25 гадоў Канфэрэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі. Чаму гэта істотна?

11 лютага 1999 году адбылася надзвычай істотная гістарычная падзея для беларускіх каталікоў. У той дзень была заснаваная структура, якая каардынавала працу біскупаў у нашай краіне. Можна сказаць, з гэтага часу мы сталі роўнымі сярод роўных. Першым старшынёй быў абраны кардынал Казімір Сьвёнтэк.

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Фота: Павел Хадзінскі

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Фота: Павел Хадзінскі

Першая Канфэрэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у сьвеце была створаная ў 1863 годзе ў Швайцарыі. Напрыклад, у Польшчы яна зьявілася ў 1918-м, у Францыі ў 1945-м, у ЗША – у 1966-м. На сёньня падобныя структуры ёсьць ва ўсім сьвеце.

Коратка разьбяромся што гэта?

Стварэньне гэтай структуры ўвогуле стала магчымым дзякуючы таму, што напрыканцы 1998 году ў Гародні атрымаў біскупскае пасьвячэньне Антоні Дзям’янка, які стаў трэцім герархам на тэрыторыі Беларусі (мінімальная колькасьць біскупаў, неабходная для заснаваньня Канфэрэнцыі). Апроч яго ў той час біскупамі ў Беларусі былі Аляксандар Кашкевіч і кардынал Казімір Сьвёнтэк, які і быў абраны першым старшынёй Канфэрэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі.

Як слушна адзначае ксёндз Мікола Гракаў, слова «канфэрэнцыя» мае латынскае паходжаньне. Яно ўтворанае ад дзеяслова confercio, што азначае «зьбіраць разам у адным месцы». Большасьць людзей найчасьцей зьвязвае яго з уяўленьнем пра навуковы сход, на якім чытаюцца даклады і адбываюцца дыскусіі.

Разам з тым мала хто ведае, што калісьці слова «канфэрэнцыя» азначала таксама калегіяльны орган кіраваньня рознымі складанымі структурамі, напрыклад, унівэрсытэтамі. Менавіта ў такім значэньні гэтае слова ўжываецца і тады, калі гаворка ідзе пра Канфэрэнцыю Каталіцкіх Біскупаў, або, інакш кажучы, епіскапат.

Сустрэчы біскупаў адбываюцца некалькі разоў на год. У залежнасьці ад істотнасьці для жыцьця Касьцёлу некаторыя дакумэнты павінны быць прынятыя аднагалосна, некаторыя — дзьвюма трацінамі галасоў, а некаторыя — звычайнай большасьцю.

Пры ККБ Беларусі створаныя камісіі, рады і іншыя ўстановы.

Хто ўваходзіць?

Сёньня ў яе склад уваходзяць восем біскупаў. Гэта арцыбіскуп Юзэф Станеўскі, мітрапаліт Менска-Магілёўскі, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, арцыбіскуп Менска-Магілёўскі на пэнсіі, біскуп Пінскі Антонi Дзям’янка, біскуп Гарадзенскі Аляксандар Кашкевіч, біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, дапаможныя біскупы Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юры Касабуцкі і Аляксандар Яшэўскі і дапаможны бiскуп Пінскай дыяцэзіі Казiмiр Велікаселец.

Нунцый Антэ Ёзіч, арцыбіскуп Юзэф Станеўскі, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, біскуп Казімір Велікаселец. Фота: Павел Хадзінскі

Нунцый Антэ Ёзіч, арцыбіскуп Юзэф Станеўскі, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, біскуп Казімір Велікаселец. Фота: Павел Хадзінскі

Хто яшчэ падпарадкоўваецца?

Адно з самых вядомых падразьдзяленьняў ККБ Беларусі — Сэкцыя па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакумэнтаў Касьцёлу. Дзякуючы яе працы выйшлі на беларускай мове безьліч дакумэнтаў Касьцёлу, літургічных кнігаў і каталіцкі пераклад на родную мову Новага Запавету.

Дабрачыннае каталіцкае таварыства «Caritas». Як адзначаюць удзельнікі, у сваёй працы «Caritas» удзяляе  асаблівую ўвагу дзецям, дзецям-сіротам, інвалідам, малазабясьпечаным асобам, пэнсіянэрам, шматдзетным, няпоўным сем’ям, а таксама ўсім тым, хто апынуўся ў цяжкай жыцьцёвай сытуацыі незалежна ад іхнай рэлігійнай, палітычнай, нацыянальнай і расавай прыналежнасьці.

Рэзанансныя выказваньні апошняга часу

2020 год у Беларусі

У жніўні 2020 году пасьля выбараў і масавых рэпрэсіяў старшыня ККБ Беларусі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч ад пачатку дэманстрацыяў заклікаў беларусаў знайсьці мірны выхад з жорсткага супрацьстаяньня. Ён просіць аб малітве, каб пазьбегнуць пагаршэньня сытуацыі.

«Я зьвярнуўся да вернікаў, каб маліліся на ружанцы аб міры ў нашай краіне. Гэта вельмі важная малітва да Маці Божай, Каралевы Спакою. Таксама я зьвярнуўся з іншым заклікам, гэтым разам да ўсіх людзей добрай волі, усіх жыхароў нашай краіны. Баюся, што можа распачацца грамадзянская вайна, бо людзі выйшлі на вуліцы. Заклікаю ўсе бакі стрымлівацца і не ўжываць гвалту. Лічу таксама, што было б добра арганізаваць круглы стол, каб размаўляць аб усіх гэтых праблемах і вырашаць іх шляхам дыялёгу і перамоваў», — сказаў герарх.

Яго падтрымаў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч:

«Мы маем вельмі дзейсную «зброю» ў такіх сытуацыях —Ружанец. Неаднойчы гэтая малітва ратавала людзей і цэлыя краіны ў цяжкія хвіліны, няхай і нам дасьць сёньня Божую дапамогу і падтрымку. Заахвочваю маліцца, прынамсі, адной таямніцай Ружанца ў дзень у інтэнцыі мірнага вырашэньня складанай сытуацыі ў нашай краіне, а таксама ахвяраваць у гэтай інтэнцыі пост».

Біскуп Алег Буткевіч, старшыня ККБ Беларусі з 2021 году. Фота: Павел Хадзінскі

Біскуп Алег Буткевіч, старшыня ККБ Беларусі з 2021 году. Фота: Павел Хадзінскі

Пастыр самай паўночнай дыяцэзіі Беларусі лічыць, што «выйсьце толькі адно — трэба шукаць праўду! Гэта важна, каб быць пэўным, што абараняю менавіта праўду, а не падман. І трэба ведаць, што праўды напэўна ня будзе там, дзе ёсьць гвалт. Трэба размаўляць і мець добрую волю пачуць адно аднаго! Калі хочам будаваць цывілізаваную краіну, то і сродкі вырашэньня канфліктаў у нас няхай будуць цывілізаваныя. Няхай Бог будзе нам у гэтым дапамогай, бо Ён ведае, што дабро заўсёды мацнейшае за зло. Варта, каб кожны з нас сёньня пра гэта памятаў».

Арцыбіскуп Кандрусевіч, на той час старшыня Канфэрэнцыі Каталіцкіх Біскупаў, заявіў: «Чаму мы, народ з больш як тысячагадовай гісторыяй хрысьціянства, сёньня як быццам забыліся пра любоў да бліжняга і ўласьцівую нам з даўніх часоў талерантнасьць у адносінах да іншадумцаў? Чаму на нашай сьвятой зямлі паўтараецца біблейская гісторыя сумнавядомага Каіна, які забіў свайго брата Абэля?»

22 жніўня 2020 году Тадэвуш Кандрусевіч працягнуў думку: 

«У гэты складаны час беларусы з надзеяй глядзяць у будучыню. Трэба распачаць ад перабудовы нас саміх. І гэта адбудзецца, калі мы скажам «так» Богу, «так» Божаму закону, «так» духу Эвангельля, «так» правам чалавека, «так» годнасьці кожнага чалавека.

Нашая гісторыя, нашая будучыня ў нашых руках. Давайце выкарыстаем гэты шанец, распачынаючы ад перамены саміх сябе. Бо як ня мы, то хто. Як не цяпер, то калі!»

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Фота: Павел Хадзінскі

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Фота: Павел Хадзінскі

Такіх недвухсэнсоўных выказваньняў мітрапаліту Кандрусевічу рэжым не дараваў: яго проста амаль паўгады не пускалі ў Беларусь пасьля наведваньня Польшчы.

У верасьні 2020 году Канфэрэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі выказала «глыбокую занепакоенасьць» у сувязі з тым, што арцыбіскупу Тадэвушу Кандрусевічу было адмоўлена ва ўезьдзе ў Беларусь.

«Недапушчальна, што біскуп Каталіцкага Касьцёлу, які зьяўляецца пастырам даручаных яму вернікаў, пазбаўлены магчымасьці знаходзіцца ва ўласнай дыяцэзіі і несьці ў ёй служэньне, даручанае яму Сьвятым Айцом Папам Францішкам», — гаворыцца ў заяве, падпісанай біскупамі Аляксандрам Кашкевічам і Юзафам Станеўскім, адпаведна Віцэ-старшынёй і Генэральным сакратаром епіскапату.

Герархі лічаць, што такога роду дзеяньні не спрыяюць будаўніцтву канструктыўных адносінаў паміж дзяржавай і Каталіцкім Касьцёлам, ня служаць зьмяншэньню напружанасьці і пераадоленьню глыбокага падзелу ў грамадзтве.

Арцыбіскуп Юзэф Станеўскі. Фота: Павел Хадзінскі

Арцыбіскуп Юзэф Станеўскі. Фота: Павел Хадзінскі

Вайна ва Ўкраіне

«Сёньня раніцай сьвет скалыхнула трагічная навіна: паміж найбліжэйшымі да нас суседнімі краінамі распачаўся ваенны канфлікт. Здаровы розум і так моцна яшчэ жывая памяць пра наступствы падобных дзеяньняў у гісторыі ня сталіся эфэктыўным стрымліваючым фактарам. Брат узьняў руку на брата. Пачаў зьдзяйсьняцца найгоршы сцэнар развязкі той напружанасьці, якая ўжо доўгі час існавала паміж братнімі народамі. Так блізка, побач з намі, паміж Расеяй і Ўкраінай, сярод блізкіх нам людзей пачалася вайна», — гаворыцца ў пачатку звароту Канфэрэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі.

Старшыня каталіцкага епіскапату Беларусі Алег Буткевіч заклікаў да малітвы, як асабістай, так і ў парафіяльных супольнасьцях, «аб Божай міласэрнасьці і прабачэньні для нас, Божых дзяцей, якія ня ўмеюць мірна вырашаць свае непаразуменьні і панаваць над сваімі хворымі амбіцыямі, аб спыненьні братазабойчага канфлікту, які ва ўмовах сучаснай міжнароднай сытуацыі можа перарасьці ў больш глябальную катастрофу».

«Божа, дай апамятацца гэтаму сьвету і спашлі яму свой спакой, свой Божы спакой!», — такім заклікам завяршаўся адмысловы зварот ад імя Канфэрэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі.

Біскуп Аляксандар Яшэўскі. Фота: Павел Хадзінскі

Біскуп Аляксандар Яшэўскі. Фота: Павел Хадзінскі

Праз некалькі дзён быў вададзены новы зварот ад імя ККБ Беларусі:

«Просім, каб нашая краіна не прымала ўдзел у гэтай вайне». Зварот, падпісаны каталіцкімі біскупамі, зьмяшчаў наступныя словы:

«Мы суперажываем нашай паўднёвай суседцы Ўкраіне, якая перажывае трагедыю. Сёньня, калі вырашаецца будучыня ня толькі Ўкраіны, неабходна зрабіць усё магчымае, каб знайсьці мірнае вырашэньне канфлікту».

Біскупы заклікалі, «каб тыя, ад каго гэта залежыць, не дапусьцілі, каб нашая краіна прымала ўдзел у гэтай вайне». Усіх вернікаў яны просяць пасьціць і маліцца, а таксама аказваць пасільную дапамогу ўсім пацярпелым.

Іншыя заявы

У 2013 годзе менавіта Канфэрэнцыя Каталіцкіх Біскупаў Беларусі атрымала ад органаў інфармацыю аб затрыманьні ксяндза Ўладзіслава Лазара па справе ў шпіянажы.

Тады біскупам паведамілі, што ксёндз Лазар сапраўды затрыманы КДБ і знаходзіцца ў СІЗА КДБ у Менску. Ксяндзу Лазару ставілася ў віну перадача грошай і матэрыяльных каштоўнасьцяў чалавеку, які абвінавачваўся ў шпіянажы на карысьць іншай дзяржавы. У той час нунцый (амбасадар) Ватыкану арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроці меў магчымасьць сустрэцца са сьвятаром, якога пратрымалі ў засьценках каля шасьці месяцаў і выпусьцілі без тлумачэньняў для грамадзкасьці.

Падобным чынам і ў наш час, напрыканцы 2023 году, па падобным абвінавачваньні затрыманы ксёндз з Ваўкавыску.

Біскуп Юры Касабуцкі. Фота: Павел Хадзінскі

Біскуп Юры Касабуцкі. Фота: Павел Хадзінскі

У 2016 годзе ўпаўнаважаны Лукашэнкі па справах рэлігіяў і нацыянальнасьцяў Беларусі Леанід Гуляка заявіў, што Каталіцкі касьцёл у Беларусі недастаткова актыўна працуе па падрыхтоўцы сьвятароў.

Ён тады заявіў, што ёсьць кадравая праблема і запрашэньне вялікай колькасьці сьвятароў з-за мяжы. Пры гэтым, паводле яго словаў, некаторыя замежныя сьвятары слаба валодаюць навыкамі зносінаў на дзяржаўных мовах Беларусі i рэдка выкарыстоўваюць іх для правядзеньня набажэнстваў, што выклікае справядлівыя скаргі вернікаў.

На гэты закід прыслужніка Лукашэнкі Канфэрэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі выпусьціла заяву:

«Справа падрыхтоўкі сьвятароў зьяўляецца выключна ўнутранай справай Касьцёлу, які клапоціцца пра сваю будучыню (дарэчы, у гэтым годзе (маецца на ўвазе 2016 — П.Х.) 19 чалавек распачалі навучаньне ў сэмінарыях Беларусі і ў манаскіх сэмінарыях за мяжой), і абвінавачваць яго ў незацікаўленасьці і недастатковасьці «працы з кадрамі» выглядае беспадстаўна».

Біскуп Антоні Дзям'янка, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, кардынал Клаўдыё Гуджэроці, біскуп Аляксандар Кашэўскі, біскуп Юры Касабуцкі. Фота: Павел Хадзінскі

Біскуп Антоні Дзям'янка, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, кардынал Клаўдыё Гуджэроці, біскуп Аляксандар Кашэўскі, біскуп Юры Касабуцкі. Фота: Павел Хадзінскі

У 2010 годзе каталіцкія біскупы, сабраныя на паседжаньні, абмеркавалі магчымасьць стварэньня пэнсійнага фонду і фонду салідарнасьці для сьвятароў, кансэкраваных і сьвецкіх асобаў, якія працуюць у касьцельных структурах.

Як бачым, Канфэрэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі сьмела выказваецца па самых балючых пытаньнях. Як бачым, рэпрэсіі супраць каталіцкага касьцёлу ўзрастаюць. Як бачым, за ўсю гісторыю хто толькі не спрабаваў ціснуць на Касьцёл.

А ён жыве!