Адам Глобус: Мастак застаецца анархістам і антыдзяржаўным элементам

Якім быў мастацкі нонканфармізм 1980-х і ці ёсць ён сёння?

Аляксей Талстоў, Таццяна Арцімовіч, Адам Глобус, Вікторыя Біран, Аляксей Братачкін

Аляксей Талстоў, Таццяна Арцімовіч, Адам Глобус, Вікторыя Біран, Аляксей Братачкін

Адказы на гэтыя пытанні ў дыскусіі, прымеркаванай да выхаду кнігі-альбома пра беларускі нонкамфармізм 1980-х, шукалі мастакі Адам Глобус і Аляксей Талстоў, гісторык Аляксей Братачкін і мастацкая актывістка Вікторыя Біран.
На думку Адама Глобуса, майстэрня мастака — гэта сімвал дысідэнтства і свабоды ў 1980-я гады. «Я лічу, што мастак, як тады быў анархістам і антыдзяржаўным элементам, так і зараз застаецца. Як тады на нас ціснулі дзяржаўныя структуры, так і зараз».
Цікава, што пры гэтым Адам Глобус сцвярджае, што маючы майстэрню, прыгожых натуршчыц і перакананне, што дзяржава заўсёды вораг — можна спакойна жыць і працаваць. І распавёў гісторыю са свайго юнацтва.
«Гэта была першая выстава без мастацкіх саветаў і без дазволаў. Мы вырашылі пашырыць межы майстэрні да выставачнай прасторы ў саюзе пісьменнікаў. Прышлі, павесілі карціны. Максім Танк сказаў, што ўсё добра. Але з'явіліся людзі з міністэрства і людзі ў цывільным, якія сказалі, што ніякай выставы не будзе».
Праўда, каб мастакі не выступалі на ўсялякіх «варожых радыё», ім дазволілі выставіць свае карціны ў Саюзе мастакоў на адзін дзень. Маўляў, няхай усе мастакі прыйдуць і скажуць, што пра вас думаюць.
«І тады прыйшоў Азгур, Анікейчык, Міхаіл Савіцкій. Савіцкі казаў, што мы льем ваду на млын імперыялізму, што мы здраднікі. Анікейчык сказаў, што мы ўсе, хто выстаўляўся, ненавідзім сваіх бацькоў, таму што «вось у Глобуса, напрыклад, бацька вядомы пісьменнік Адамчык, а ён падпісваецца Глобус. У Майліша — паважаны бацька Альгерд Адамавіч Малішэўскі. У Кашкора — бацька Кашкурэвіч. Яны ненавідзяць бацькоў настолькі, што нават ад прозвішч сваіх адмовіліся.
Азгур нас заклейміў. Карацей, усе мастакі не проста сказалі, што нашы творы — антысавецкія, яны сказалі, што мы — ворагі Савецкага саюза. Зараз гэта выглядае крыху смешна, а тады я разумеў, што акрамя як пісаць шыльдачкі ў прыбіральнях, а таксама «магазін працуе»/ «магазін зачынены» — нам больш нічога ў мастацтве зрабіць не дадуць. Мы ўсе пасля гэтай выставы моцна выпілі і вырашылі, што, як рабілі ўсё, што хочам, так і будзем, а грошы мы неяк дастанем».  

Аляксей Талстоў

Аляксей Талстоў


Мастак Аляксей Талстоў — чалавек ужо з іншага пакалення. І ён лічыць, што мастацтва — гэта не рэвалюцыя.
«Калі чалавек прыходзіць у галерэю, ён можа бачыць праблему, але ён знаходзіца ў галерэі, з якой можа выйсці. Ёсць твор, ён стаіць перад творам, ён думае пра гэта, бачыць. Ці ён пра нешта чытае ў газеце. Так, гэта важна, можа кранаць, але з іншага бока ёсць адлегласць. Ён не з’яўляецца чалавекам у стрэсе, якому нешта пагражае. Ён на бяспечнай дыстанцыі».

Калі казаць пра мастацкі супраціў, адразу ўзгадваюцца акцыі мастака Паўленскага ў Маскве, акцыі Фемен ці дзеі арт-групы «Вайна». Але ці можна іх сапраўды лічыць супрацівам?
«Мастацтва не можа зрабіць рэвалюцыю. Яно можа ісці разам з гэтай рэвалюцыяй. Гэта не справа герояў. Гэта справа, якая вырашаеца разам, зыходзячы з  розных кампетэнцый», — лічыць Алякей Талстоў.
«Калі да вас не прыціскаюцца ў мятро — гэта не значыць, што мятро няма, — ўзгадвае Адам Глобус словы адной з гераінь фільму "Шукайце жанчыну". — Калі вы не бачыце супраціва — гэта не значыць, што яго няма. Кожны мастак — гэта супраціў. Нават той самы паскудны мастак, які служыць якому-небудзь гітлерізму. Усё адно мастак — гэта не карнік, не чалавек з расстрэльным пісталетам. Добра некалі ў 1980-я Кашкурэвіч сфармуляваў: «Мастак — гэта чалавек, з якім нельга дамовіцца». Мастак — гэта чалавек, які рэагуе на рэальнасць і ён супраціўляецца. Мастак — гэта чалавек, які супраціўляецца кожны дзень.  Дзяржава будзе заўсёды цэнзураваць, а мастак будзе заўсёды супраціўляцца».
Вынік дыскусіі падвяла Таццяна Арцімовіч, каардынатарка праекта «pARTisan»: барацьба за публічную прастору працягваецца. Калі ў 1980-я больш акцэнту рабілася на свабодзе як галоўнай каштоўнасці, то зараз галоўнае пытанне — «чаму супраціўляцца». Больш складанае пытанне нонкамфармізму, бо гаворка не ідзе толькі пра палітычную сістэму ці ўладу, але і пра супраціў розным вымярэнням чалавечага быцця.

Артур Клінаў

Артур Клінаў

Таксама на імпрэзе галоўны рэдактар часопіса “pARTisan” Артур Клінаў прадставіў кнігу-альбом пра беларускі нонкомфармізм 1980-х, якая з'явіцца для шырокай аўдыторыі ў бліжэйшы час.