Жыццё на вуліцы ў пытаннях і адказах
Розныя шляхі прыводзяць людзей на вуліцу. Хтосьці губляе жытло праз алкаголь ці наркотыкі, хтосьці становіцца ахвярай махляроў ці нават сваякоў. Валерый, які некалькі гадоў таму сам аказаўся без прытулку, а цяпер гатуе ежу для бяздомных, распавёў, што трэба рабіць чалавеку, які трапіў на вуліцу, каб выжыць і выкараскацца.
Я апынуўся на вуліцы, без жылля і дакументаў. Куды ісці?
Калі вы зусім разгубленыя і не ведаеце ніякіх адрасоў дапамгі, то звяртайцеся ў цэрквы — праваслаўныя, каталіцкія, пратэстанцкія. Расказвайце пра сваю сітуацыю, вам абавязкова дапамогуць.
Што варта зрабіць у першую чаргу?
Адразу трэба звяртацца па дакументы, бо ніводны прытулак без іх вас не прыме. Аднаўленне дакументаў займае каля месяца.
Як гэта зрабіць?
У такой сітуацыі трэба звярнуцца да любой грамадскай арганізацыі, якая дапамагае бяздомным, з просьбай аплаціць аднаўленне дакументаў. Можна прыйсці ў начлежку на вуліцы Ваўпшасава ў Мінску, там вас накіруюць аднаўляць дакументы і праходзіць медагляд.
А калі я з іншага горада?
Вас адправяць у ваш населены пункт, бо паводле заканадаўства атрымаць пашпарт можна толькі там, дзе быў зарэгістраваны.
Як яшчэ могуць дапамагчы?
Накарміць, апрануць, накіраваць у рэабілітацыйны цэнтр, знайсці працу.
Хто можа разлічваць на гэта?
Людзі, для якіх бадзяжніцтва яшчэ не стала ладам жыцця і якія насамрэч у гэтым зацікаўленыя. Такія паўсюль знойдуць падтрымку. А калі чалавек п’е, то ў большасці дабрачынных арганізацый яго адмовяцца карміць і пускаць на начлег. Знайшоў выпіўку — знойдзеш і астатняе.
У бяздомнага могуць узнікнуць праблемы з міліцыяй?
На жаль, так, бяздомныя часта становяцца аб’ектам зацікаўленасці з боку міліцыі. Часам, асабліва напярэдадні нейкіх масавых мерапрыемстваў, іх збіраюць і проста вывозяць за межы горада і пакідаюць ледзь не ў полі. Таксама бяздомныя — частыя госці ў ізалятары на завулку Акрэсціна. Але многія змаглі прыстасавацца да гэтага, заключыўшы з праваахоўнікамі «дамову»: калі ёсць патрэба, бяздомныя выступаюць сведкамі, і іх не чапаюць.
Якая яшчэ небяспека пагражае чалавеку на вуліцы?
Праз адсутнасць неабходных санітарных умоваў і медыцынскай дапамогі бяздомныя становяцца пераносчыкамі і ахвярамі розных хвароб, таму працяг жыцця чалавека на вуліцы ў сярэднім складае 7 гадоў. А яшчэ да такога ладу жыцця вельмі хутка прызвычайваешся — дастаткова месяц пабадзяжнічаць, і вярнуцца ў соцыум будзе ўжо складана.
Фота Аляксандра Лібертада з адной з акцый «Ежа замест бомб»