Звыклая гульня
Як паведамляе Белстат, за тры тыдні жніўня спажывецкія кошты павысіліся адносна ліпеня на 2,2%. У агульным, як кажуць, і цэлым.
Улады працягваюць звыклую гульню ў сацыяльна справядлівае рэгуляванне. Такім спосабам яны падкрэсліваюць немагчымасць аддаць спажывецкі гандаль на патрэбу ненажэрнага рынка, дзе кожны
купец-прадавец падыме кошты да касмічных вышыняў.
Інакш кажучы, спажыўцу прапануецца простая для паўсядзённых разважанняў, але вельмі эфектыўная ў сэнсе маніпуляцыйнай прапаганды рэч — а што б вы, даражэнькія, без нас рабілі.
Нават у мінулым годзе, калі цэны падскочылі, як той спушчаны з ланцуга сабака, асобныя ўплывовыя ўрадаўцы заяўлялі, што ніякага стыхійнага абвалу коштаў не будзе. Маўляў, яны спецыяльна пра гэта
клапоцяцца.
Нехта нават у такія мудрагелістыя «прапазіцыі» верыць, хоць яны насамрэч ёсць звыклай часткай усё той жа гульні, па правілах якой належыць лічыць чыноўніцтва абаронцамі
людзей.
На самай жа справе ўсё адначасова і больш проста, і больш складана. Агулам падобна тое да гонак прусакоў, што некалі ладзілі ў Турэччыне ўшчэнт збяднелыя белыя эмігранты. Быццам бы ўсе бягуць у
аднолькавых умовах, але заўжды перамагае Янычар. Так і пры нашым рэгуляванні. Усе ведаюць, што кошты раслі і будуць расці надалей. А вось у якой паслядоўнасці, гэта вызначыць цяжка. Прыкладам, калі ў
2008 годзе ў сувязі з упарадкаваннем ільгот пенсіянераў пазбавілі права таннага праезду ў грамадскім транспарце, спачатку пасажырапаток значна скараціўся і выдаткі транспартнікаў сталі расці з
нязвыклай хуткасцю. Усе чакалі адэкватнага падвышэння коштаў за праезд, але ці не два гады ўрад не адважваўся пайсці на гэтую, сапраўды, непапулярную меру, баючыся, каб простая незадаволенасць
пенсіянераў не прайшла рамкі, за якімі пачынаюцца адкрытыя пратэсты.
Для вытворцаў тавараў і паслуг рэгуляванне коштаў і тарыфаў мае вынік у змяненні прыбытковасці, ад чаго наўпрост залежыць нават лёс прадпрыемстваў. Таму яны звыкла становяцца ў чаргу да аддзелаў
выканкамаў і міністэрстваў, якія займаюцца рэгуляваннем цэнаў па галіновай або тэрытарыяльнай прыналежнасці прадпрыемстваў і складаюць паперы з пералікам аб’ектыўных фактараў, якія
падзейнічалі на рост сабекошту вытворчасці. Хто больш пакажа і дакажа, той мае шанец атрымаць прыярытэтнае права падвысіць кошт сваёй прадукцыі. Але існуюць тавары, продаж якіх займае стабільна
вялікае месца ў структуры рознічнага гандлю, больш-менш незалежна ад таго, колькі яны каштуюць. Перш-наперш, гэта алкагольныя напоі (15–17% ад усяго таваразвароту) і тытунёвыя вырабы. Ад
продажу іх урад гарантавана атрымоўвае акцызныя падаткі, з якіх разлічваецца па сваіх аператыўных абавязках. А паколькі алкаголь і тытунь шмат хто ацэньвае як выключна шкодныя для грамадства, то
кошты на іх падвышаюцца значна і рэгулярна. Няма нічога дзіўнага, што ў жніўні кошты на гарэлку павысіліся адразу на 10,7%.
Пасля таго, як урад зрабіў чарговы ўнёсак у барацьбу з п’янствам, ён быццам бы атрымаў больш маральных падстаў для пераацэнкі істотных кампанентаў «спажывецкага кошыка»:
птушынае мяса падаражэла на 7,5%, мука пшанічная — на 5,6%, хлеб — на 5,2%, рыба жывая — на 3,8%, каўбаса паўвэнджаная, малако і малочныя прадукты, маргарын — на
2,2–2,5%.
Не кожны дзень людзі гарэлку п’юць, але ўсё астатняе, за выключэннем жывога карпа, складае асартымент паўсядзённага ўжытку прадстаўнікоў кожнай сацыяльнай групы.
Як сказаў бы мараліст, справа сумлення кожнага пагадзіцца з агульнай высновай Белстата наконт тэмпаў інфляцыі ці не. Але пры гэтым трэба яшчэ ўлічыць, што тэхнічнае абслугоўванне кватэр падаражэла на
26,6%, паслугі энергазабеспячэння — на 23,7%, сувязі — на 16,8%, чыгункі ў міжнародных зносінах — на 11,2%, побытавыя паслугі — на 3,4%.
Зусім не прадметы раскошы, не нейкі там гламурны сервіс, а паслугі нават звычайнай пральні па падвышэнні кошту перавысілі агульны індэкс спажывецкіх цэн. Трэба ж таксама ўлічыць, што летняе цяпло
хутка зменіцца на холад, ад чаго на небывала высокі ўзровень падымуцца кошты на садавіну і гародніну, якія ў жніўні істотна зменшыліся адносна ліпеня, але гэтага не хапіла нават для традыцыйнага
сезоннага падзення коштаў.
Чаму? Ці то сапраўды інфляцыйны патэнцыял эканомікі перавышае магчымасці ўрада, ці з іншай нагоды? Паспрабуем адказаць на гэта пытанне, памятаючы, што адказ не можа быць вычарпальным па вызначэнні.
Але з драбніц, якія ўтрымліваюць, што называецца, ісціну факта, можна скласці дастаткова дакладную агульную карціну. Прыкладам, сёлета яблыкаў урадзілася як ніколі. Таму спажывецкая
кааперацыя прымае іх у насельніцтва па 300 рублёў за кіло. Але ў рознічным гандлі яблыкі патаннелі толькі на 13,9%. Меней нават, чым бананы.