Жыць будзем, але як?

З прыходам вясны ачуняла жыццё. Мы дачакаліся — Еўразійскі фонд стабілізацыі і развіцця выдзеліў Беларусі крэдыт у памеры 2 мільярдаў долараў. І нават ужо пералічыў першы транш у 500 мільёнаў. Чаго чакае ЕАБР на свае грошы?



hroshy.jpg

Найперш, павелічэнне ўзроўню кампенсацыі выдаткаў на ЖКГ тарыфамі для насельніцтва з 30% на канец 2015 г. да 70% — на канец 2017 года. Па меркаванні фонду, гэта дазволіць беларусам быць больш эканомнымі, а прадпрыемствам ЖКГ пазбавіцца ад перакрыжаванага субсідавання «як важнага фактару павышэння канкурэнтаздольнасці беларускай эканомікі».

Цікава, з чаго супрацоўнікі ЕАБР узялі, што павышэнне коштаў ЖКГ павысіць канкурэнтаздольнасць эканомікі? Наша ЖКГ дагэтуль застаецца дзяржманапалістам, і гэта не ад коштаў залежыць. Каб ішла размова пра стварэнне альтэрнатывы дзяржаўным ЖЭСам і ЖРЭУ — можна было б гэта зразумець. Але пра альтэрнатыву нічога не кажацца.

Праграмай прадугледжваецца скарачэнне дырэктыўнага крэдытавання на 1% і 2% ВУП ў 2016 і 2017 гадах адпаведна. Гэта добра. Але ЕАБР робіць дзіўную выснову, што гэта, «разам з лібералізацыяй цэн, адменай дырэктыўных паказчыкаў для дзяржаўных прадпрыемстваў, скарачэннем назапашанага разрыву паміж ростам рэальнай заработнай платы і прадукцыйнасці працы, мерамі па павышэнні прадпрымальніцкай ініцыятывы, зніжэннем рэгулятыўных выдаткаў для бізнесу, а таксама стымуляваннем працэсу прыватызацыі, будзе спрыяць павышэнню патэнцыялу эканамічнага росту».

Выбачайце, але скарачэнне дзяржаўнага крэдытавання наўрад ці ўплывае на «меры па павышэнні прадпрымальніцкай ініцыятывы». Хіба што трактары МТЗ будуць прадаваць на аўтарынку «Малінаўка» у Мінску — тады так, гэта будзе прадпрымальніцкая ініцыятыва МТЗ. Немаведама як скарачэнне дзяржкрэдытавання будзе зніжаць рэгулятыўныя выдаткі бізнесу, і чаму яно павінна адбіцца на працэсе прыватызацыі. Хіба што прадпрыемствы без дзяржпадтрымкі сканаюць, і іх будуць прадаваць?  А хто іх купіць у сённяшніх умовах?

У чыстай рэшце (для насельніцтва) гэтая праграма — тое ж, што «захады жорсткай эканоміі» для Грэцыі. Яна азначае лібералізацыю коштаў, павышэнне кошту ЖКГ, «скарачэнне назапашанага разрыву паміж ростам рэальнай заработнай платы і прадукцыйнасці працы» (то бок, скарачэнне заробкаў). Карацей, зноў за ўсё заплаціць насельніцтва. А вось якраз «структурных рэформаў», такіх як раздзяржаўленне эканомікі, стварэнне новых працоўных месцаў, тая ж прыватызацыя, падтрымка людской ініцыятывы і малога і сярэдняга бізнесу — такога ў планах ЕАБР няма. На жаль.

Дзяржава і пры гэтым працягвае выціскаць з насельніцтва апошнія капейкі. Напрыклад, падняла падатак на дададзеную вартасць (ПДВ) з 20 да 25% на паслугі сувязі. Усе мабільныя аператары і інтэрнэт-правайдэры ў выніку абвясцілі пра павышэнне тарыфаў. І на гэтым жа не спыніліся! Якраз напярэдадні пачатку «дачна-вясковага сезона» уведзены той жа ПДВ на гарадскія і прыгарадныя пасажырскія перавозкі. ПДВ складае 20%.

«Падаткам … абкладаюцца абароты па рэалізацыі на тэрыторыі Беларусі паслуг па перавозцы пасажыраў гарадскім і прыгарадным аўтамабільным транспартам у рэгулярных зносінах; гарадскім электрычным транспартам і метрапалітэнам; унутраным водным транспартам у прыгарадных зносінах; чыгуначным транспартам агульнага карыстання на гарадскіх і рэгіянальных лініях», — гаворыцца ў тлумачэнні да ўказа.

Кіраўнік Мінфіна Уладзімір Амарын заявіў, што ўвядзенне ПДВ не пацягне павышэння тарыфаў на гэтыя паслугі. Хто ж яму паверыць? Усе-усе чыноўнікі кажуць, што ў нас грамадскі транспарт і без таго стратны, субсідуемы і гэтак далей, а тут розныя «аўтатрансы» і чыгунка яшчэ будуць адлічваць 20% у бюджэт, і пры гэтым не падымуць кошты? Як такое можа быць? Грошы ж ніадкуль не бяруцца.

Ну і, канешне ж, рашэнне пра павышэнне пенсійнага ўзросту. Справа не ў тым, што ён вырасце за тры гады за 6 год. Нам шмат казалі пра тое, што па гэтым пытанні трэба параіцца з народам і разам вырашыць, на колькі, калі і якім чынам яго падвышаць. Аж да рэферэндума. Але, як заўсёды, рашэнне было прынятае ў стылі «мы параіліся, і я вырашыў».

Не дзіва, што ў такіх умовах беларусы адчулі крызіс у кішэні. Эканамічнае самаадчуванне беларусаў за першыя тры месяцы 2016 года значна пагоршылася, сведчаць вынікі апытання, праведзенага ў сакавіку Незалежным інстытутам сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў (Літва). Было апытана 1.508 чалавек, памылка рэпрэзентатыўнасці не перавысіла 3%.

Так, 59,6% рэспандэнтаў заявілі, што іх матэрыяльнае становішча за тры месяцы 2016 года пагоршылася. У снежні мінулага года пра пагаршэнне матэрыяльнага становішча заяўлялі 42,4% рэспандэнтаў.

Сярэдні даход на аднаго члена сям'і знізіўся са 195 долараў у снежні 2015 года да 147 у сакавіку гэтага года, хоць у мінулым чэрвені гэтая велічыня складала 240 долараў. Такім чынам, за дзевяць месяцаў сярэдні даход на аднаго члена сям'і знізіўся на 40%. Больш за 61% апытаных адзначылі, што яны ледзь «зводзяць канцы з канцамі», «грошай не хапае нават на прадукты» альбо «на прадукты грошай хапае, але купля адзення выклікае сур'ёзныя цяжкасці». У верасні 2014 года ў такім становішчы знаходзіліся 33,3% рэспандэнтаў.

Пра тое, што беларуская эканоміка знаходзіцца ў крызісе, упэўнена заявілі 87,8% удзельнікаў сакавіцкага апытання (на чвэрць больш, чым у верасні мінулага года), у той час як не пагадзіліся з гэтым толькі 4,4% апытаных. І 40,4% апытаных упэўненыя, што гэта надоўга, што гэта не «часовыя цяжкасці», а чвэрць апытаных — 24% назвалі наяўную сітуацыю крахам беларускай эканамічнай мадэлі.