Мінгандлю прапануе з 1 красавіка пісаць цэны ў старых і новых грошах

Міністэрства гандлю рэкамэндуе пры афармленні цэньнікаў, меню, іншай інфармацыі аб цане тавараў, прадукцыі грамадскага харчавання, а таксама тарыфаў пазначаць цэны ў грашовых знаках 2000 і 2009 гадоў. Адпаведнае тлумачэнне разьмешчанае на сайце ведамства.



novyja_groshy.jpg

«Міністэрства гандлю мяркуе магчымым пачаць выкарыстанне цэннікаў з указаннем коштаў, аформленых у адпаведнасці з прыкладзенымi тлумачэннямі, з 1 красавіка, але не пазней за 1 чэрвеня 2016 году», — гаворыцца ў дакуменце.
Дапускаецца ўказваць цэны ў грашовых знаках 2000 і 2009 гадоў розным колерам, розным шрыфтам. Пры ўказанні цаны на ярлыках вырабаў Мінгандлю рэкамэндуе выкарыстоўваць этыкет-стужку двух колераў.
«У гэтых выпадках прадавец павінен праінфармаваць пакупніка пра спосаб ўказання кошту «да дэнамінацыі» і «пасьля дэнамінацыі» шляхам прадстаўлення такой інфармацыі ў даступных для пакупніка месцах, праз радыёвузел, іншымі спосабамі. Напрыклад, «чырвоным колерам (ці „на правым стыкеры“ ці „на верхнім стыкеры“) паказаная цана да дэнамінацыі, зялёным (ці „на левым стыкеры“ ці „на ніжнім стыкеры“) — пасьля дэнамінацыі», — тлумачыць Мінгандлю.
У тлумачэнні таксама прыводзяцца прыкладныя ўзоры афармленьня цэннікаў па кошце тавараў, пры прадстаўленні зьніжак, а таксама афармлення коштаў у меню, ўказанні тарыфаў у аб’ектах бытавога абслугоўвання.
На сайтах інтэрнэт-крамаў, у рэкламных матэрыялах, падарункавых сертыфікатах кошт тавараў і паслуг таксама павінен пазначацца да дэнамінацыі і пасля.
Дэнамінацыя ў Беларусі будзе праведзеная 1 ліпеня 2016 году шляхам замены банкнот узору 2000 году (якія цяпер знаходзяцца ў абароце) на банкноты і манеты узору 2009 году ў суадносінах 10 000 да 1 беларускага рубля.
Абмяняць старыя грашовыя знакі на новыя можна будзе з 1 студзеня 2017 году па 31 снежня 2019 году ўключна ў Нацыянальным банку, банках і іншых крэдытна-фінансавых арганізацыях Беларусі. З 1 студзеня 2020 году па 31 снежня 2021-га ўключна старыя грошы на новыя можна будзе абмяняць толькі ў Нацыянальным банку. З 1 студзеня 2022 году грашовыя знакі ўзору 2000 году будуць лічыцца несапраўднымі.
Паводле "Радыё Свабода"