Зваротны бок «салёнай» валюты

Ваколіцы Салігорска з пэўных ракурсаў нагадваюць горныя краявіды. Солеадвалы ААТ «Беларуськалій» напраўду экзотыка на раўнінным рэльефе краіны. Лідар расійскага рок-гурта «Кіпелаў», для якога кліп на адну з песень здымалі якраз на гарах адходаў прадпрыемства, гаварыў: «Мы абалдзелі, калі пабачылі гэты пейзаж. Мы думалі, што толькі на Месяцы можа быць такое. Там абсалютна незямная атмасфера. Самае цікавае, што ўсё натуральнае, ніякай кампутарнай графікі не давялося рабіць». Мясцовым жыхарам незямны пейзаж нясе не толькі эстэтыку, але і праблемы.



015e31933548461020e2ba448e85995e.JPG

Ваколіцы Салігорска з пэўных ракурсаў нагадваюць горныя краявіды. Солеадвалы ААТ «Беларуськалій» напраўду экзотыка на раўнінным рэльефе краіны. Лідар расійскага рок-гурта «Кіпелаў», для якога кліп на адну з песень здымалі якраз на гарах адходаў прадпрыемства, гаварыў: «Мы абалдзелі, калі пабачылі гэты пейзаж. Мы думалі, што толькі на Месяцы можа быць такое. Там абсалютна незямная атмасфера. Самае цікавае, што ўсё натуральнае, ніякай кампутарнай графікі не давялося рабіць». Мясцовым жыхарам незямны пейзаж нясе не толькі эстэтыку, але і праблемы. Піць ваду са студняў у населеных пунктах вакол гор «Беларуськалію» санітарны кантроль перыядычна забараняе, дамы трэскаюцца, зямля над выпрацаванай пародай прасядае. Па «засоленых» вёсках Салігоршчыны мы праехалі падчас экалагічнага прэс-туру Беларускай асацыяцыі журналістаў.
Піць са студняў нельга
Цяпер на ААТ «Беларуськалій» працуе каля 18 200 чалавек. Прадпрыемства складаецца з чатырох узбагачальных фабрык і пяці руднікоў, будуецца шосты, ідуць размовы наконт будаўніцтва сёмага рудніка. Традыцыйна мяркуецца, што шахцёры — адны з найбольш забяспечаных людзей, але за свой матэрыяльны дабрабыт яны расплачваюцца здароўем. Анкалогія, прафесійныя захворванні, і ў выніку сярэдняя працягласць жыцця шахцёра — 49 гадоў. Мужчыны праблемы са здароўем маюць часцей. Да слова, грунтоўных даследаванняў наконт таго, як спецыфічная экалогія Салігоршчыны ўплывае на здароўе людзей, не праводзілася. Таму апераваць канкрэтнымі лічбамі не атрымліваецца.
Вакол руднікоў і солеадвалаў месціцца з дзясятак вёсак. У 1990-я гады іх жыхарам прапаноўвалі адсяліцца, давалі кватэры ці ў Салігорску, ці ў аддаленых населеных пунктах. Нехта пагаджаўся і з’язджаў, нехта заставаўся ці пакідаў дом пад лецішча. Цяпер многія з гэтых вёсак маюць з дзясятак жыхароў, што дажываюць век на роднай зямлі. Большасць мясцовых не бачыць катастрофы ад суседства з солеадваламі, хаця праз пару гадзінаў паездкі па ваколіцах на вуснах застаецца прысмак солі.
У вёсцы Бранчыцы ў 1970-х, як сцвярджаюць яе жыхары, было каля тысячы двароў. Цяпер вёска ў стане вымірання. Некалькі адзінокіх бабулек, дачнікаў і напаўразваленыя дамы. Атмасфера вёскі нагадвае чарнобыльскую зону — тое ж запусценне і адчуванне тла. Аляксандр Гурыновіч — мужчына гадоў сарака, супрацоўнік «Беларуськалію», — у вёску прыязджае да цесця. Кажа, што дом яшчэ добры і можна было б жыць. Асаблівых нараканняў на блізкасць руднікоў і солеадвалаў няма. «Лопнулі кольцы студні ад прасадкі зямлі, дык давялося закапаць. А так усё збольшага нармальна. Вада тут добрая, ёсць невялікае перавышэнне па жалезу, але гэта характэрна для ўсёй Беларусі», — рэзюмуе часты госць Бранчыц.

8_1.jpg


У доме насупраць жыве ўраджэнка вёскі, пажылая Валянціна Ваўчок. Расказвае, што кожны год прыязджае інспекцыя, правярае ваду і вешае таблічкі, што піць са студняў нельга. Мясцовыя тыя таблічкі здымаюць. «Мы прывыклі, вада, здаецца, нармальная па смаку. Але калі што малочнае варыш, вадой зальеш, то малако збягае», — наракае жанчына. Яна расказвае, што на гародах зямля час ад часу становіцца чырвонай, але на ўраджай тое не ўплывае.
Эколаг Яўген Лабанаў гаворыць, што калі ў пэўным месцы назіраецца канцэнтрацыя нейкага рэчыва, то, натуральна, яно будзе ў грунтовых водах, глебе, з адкрытых сховішчаў ветрам разносіцца на адлегласці. «Калі ёсць перавышэнне дапушчальных канцэнтрацый рэчываў, то мусіць быць санітарная зона з абмежаваннем сельскагаспадарчай дзейнасці, пражывання людзей. Як і любы аб’ект горназдабываючай прамысловасці, «Беларуськалій» дае вялікі аб’ём адходаў, па маёй інфармацыі, гаварыць аб прамысловым, эканамічна мэтазгодным іх выкарыстанні падстаў няма. Інакш гэта было б ужо рэалізавана», — разважае эколаг.
Горы, якія мяняюцца
Саляныя горы даволі высокія — ад 150 да 200 метраў, штогод солеадвалы ўсаджваюцца прыкладна на пяць метраў, але і папаўняюцца яны перапрацаванай рудой таксама рэгулярна. Салігорскія горы мяняюць свой колер пад уздзеяннем надвор’я, тэмпературы паветра, дажджу. Солеадвалы цяпер займаюць плошчу прыкладна ў 600 гектараў. Побач знаходзяцца шламасховічшы — невялікія саджалкі з салёнай вадой, у іх утрымліваецца за 70 мільёнаў тон адпрацаванага расолу. Табліца Мендзялеева вакол нас — так гавораць мясцовыя жыхары.
Чапялі на фоне бліжэйшых вёсак — буйны населены пункт. Тут жыве больш за трыста чалавек. А за агародамі бачныя солеадвалы, трубы ўзбагачальнай фабрыкі. З-за надвор’я вуліцы пустынныя, на брэх сабакі з аднаго з дамоў выходзіць маладая сімпатычная жанчына. Марына кажа, што пераехала ў Чапялі з іншай вёскі, што спачатку было непрывычна, а потым прызвычаіліся. «Тут прыгожа, гэтыя горы кожны дзень розныя. Мы не скардзімся», — разважліва гаворыць жанчына. Яна мяркуе, што солі спрыяюць агародніцтву — капуста расце сакавітай, ура­джаі гародніны някепскія. Пасля размовы застаецца шмат пытанняў, як, напрыклад, што змусіла гэту разумную жанчыну прыехаць жыць у вёску па суседству з адыходамі прамысловасці.

1_1_logo.jpg

У раёнах солеадвалаў і шламасховішчаў з Салігорскага калійнага камбіната на плошчы 15 квадратных кіламетраў сфармавалася зона хларыдна-натрыевага засалення, якая ахоплівае падземныя воды да глыбіні больш за 100 метраў. Мінералізацыя забруджаных водаў дасягае 160 грамаў на літр. Мае месца тэндэнцыя пашырэння арэала забруджвання, хуткасць якога складае да 50–85 метраў на год.

2_22.jpg

3_1.jpg


Гандлярка мясцовай крамы Ларыса Карніевіч штодня ездзіць на працу з Салігорска больш за дзесяць гадоў — хутка пенсія, таму трэба дапрацаваць. Яна расказвае, што крама, як і некаторыя дамы, прасела ды змацаваная металічнымі канструкцыямі. Жанчына гаворыць, што сама п’е толькі мінеральную ці пітную бутыляваную ваду, прыезджыя таксама набываюць, а тутэйшыя спажываюць сваю. Цікава, што ёсць ахвочыя да мясцовай нерухомасці, і дамы тут прадаюць за пяць-сем тысяч долараў.
Вёска Глядкі ад саляных адвалаў крыху далей, але і тут сцены дамоў сцягнутыя жалезнымі канструкцыямі. Гэтую паслугу аказваюць за кошт «Беларуськалія». Трэснула сцяна — гаспадары выклікаюць камісію, і калі прычына ў прасадцы глебы, то рамонт і ўмацаванне сценаў будзе за кошт вытворцы ўгнаенняў. Многія хаты пафарбаваныя ў радасныя колеры, больш дагледжаныя. Праз вёску праходзіць чыгунка, на адной вуліцы нават будуецца вялікі дом са шклопакетамі, сучаснай атынкоўкай. Дарэчы, адсюль жыхароў ніхто не адсяляў і кватэры ў Салігорску ім не давалі.
Для жыхароў гэтых вёсак, асабліва маладых, больш злабадзённай праблемай ёсць працаўладкаванне, інфраструктура, а не наяўнасць саляных адвалаў і азёр. Прыезджых могуць бянтэжыць канавы на палетках, што збіраюць ваду, каб яна не застойвалася з-за правалаў зямлі, чырвоныя разводы на глебе і ў лужынах. Тым, хто тут жыве, гэта звычайна і прывычна.

4_1.png

Аляксандр Гурыновіч

5_1_logo.jpg

Дом са сцяжкамі ад разбурэння

6_1.jpg


Фота аўтара
------------------------------------------------------------------------
Даведка
У жніўні 2010 года рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства «Беларуськалій» — адзін з буйнейшых у свеце і самы буйны ў СНД вытворца і пастаўшчык калійных мінеральных угнаенняў, адно з вядучых прадпрыемстваў-экспарцёраў краіны — было ператворана ў ААТ, 100% акцый якога належаць дзяржаве. Увесь пакет акцый ААТ «Беларуськалій» ацэнены ў 30 мільярдаў долараў ЗША. Кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка пацвердзіў гатоўнасць прадаць да 25 працэнтаў акцый вытворцы калійных угнаенняў. За 25-працэнтную долю Беларусь плануе атрымаць 6–7 мільярдаў. «Беларуськалій» выпускае кожную шостую тону калійных угнаенняў у свеце. Сумесна з ААТ «Уралкалій» з’яўляецца заснавальнікам ЗАТ «Беларуская калійная кампанія» — аднаго з буйнейшых пастаўшчыкоў калійных угнаенняў.