«Звальняюць тых, каго цяжка замяніць»

Новая хваля палітычна матываваных звальненняў набывае моц ва ўсіх гарадах Беларусі. Не абмінула яна і адносна спакойны летась Слуцк.

hand_g15d97231c_1280.jpg


Удзел у пратэстах, подпісы за вылучэнне кандыдатаў і за адкліканне мясцовага дэпутата Палаты прадстаўнікоў — любая грамадская актыўнасць зараз разглядаецца як падстава для спынення кантракту з працаўнікамі прадпрыемстваў і ведамстваў. Пры гэтым звальняюць нават спецыялістаў, якіх цяжка замяніць.
Найбольш сур'ёзна «зачысткі» закранулі прадпрыемства «Слуцкія электрычныя сеткі». У спісах на звальненне тут шмат людзей. Нягледзячы на нараканні сярод супрацоўнікаў, звальняюць начальніка дыспетчарскай службы, кіроўцу і трох электраманцёраў. Дасведчаныя людзі ведаюць, што праца электраманцёраў вельмі складаная.
Як сведчыць Таццяна Грыневіч, яе бацька ў свой час кіраваў Ашмянскімі вытворчымі электрасеткамі і не аднойчы распавядаў, як цяжка падрыхтаваць прафесіяналаў-электраманцёраў. З імі пастаянна, кожны месяц, праводзіцца вучэбная тэарэтычная і практычная праца па адпрацоўцы ўменняў і навыкаў па тэхніцы бяспецы пры рамонтах электрасетак. І ўсё роўна не абыходзілася без трагічных падзей і нават гібелі людзей. Кіроўца ў такой арганізацыі не толькі кіруе аўтамабілем, але і мае вопыт працы электраманцёра.
Панядзелак 20 снежня для многіх работнікаў можа стаць апошнім працоўным днём. Пры гэтым працаўнікоў вымусілі напісаць заявы на звальненне па асабістым жаданні.
Па інфармацыі, якая паступіла 17 снежня з Слуцкага раённага аддзела сувязі, там рэпрэсіі ўжо закранулі траіх чалавек. Сярод іх адзін інжынер.
Меў размову з чалавекам, якога вылічылі па білінгу, — распавёў адзін дасведчаны случчанін. — Вылічваюць тых, хто быў у цэнтры Слуцка вечарам 9 жніўня, а таксама ў іншыя дні. (Такіх у Слуцку былі тысячы — аўт.). Падчас допыту чалавеку, якога вылічылі па білінгу, задавалі пытанні накшталт «што рабіў, адкуль, чаго і куды ішоў, з якой мэтай...» У горадзе пануе даволі змрочная атмасфера. Баючыся праслухоўвання тэлефонных размоў, многія гараджане пачынаюць карыстацца тэлефонамі сваіх дзяцей. На прадпрыемствах жа на працоўных месцах усталяваны відэакамеры, усё фіксуецца: словы, дзеянні…
Няпростая сітуацыя і ў Капылі. Там таксама адбываюцца «зачысткі». Нават у самім райвыканкаме. За тое, што паставілі подпісы не за таго, каго патрэбна. Як сцвярджае жыхарка Капыля, у некаторых выпадках на добранадзейнасць правяраюць не толькі саміх падпісантаў, але і іхніх братоў, сясцёр — асабліва калі жывуць разам.