Беларусі выдзелены еўразійскі крэдыт на суму 2 мільярды долараў

Беларусі выдзелены крэдыт Еўразійскага фонду стабілізацыі і развіцця на суму 2 млрд. долараў ЗША. Як паведаміла прэс-служба Міністэрства фінансаў Беларусі, адпаведнае пагадненне было падпісана 25 сакавіка. 



dollars_245.jpg

Фота з сайта belapan.by
Дакументам прадугледжана "выдзяленне фінансавых рэсурсаў на суму 2 млрд. долараў ЗША ў падтрымку мер эканамічнай палітыкі і структурных пераўтварэнняў урада і Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь на 2016—2018 гады, ухваленых Саветам Еўразійскай фонду стабілізацыі і развіцця 25 сакавіка".
Паведамляецца таксама, што пазыка выдзяляецца асобнымі траншамі, кожны з якіх тэрмінам 10 гадоў, уключаючы пяцігадовы льготны перыяд. Паступленне ў рэспубліканскі бюджэт сродкаў першага траншу крэдыту ў памеры 500 млн. долараў чакаецца ў найбліжэйшыя дні.
"Астатнія шэсць траншаў будуць выдзяляцца па меры выканання адпаведных умоў, з іх два траншы ў 2016 годзе, тры траншы ў 2017 годзе і адзін транш у 2018 годзе", — паведамляе ў сваю чаргу Еўразійскі банк развіцця, які з'яўляецца кіраўніком сродкаў Еўразійскай фонду стабілізацыі і развіцця (ЕФСР).
Раней намеснік старшыні праўлення Нацыянальнага банка Тарас Надольны заяўляў, што ў 2016 годзе Беларусь разлічвае атрымаць ад еўразійскага фонду 1,1 млрд. долараў.
Паводле звестак БелаПАН, валютныя абавязацельствы Мінфіна Беларусі (у рамках плацяжоў па знешнім дзярждоўгу) па міждзяржкрэдытах Расіі і папярэднім крэдыце ЕФСР складаюць у гэтым годзе эквівалентную суму — амаль 1 млрд. 150 млн. долараў.
Заяўку на атрыманне новага крэдыту Еўразійскага фонду стабілізацыі і развіцця Беларусь накіравала ў сакавіку 2015 года. Двойчы (у ліпені і ў снежні) савет фонду адкладваў рашэнне аб выдзяленні крэдытных рэсурсаў Беларусі.
Пытанне аб выдзяленні еўразійскага крэдыту Беларусі абмяркоўвалася ў трэцяй дэкадзе лютага ў ходзе пасяджэння Вышэйшага дзяржсавета Саюзнай дзяржавы з удзелам Уладзіміра Пуціна і Аляксандра Лукашэнкі. Пасля пасяджэння Лукашэнка заявіў, што расійскае кіраўніцтва акажа фінансавую падтрымку беларускай эканоміцы.
Дзмітрый Заяц, БелаПАН