Івашына этапавалі са следчага ізалятара турмы №1 Гродна ў папраўчую калонію №15 Магілёва, дзе для яго быў прадугледжаны «ўзмоцнены рэжым» адбыцця пакарання.