АўтаSTOPам па Еўропам (частка 2)
Руска-латышскае супрацьстаянне
Да Рыгі мяне падвозіў рускі дальнабойшчык, жыхар Латвіі. Калі першы сустрэты жыхар краіны пачынае скардзіцца на безграшоўе і беспрацоўе, нацыяналізм і бяздзейнасць новай улады — усё, з чым
пастаянна асацыююць Латвію нашы дзяржаўныя тэлеканалы, — міжволі насцярожваешся.
Але ўсё выдатна, мяне сустракаюць вострыя шпілі ганзейскага горада на Дзвіне — сапраўдныя сярэднявечныя абрысы.
Начлег у знаёмых маіх знаёмых у старым доме непадалёк ад Домскага сабору.
Руска-латышскае супрацьстаянне
Да Рыгі мяне падвозіў рускі дальнабойшчык, жыхар Латвіі. Калі першы сустрэты жыхар краіны пачынае скардзіцца на безграшоўе і беспрацоўе, нацыяналізм і бяздзейнасць новай улады — усё, з чым
пастаянна асацыююць Латвію нашы дзяржаўныя тэлеканалы, — міжволі насцярожваешся.
Але ўсё выдатна, мяне сустракаюць вострыя шпілі ганзейскага горада на Дзвіне — сапраўдныя сярэднявечныя абрысы.
Начлег у знаёмых маіх знаёмых у старым доме непадалёк ад Домскага сабору.
Вельмі спадабалася, як латышы ўдала абыгрываюць кватэрную прастору. Адна са сцен кватэры, сумежная са старажытным манастыром — сярэднявечная муроўка. Атынкоўваць не сталі. І вы можаце спаць
каля гэтай старой цэглы пад драўлянай бэлькай. Не хапае толькі скуры мядзведзя пад ногі і фрэсак над галавой. Іншы, зусім маленькі пакой з дапамогай фантазіі і фанеры падзяляецца гарызантальна на
дзве часткі: наверсе — ложак, унізе — прастора для кампутара і іншага. Глухі замкнёны дворык, агульны з суседзямі, куды вядзе кватэрнае вакно, ператвараецца ва ўтульную тэрасу са
столікам і крэсламі.
Яшчэ здзівіла, што замест ванны — душ і маленькая сауна. Па словах гаспадыні, гэта даволі распаўсюджана ў Латвіі.
Вуліцы Рыгі. Сустракаеш рускамоўных інтэлігентаў, што зусім не характэрна
для Вільні. Увогуле, руска-латышскае супрацьстаянне — рэальная праблема Латвіі. Грамадства падзелена сцяной непаразумення. Рускія крыўдзяцца, латышы радыкаляць. Калі выслухоўваеш рускага
— разумееш, пагаджаешся. Калі размаўляеш з латышом, даведваешся пра тое, як праводзілася русіфікацыя, планавае засяленне Латвіі рускімі, — цяжка не абурыцца.
«Музей акупацыі 1941–1991». Гэта новы музей, у самым цэнтры Рыгі, бясплатны. Выдатная падборка дакументаў уражвае і кранае — бясчынства сталінскіх часоў, лагеры,
КДБ і г.д. Асноўная ідэя музея: для латышоў не было розніцы, якая ўлада прыйшла. І фашысты, і саветы былі акупантамі. Ніякіх «знакаў прыхільнасці» ці апраўдання фашыстаў у гэтым
музеі я не ўбачыў. У розных кутках музея размешчаны шахматы, зробленыя зняволенымі сталінскіх лагераў. Фігуркі ў выглядзе канваіраў, вайскоўцаў, ладдзя — назіральная ГУЛагаўская вышка.
Зайздросцяць беларусам
Чым яшчэ запомнілася Латвія? Грашыма. Не разумею, чаму ў даволі небагатай краіны такія дарагія грошы. 1 лат роўны прыкладна 1,7 еўра. Адпаведна, усе латышскія санцімы набываюць неверагодна вялікую
каштоўнасць у вашых кішэнях. Славянская душа, што звыклася шчодра сыпаць капейкамі, не можа змірыцца з такой неабходнасцю ашчаднага стаўлення да дробязі. Ды тут яшчэ латышскія кошты… Латвія
— вельмі дарагая краіна.
Увогуле, гэта краіна — другая ў Еўропе, што найбольш пацярпела ад крызісу. Ніводзін знаёмы не абмінуў мне сказаць пра гэта. Кожнага, каго сустрэў, гэта кранула за жывое. Бо Латвія, як
паведаміла знаёмая, — «краіна-эмбрыён», з вялікай галавой — Рыгай, што жыве без вялікага сектара ўласнай вытворчасці. Менавіта з-за гэтага латышы нам і
зайздросцяць зараз. Гэта мне распавяла дзяўчына, уладальніца музычнага бара ў цэнтры Рыгі. Яна сказала, што многія ў яе ўзросце (каля 30-ці) бяруць крэдыт і пачынаюць сваю справу прыкладна такога ж
кшталту. Бар, дзе граюць музыку, якая табе падабаецца, бар, аформлены па тваім гусце… У Латвіі здзейсніць сваю мару значна прасцей, чым у нас. У гэтым ім можна пазайздросціць.
Мяне ўразіла адна кавярня, зробленая ў аўтэнтычных сутарэннях нямецкай піўніцы ХІІІ стагоддзя. Там-сям засталіся фрэскі.
Тарту — студэнцкі «парадыз»
Цяжкі спын Рыга—Тарту. Як паведамілі пазней тартускія спыняры, трэба ездзіць не наўпрост, а праз Пярну. Нашмат хутчэй, хоць з вялікім гакам. Праязджаючы па Латвіі, аглядаючы цудоўныя
краявіды і слухаючы расповеды вадзіцеля-дзяўчыны, якая жыве на беразе мора, разумееш, што Латвіі ты амаль не бачыў. Рыга — гэта хіба толькі траціна.
Але вось — праз цяжкі і адначасова неверагодны начны спын — Тарту сустракае меднай свіннёй-манументам у цэнтры на месцы старога рынку.
Рамантыкі з тартускага геафака, самі спыняры, сустрэлі мяне на роварах, пасадзілі на багажнік, адвезлі ў каюту старажытнай ладдзі на начлег, накармілі-напаілі. І адправілі назаўтра ў падарожжа па
Чудскім возеры ў хаўрусе з групай турыстаў і эстонскім традыцыйным музыкам… Сама ладдзя — прыклад, як мара энтузіяста можа рэалізавацца ў паспяховы праект, асветніцкі і прыбытковы
адначасова. Ладдзя «Jymmu» — рэканструкцыя старых эстонскіх караблёў, якая гарманічна спалучае ў сабе камфорт, неабходны сучаснаму турысту, і старажытныя элементы. У вольны
ад турыстычных заказаў час ладдзя курсуе з майстар-класамі па старадаўніх рамёствах, асветніцкімі гістарычнымі фільмамі.
Тарту — студэнцкі гарадок. Ледзь не палова жыхароў — студэнты. Тартускі універсітэт з яго найстарэйшымі традыцыямі выхаваў не толькі цудоўных навукоўцаў, але і сфармаваў добрыя
традыцыі студэнцкага жыцця. Прыкладам таму — клуб «Геніяльнасці», які нагадвае кватэру для сваіх, з утульнымі канапамі, паліцамі, дзе стаяць кнігі тваёй супольнасці, крамай
дыскаў з музыкай, якую слухаюць у гэтай супольнасці. Тут жа бар, на другім паверсе — свойская дыскатэка. Часам тут ладзяцца прагляды фільмаў, тэатральныя пастаноўкі студэнцкага тэатра з
абмеркаваннем.
Ідучы па гарадку, паўсюдна заўважаеш імёны славутых навукоўцаў, якія ў цябе на слыху: Струвэ, Лотман, Пірагоў… Дарэчы, пра Юрыя Лотмана тут чулі ўсе, хоць і не ведаюць, чым ён увогуле
займаўся. Помнік яму — семіётыка чыстай вады: твар навукоўца памерам у некалькі метраў выраблены з хаатычна пераплеценых металічных трубак, якія адначасова з’яўляюцца
фантанам.
Паміж Скандынавіяй і Масквой
У Латвіі гавораць: «Вось там, на Захадзе, а вось у нас, у Латвіі…» А эстонцаў у Латвіі лічаць ужо еўрапейцамі-скандынавамі. Цікава, але эстонцы сябе таксама прылічаюць да
тых, хто паміж еўрапейскай Скандынавіяй і Масквой… І крыху камплексуюць перад фінамі, з якімі маюць падобную мову і культуру, але жывуць папрасцей. А фіны, у сваю чаргу, камплексуюць перад
шведамі, бо не мелі свайго каралеўства, заўжды былі простым, пераважна сялянскім народам (і ў гэтым сваім пачуцці падобныя да беларусаў, нягледзячы на наша шляхетнае мінулае часоў ВКЛ). Цікава, перад кім камплексуюць шведы? Чуў, што шведы адчуваюць сябе сціпла перад
датчанамі.
Тарту — пераважна драўляны гарадок. Вы бачылі ў Мінску драўляныя баракі сталінскіх часоў, двухпавярховыя? Знешне вельмі нагадвае пабудовы ў Тарту. Такія дамкі сустракаюцца і ў Латвіі, і ў
Эстоніі, і ў Фінляндыі — у сталіцах і маленькіх гарадках. Гэту мясцовую традыцыю будаўніцтва багатых на лес краінаў не змаглі выцесніць нямецкія камяніцы Рыгі і Таліна.
Але вось я ўжо ў Таліне. Шпілі, вулачкі, вежы, брук цудоўна стасуюцца з вашымі ідэалізавана-рамантычнымі ўяўленнямі пра сярэднявечны горад. Магчыма, гэты архетып закладзены на падсвядомым узроўні
«Прыгодамі электроніка» і іншымі савецкімі фільмамі, дзе «бьют часы на старой башне». Адметнасць горада — стары завод непадалёк ад порта, на якім Андрэй
Таркоўскі часткова здымаў «Сталкера» (пра гэта сведчыць памятная дошка на высачэзнай дымавой трубе).
Фота аўтара
Працяг будзе