«Замест старой акупацыі – нямецкай – пачынаецца новая – маскоўская». Аб чым пісала газэта «Гоман», якая пачала выходзіць у 1916 годзе

Ішла Першая сусьветная вайна, Беларусь знаходзілася пад акупацыяй нямецкіх войскаў. І ў гэты час, з дазволу іншаземцаў, у Вільні пачала выходзіць газэта, якая праіснавала амаль тры гады. Гэта было выдатнае нацыянальнае выданьне, першым рэдактарам якога зьяўляўся Вацлаў Ластоўскі. Давайце пагартаем старонкі.

Першы нумар газэты ў 1916 годзе

Першы нумар газэты ў 1916 годзе

Першы нумар выйшаў 15 (па новым стылі 28) лютага 1916 году і каштаваў 5 нямецкіх фэнігаў. Выданьне выходзіла беларускай лацінкай, да якой праз год дадалася і кірыліца.

Першы нумар пачынаўся, амаль як і сёньня, зьвесткамі аб ваенным становішчы на фроньце. На заходнім фроньце зьмены такія-сякія назіраліся. Нямецкае ваеннае апавяшчэньне:

«У Фляндрыі пасьля вострага гарматнага бою даволі вялікія атрады разьведчыкаў уварваліся на пазыцыі непрыяцеляў. На паўднёвым усходзе ад Бэсінгу ўзялі больш за 40 англічанаў у палон. Нашыя лятучыя эскадры шчодра асыпалі бомбамі склады непрыяцеля — этапныя і чыгуначныя ў Лепан і Поперынг. Налёт летуноў  непрыяцеля на Гіцель, на поўдзень ад Астэндэ, не зрабіў шкоды.

На ўходнім фроньце палажэньне, наагул, бяз зьменаў. На ўсход ад Баранавічаў узяты штурмам два шанцы, якія яшчэ заставаліся ў руках расейцаў на ўсходнім беразе Шары».

І толькі пасьля вестак з усяго сьвету атрымалася разьмясьціць разьдзел «Да чытачоў»:

«Ведаць, што робіцца навакол нас, атрымліваць весткі з усяго сьвету, пазнаваць думкі свайго грамадзянства і чужыя, мець можнасьць і самому сказаць перад усімі аб тым, што нам трэба, што нам баліць, — гэта зрабілася ўжо адной з найвялікшых патрэбаў культурнага чалавека. Патрэбу гэту здавольвае газэта.

Газэта злучае чалавека зь ягоным народам, ягонай старонкай, — з усенькім сьветам. Слабыя, нячутныя галасы паадзінокіх жыхароў Краю зьліваюцца ў ёй у вялікі, моцны голас грамадзянства — і той голас паказвае нам дарогу, па якой мы павінны ісьці, паказвае кожнаму належнае яму месца, ягоныя павіннасьці і правы.

Фронт Першай сусьветнай

Фронт Першай сусьветнай

Асабліва патрэбна кожнаму газэта ў роднай мове: яна даступная ўсім, даступная кожнаму, хто толькі навучыўся чытаць.

Патрэба газэты адчуваецца наймацней тады, калі настаюць часы важных пераменаў, калі ідзе справа аб долі народаў. Беларускі Край цяпер перажывае якраз такі вялікі гістарычны момант: перад намі адкрываецца шырокі прастор для працы, і ў гэты момант больш чым калі патрэбная нам беларуская газэта.

Пяць месяцаў не было ў нас яе. Пяць месяцаў ня ведалі мы адны аб адных, ня ведалі, што робіцца навакол нас, як народ ладзіцца да новага жыцьця. Цяпер гэта мінулася — і вось гэты наш «Гоман» пойдзе па вёсках, мястэчках і гарадох нашага Краю, несучы ўсюды добрыя весьці, ахвотна чытаны ўсім беларускім народам.

Хай жа гэта будзе жывы знак, што адвечныя жыхары гэтай старонкі, ператрываўшыя сталетнюю няволю, ня згінулі і ў апошняй ваеннай навальніцы, што і для іх наступаюць досьвіткі лепшай долі».

Як жа прыгожа напісана, і можна толькі ўявіць, як гэтыя словы мусілі абагрэць сэрцы беларусаў, якія здолелі прачытаць радкі на роднай мове.

Далей Вацлаў Ластоўскі стварае гісторыю пераемнасьці ад часоў Вялікага Княства Літоўскага да сучаснасьці ў артыкуле «1491-1916»:

«Летам 1491-га дакончаны былі першыя друкі беларускія Швайполтам Фіёлам у мейсцы Кракаве. Гэта былі наагул першыя кніжкі, друкаваныя ў славянскай мове. Друкаваліся яны з беларускімі асаблівасьцямі ў мове — коштам і накладам беларускіх паноў і княжат — для беларускага народу, і імі пачынаецца беларуская друкаваная літаратура.

У 1517 годзе доктар Францішак Скарына «дзеля лепшага выразуменьня люду паспалітаму» друкуе ў Празе Біблію, перакладзеную на мову нашага народу. У 1525 годзе Скарына пераносіць сваю друкарню ў Вільню, і ад гэтага часу пачаліся хутка множыцца Беларускія друкарні і друкі.

Урывак з газэты

Урывак з газэты

А ў ХІХ ст. — пад расейскай дзяржавай — і зусім было забаронена друкаваць што-колечы па-беларуску. Царскія ўказы і міністэрскія цыркуляры выкасавалі беларускі народ зь ліку жывых нацыяў».

У гэтым жа першым нумары выйшаў нарыс «Памяці Справядлівага», у якім прыгожа апавядалася гісторыя пра героя Кастуся Каліноўскага. Тут жа былі надрукаваныя і словы паўстанца:

«Беларусы, браты мае родныя! З-пад шыбеніцы маскоўскай прыходзіцца мне да вас пісаці і можа раз астатні. Горка пакінуць зямельку родную і Цябе, дарагі мой народзе. Грудзі застогнуць, забаліць сэрца, але ня жаль згінуць за Тваю праўду!».

Чытачы даведаліся, што «яшчэ перад Калядамі адкрыліся ў Вільні першыя беларускія школы: на Лукішках, на Антокалі, на Сьніпішках. А гэтымі днямі лік іх яшчэ павялічыўся. У школах навука дармовая. Вядзецца яна па-беларуску, але побач з гэтым вучаць нямецкай і польскай мове.

Апроч гэтага дзеля падрыхтоўкі настаўнікаў для беларускіх школаў адкрыліся «Вечаровыя Курсы для народных вучыцеляў і вучыцелек».

Сьмерць Цёткі

У другім нумары паведамлялася ў форме вялікага артыкулу пра скон Алаізы Пашкевіч:

«Яе жыцьцё — то была безупынная праца для свайго Народу. Праца, каторая ёй не магла даць ніякай карысьці, апрача пачуцьця споўненай павіннасьці: бо яе родны Народ, што ўсю душу яе забраў у палон, бедны і цёмны, пакрыўджаны Богам і людзьмі, ня меў чым ёй аддзякаваць.

І не для падзякі, ня дзеля славы працавала яна: усе сілы свае аддала на служэньне Сьвятой Ідэі адраджэньня Беларускага Народу, бо гэтая Ідэя запанавала ў яе душы, захапіла яе думкі, яе сэрца.

Глядзіце таксама

Цётка. Пад такім прозьвішчам вядомая была між віленскімі работнікамі ад 1905 году. Тады толькі пачынаў будзіцца беларускі народ. Тады першы раз публічна  — на сходах і мітынгах —зазьвінела беларускае слова, слова пратэсту проці ўціску і зьдзеку з працоўнага народу, проці расейскай няволі».

Бульба – з Варшавы

У 1916 годзе, як выявілася, у Беларусі быў недастатковы ўраджай бульбы. У сувязі з гэтым «з прычыны таго, што ў Варшаве яе сабрана з лішкам, можна будзе частку бульбы прывезьці ў Вільню з Варшавы. Бульба будзе прывезеная чыгункай — найбліжэйшай дарогай: цераз Гродну. Пуд будзе каштаваць каля 1 рубля. Для дабрачынных таварыстваў, народных школаў, лякарняў і г.д. будзе пазначаны меншы кошт. Паадзінокім асобам ня будуць прадаваць болей за 1 пуд за раз».

Урывак з газэты

Урывак з газэты

У другім нумары зьявіліся ўжо дзьве прыватныя абвесткі, адна зь іх, праўда, належала самому Вацлаву Ластоўскаму:

«Купляю ўсялякія старасьвецкія рэчы: абразы, гравюры, мініатуры, рукапісы і кніжкі XV I XVI ст., парцэляну, шкло, тканіны».

Іншы чалавек прапаноўваў наступнае:

«Заместа дарагога мяса купляйце сушаную рыбу. Прадаецца па 22 кап. фунт у краме Беларускага Спажывецкага Таварыства «Райніца».

Глядзіце таксама

Беларуская Народная Рэпубліка

Перанясёмся на два гады наперад, у нумар 222 ад 29 сакавіка 1918 году.

Як і заўжды, газэта пачыналася з навінаў з фронту. Але пасьля ішла гістарычная навіна:

Тэлеграма Гертлінгу ад Беларускага Народнага Сакратарыяту.

Старшыня выканаўчага камітэту Рады І Усебеларускага зьезду і часовы старшыня народнага сакратарыяту Беларускай Народнай Рэспублікі адбіў нямецкаму канцлеру Гертлінгу наступную тэлеграму:

«Выканаўчы камітэт Рады І Усебеларускага зьезду, як часовы заканадаўчы орган, і народны сакратарыят Беларускай Народнай Рэспублікі азнаёміўся зь нямецкіх газэтаў з праэктам кіраўнічых партыяў большасьці рэйхстагу аб уступцы Польшчы беларускіх земляў — гэтым маюць гонар заявіць вам, што падобны акт парушыў бы самыя жыцьцёвыя інтарэсы беларускага народу і значнай большасьці нацыянальных меншасьцяў Беларусі і быў бы палічаны народнымі масамі як цяжкая зьнявага.

Прызнанае цяпер усім культурным сьветам права на самаазначэньне народаў патрабуе, каб толькі само насельніцтва Беларусі, шляхам вольнага народнага галасаваньня, вырашала пытаньне аб сваёй дзяржаўнай прыналежнасьці.

Просім пазволіць нашым дэлегатам неўзабаве прыехаць да Бэрліну дзеля працы ў вырашэньню пытаньняў, датычных беларускіх зямель».

Тут жа быў надрукаваны ўрывак з апавяданьня Максіма Гарэцкага «Рунь».

4_660.jpg

Апошні нумар газэты пабачыў сьвет напярэдадні Раства, 24 сьнежня 1918 году. Гэта быў 297 нумар.

Рэдакцыя выданьня пасылала «ўсім сваім чытарам (якая цікавая форма слова), супрацоўнікам і прыяцелям жычэньне вясёлых сьвятаў».

Газэта прадчувала жорсткую небясьпеку камуністычнага рэжыму, які выглядваў з расейскага Крамля:

«Па ўсім нашым краю, згодна з адвечнай традыцыяй, рыхтуюцца людзі як сьлед сустрэціць сьвятыя дні.

Куцьця. Каляды. Нейкай дзіўнай радасьцю напаўняюцца грудзі ў гэтыя сьвяты: людзі зусім незнаёмыя ласкавей паглядаюць адзін на аднаго, а блізкія зьбіраюцца разам спажываці Куцьцю. Традыцыя, умацаваная сталецьцямі, мае гэткую сілы, што глянуўшы на бяседнікаў у гэты сьвяты вечар, трудна даць веры, што навакол валяцца асновы старога ладу, што на руінах аджыўшых свой век дзяржаўных арганізмаў зацьвітае цудоўная кветка Волі.

Вялізарныя перамены робяцца на ўсенькім сьвеці. Яны закранулі і наш край, але як-жа балюча, як цяжка перажываем мы радзіны новага жыцьця!

Адна за аднэй пракаціліся праз усю Беларусь хвалі адступаўшых маскалёў і наступаўшых нямецкіх армій. І адны, і другія значылі свой сьлед пажарышчамі, апусьцеўшымі вёскамі, сьвежымі магіламі. Некалі заможныя ваколіцы пачалі выміраць ад голаду, бо ўсё, што ў іх было, зрабавала варожая рука. А тры гады акупацыі забілі, заглушылі ўсе праявы жыцьця народнага, абярнуўшы Край у вадзін вялізарны вастрог…

Цяпер палажэньне зьмянілася. На ўсіх ваенных франтох настаў супакой, і мо’ толькі некалькі месяцаў адзьдзяляе нас ад моцнага, трывалага міру. 

Але для нашай Бацькаўшчыны гадзіна міру яшчэ не прабіла: замест старой акупацыі — нямецкай —пачынаецца новая —маскоўская, а мо’ і польская. Варожыя сілы з усходу і заходу нахлынулі на наш край, каб зьнішчыць малады, далікатны расток Волі.

Расейскія бальшавіцкія ўлады ў Менску ў першым сваім прыказе аб’явілі Раду Беларускай Народнай Рэспублікі, зложаную пераважна з сацыялістаў і мужыцкіх сыноў, урадам «памешчыкаў і капіталістаў».

Беларускіх грамадзкіх дзеячоў, бараніўшых у Радзе Рэспублікі волю і незалежнасьць Беларусі, абвесьціўшых прынцып зямля — народу, маскоўскія акупанты загадваюць «арыштаваць і аддаць на суд ваенна-рэволюцыйнага камітэту».

А што суліць нам прыход палякаў, легіёны каторых у Бабруйску гэтак зьдзекаваліся з нашых сялянаў і катавалі іх, аб’явіўшы за «бальшавікоў».

Глядзіце таксама

Вось, сядаючы сёлета да сталоў спажываці традыцыйную Куцьцю, мы ўсе павінныя злучыцца думкамі ў адну вялізарную шматмільённую сям’ю. Сэрцы і душы настроены на адзін тон і гатовыя адгукнуцца на кліч да справы. І калі гэты кліч праляціць ад краю да краю праз усю Беларусь, устане наш народ і скіне путы чужацкае няволі і сваімі мазалістымі рукамі адбудуе вольную, незалежную Бацькаўшчыну!».

З апошняга нумару прайшло 106 гадоў, і мы, як і тады, мусім быць падрыхтаваныя абараніць сваю зямлю ад ворагаў Беларусі.