410 гадоў таму запрацавала друкарня ў Любчы. Якія кнігі чыталі нашыя продкі ў той час?
За час працы, а менавіта з 1612 году, яна выпусьціла ў сьвет каля ста друкаваных кнігаў. Чым радавалі кнігавыдаўцы жыхароў Вялікага Княства Літоўскага ў XVII стагодзьдзі?
Друкарня была заснаваная ў 1612 годзе выдаўцом і друкаром Пятром Бластусам Кмітам. Са сталіцы Вялікага Княства Літоўскага ён перавёз сваю друкарню ў горад Любча. Кажуць, пратэстант ратаваўся ад перасьледу езуітаў. Гэта адбылося пасьля таго, як напярэдадні ў Вільні быў разрабаваны кальвінісцкі збор.
Галоўным чынам гэты былі выданьні сьвецкага зьместу: антычныя і гістарычныя творы, практычныя дапаможнікі ў мэдыцыне, вэтэрынарыі і школьнай справе, літаратурныя творы. Напрыклад, былі спаміж іх «Генэалёгія, або кароткае апісаньне вялікіх літоўскіх князёў» Стрыйкоўскага ў перапрацоўцы Доўгірда, «Гісторыя юдэйскай вайны» Флавія, «Апафэгматы» Буднага, «Статут Слуцкай школы».
Урывак з «Гісторыі юдэйскай вайны» Флавія:
«Калі Ёнатан, які быў братам Юды, стаў ягоным пераемнікам, ён паводзіў сябе вельмі асьцярожна ў адносінах да свайго народу; і ён пацьвердзіў сваю ўладу, захаваўшы сяброўства з рымлянамі. Ён таксама заключыў хаўрус з Антыёхам-сынам. Аднак усяго гэтага было недастаткова для ягонай бясьпекі; бо тыран Трыфан, які быў апекуном Антыёха-сына, зладзіў супраць яго змову; і, акрамя таго, паспрабаваў зьняць сваіх сяброў і злавіў Ёнатана хітрасьцю, калі ён ішоў у Пталемаіду да Антыёха, зь некалькімі людзьмі ў ягонай кампаніі, і пасадзіў яго ў кайданы, а затым зьдзейсьніў экспэдыцыю супраць габрэяў; але калі ён пасьля быў выгнаны Сымонам, які быў братам Ёнатана, і быў разьюшаны яго паразай, ён забіў Ёнатана».
Як сцьвярджае Сьвятлана Чубрык, пад кіраўніцтвам Пятра Бластуса Кміты друкарня актыўна дзейнічала ў 1612—1629 гадох. За гэты пэрыяд выйшла 47 кнігаў агульным аб’ёмам каля 400 друкаваных аркушаў. Першым выданьнем у 1612 годзе стала каталіцкая кніга «Шэсьць крылаў Серафімавых» сьв. Банавэнтуры з прысьвячэньнем віленскаму біскупу Бэнэдыкту Войне.
Урывак з кнігі сьвятога Банавэнтуры:
«Такім чынам, выява шасьці крылаў серафіма ўвасабляе шэсьць прыступак азарэньня, якія пачынаюцца ў створаным сьвеце і вядуць да Бога, да Якога ніхто ня ўвойдзе інакш, як праз Хрыста Ўкрыжаванага. Бо «хто не дзвярыма ўваходзіць у двор авечы, але пералазіць, той злодзей і разбойнік». А той, хто праз гэтыя дзьверы «ўвойдзе і выйдзе, той пашу знойдзе». Вось чаму Ян кажа ў Апакаліпсісе: “Шчасьлівыя тыя, якія абмылі вопратку сваю крывёю Ягняці, каб мець ім права на дрэва жыцьця і ўвайсьці ў горад брамамі”. Іншымі словамі, апостал кажа, што ўвайсьці ў нябесны Ерузалем праз сузіраньне можна толькі брамай крыві Ягняці».
У Любчанскай друкарні выдаваліся і навуковыя кнігі, такія як «Хараграфія, або Апісаньне краінаў сьвету» Ансэльма Поляка, а таксама творы гуманістычнага гуртка, да якога належаў Саламон Рысінскі — аўтар трактату аб паходжаньні роду Радзівілаў і складальнік першага зборніку беларускіх прыказак. Рысінскі таксама вядомы як першы чалавек, які назваў сябе беларусам.
Януш Радзівіл, які апекаваўся друкарняй, запрасіў у Любчу Яна Амоса Камінскага, якога можна назваць «бацькам сусьветнай пэдагогікі».
Рэгулярна выходзілі творы пратэстантаў. Найбольш вядомы і пастаянны аўтар — Ян Зыгровій — надрукаваў тут ажно дзевяць сваіх твораў. Мікалай Нікалаеў, доктар філялягічных навукаў, дасьледнік гісторыі беларускай кнігі, адзначае, што на рэлігійнай глебе адбылося нават спаборніцтва паміж Любчанскай і Віленскай друкарнямі. Пётр Кміта надрукаваў апісаньне дыспуту, што адбыўся ў Наваградку паміж пратэстантамі і езуітам Бэнэдыктам Брывіліем. У адказ на гэтую публікацыю Віленская акадэмічная друкарня выдала кніжку з супрацьлеглым поглядам на ход навуковай спрэчкі і на пераможцу ў дыспуце.
Вось такія спаборніцтвы і стваралі веліч Вялікага Княства Літоўскага.
Пасьля сьмерці Пятра Кміты друкарню ўзначаліў ягоны сын Ян. Як адзначае Аляксей Пяткевіч, Ян Кміта працаваў тут у 1632-1646 гадох. Выдавецкая палітыка друкарні прыкметна зьмянілася. Значна аслабіўся яе гуманістычна-асьветніцкі кірунак. Друкаваліся пераважна казаньні і літургічныя творы, што тлумачыцца ўзмацненьнем каталіцкага касьцёлу. Друкарня, хоць і бараніла інтарэсы пратэстантызму, рабіла гэта памяркоўна, непасьлядоўна.
Актыўным аўтарам быў цяпер Балтазар Лабецкі, які надрукаваў шмат казаньняў. Найбольш значнае зь іх мае назву «Анатомія ведаў, або разбор і разгадка чалавечых сумневаў…» (1638). Твор выходзіць за межы жанру і набывае характар эмацыйна ўзвышанага філязофскага трактату, у якім культывуецца розум, яго невымерныя магчымасьці. Па грунтоўнасьці зьместу і аб’ёму (цыкл з 23 казаньняў, 425 старонак) гэта самы важкі здабытак друкарні Яна Кміты.
Творы Сымона Буднага
Урывак з «Генэалёгіі, або кароткага апісаньня вялікіх літоўскіх князёў» Стрыйкоўскага:
«Тыя гетманы нашы, польскі і літоўскі,
Моц зьяднаўшы, на бітву прыцягнулі войскі
Міль з чатыры за Оршу, дзе цячэ Крапіўна,
Дзе пагром быў маскоўскі, помны незабыўна.
А калі тры гадзіны па паўдні настала,
Феб, свой твар паказаўшы, засьвяціў ласкава,
Раць маскоўскую гетман Чалядзін пастроіў —
Цэлых восем дзесяткаў тысячаў — да бою;
А паколькі нас меней, як масквы, сышлося,
З тылу ўдарыць найлепей — так яму здалося;
Два палкі пасылае нам у тыл адразу,
У надзеі — раптоўна нанясе паразу.
Вось масква, знак да бою ў сурмы затрубіўшы
Ды сьцягі і харугвы пышна распусьціўшы,
На літву наступае; Канстантын адважна
Даў адпор ім рашучы, бо чыніў разважна.
Так натхніў ён да бою вояў красамоўна,
Што масква прэч пабегла ў сораме раптоўна».
Шыкоўны выгляд Любчы ў той час
Апошнім, трэцім друкаром Любчанскай друкарні быў Ян Ланге, які прыехаў з Польшчы і таксама быў пратэстантам-лютэранінам (1646 —1655). Цікавым выдавецкім праэктам Ланге трэба прызнаць каляндар-гадавік («Стары і новы каляндар гадавых сьвятаў»). Складальнік Стэфан Фурман падрыхтаваў яго 4 выпускі (1653 — 1656 гады). Але прозьвішча кіраўніка друкарні ёсьць толькі на першым выпуску гадавіка ды яшчэ на адной кнізе — «Гадзіньнік» (1653), падрыхтаванай кальвіністам Гляскоўскім.
Пасьля Крывавага патопу, самай страшэннай вайны ў гісторыі Беларусі (супраць Расеі ў 1654—1667 гадах), друкарня ў Любчы ўжо не аднавілася.