
27 чэрвеня мінула дваццаць гадоў ад дня правядзення Устаноўчага сходу, на якім было абвешчана пра стварэнне Грамадскага аб’яднання “Таварыства беларускай мовы імя
Францішка Скарыны.
Памятаю, з якой радасцю я ўспрыняла гэтую навіну. Сапраўды, сітуацыя вымагала прыняцця нейкіх рашэнняў і рашучых крокаў. Усе настаўнікі роднай мовы ў сталіцы сутыкаліся з тым, што ў школах заўсёды
была пэўная колькасць дзяцей — у некаторых класах даволі значная, — якія маглі не вывучаць беларускую мову (а яна ў той час з’яўлялася дзяржаўнай мовай БССР!).
Суполкі ТБМ пачалі стварацца амаль на кожным прадпрыемстве і арганізацыі, з падачы кіраўніцтва ўступалі цэлымі калектывамі. Па размаху і ахопленасці грамадзян гэты рух можна параўнаць з прафсаюзным.
Напэўна, многія памятаюць, што напачатку 90-х ТБМ мела свае кропкі па распаўсюду адмысловай прадукцыі — значкоў, кніг, газет, мастацкіх вырабаў. Калі ўзгадаць, што неўзабаве была абвешчана
незалежнасць Беларусі, прыняты Закон аб мовах, робіцца зразумелым, чаму большасць людзей паверыла ў гэты гістарычны крок і многія бацькі смела аддавалі сваіх дзяцей у беларускамоўныя класы.
У гэтай сітуацыі я, як і многія настаўнікі беларускай мовы і літаратуры, думала, што нам дастаткова толькі добра выкладаць свой прадмет і імкнуцца перадаць сваю любоў да мовы дзецям. Але здарыўся
1995 год — год ганебнага рэферэндуму, які фактычна дазволіў ігнараваць дзяржаўнасць беларускай мовы і развязаў рукі тым, хто ненавідзеў усё, што датычыць беларускай культуры і духоўнасці,
тым, хто лічыў беларусаў амаль непаўнавартаснай нацыяй. Памятаю роспач і адчай, якія ахапілі многіх патрыётаў пасля гэтага рэферэндуму. А затым быў накат на арганізацыю, закрыццё шапікаў і высяленне
з сядзібы.
У гэты час я ўжо працавала ў Інстытуце мовазнаўства АН Беларусі. На сітуацыю глядзела крыху іначай, чым іншыя. Калі ёсць дзяржаўнае двухмоўе, то і павінна быць так: дзе ёсць руская мова, аўтаматычна
павінна быць і беларуская. Менавіта на гэтай хвалі, з вялікага жадання штосьці зрабіць, я і прыйшла ў Таварыства беларускай мовы прыблізна гадоў дзесяць таму. Прыйшла — і трапіла ў атмасферу
аднадумства. Сярод актывістаў арганізацыі не было ўпадніцкіх настрояў. Таварыства набывала другое дыханне. Нягледзячы на неспрыяльныя ўмовы, арганізацыя пацвердзіла свой высокі рэйтынг, сваю
баяздольнасць і несумненную запатрабаванасць у грамадстве.
Думаю, што адным з самых значных крокаў Таварыства ў гэты перыяд было стварэнне Стратэгіі развіцця беларускай мовы ў ХХІ стагоддзі. Ідэя распрацоўкі належыць Сяргею Кручкову і Уладзю Кошчанку. Да яе
далучыліся многія навукоўцы і актывісты. А Станіслаў Суднік, галоўны рэдактар “Нашага слова, па-вайсковаму грунтоўна і дакладна падрыхтаваў аж тры варыянты свайго бачання
перспектывы беларускай мовы. Спалучэнне “будзённай шэрай працы з тэарэтычнымі напрацоўкамі на будучыню дало надзвычайны эфект: мы заснавалі акрамя “Нашага слова
яшчэ адну газету на беларускай мове — “Новы час. І гэта ў той перыяд, як закрываліся многія іншыя незалежныя выданні. Газета атрымала новае дыханне і сучасны выгляд, калі
перайшла ў рукі рэдакцыі былой “Згоды, зачыненай уладай перад прэзідэнцкім выбарамі 2006 года.
Не так даўно паўстаў незалежны беларускамоўны тэлеканал “Белсат, ідэя стварэння якога таксама фігуравала ў нашай Стратэгіі развіцця беларускай мовы. А колькі выдалі кніг,
каляндарыкаў, іншай прадукцыі!
Не прайшлі марна і тоны перапіскі з дзяржаўнымі асобамі. Чыноўнікі прывучыліся адказваць на нашы запыты, ім даводзіцца рэагаваць на лісты грамадзян з дзесяткамі, сотнямі, тысячамі подпісаў. Думаю,
тое, што мы не склалі рукі, нягледзячы на адсутнасць дзяржаўнай падтрымкі, прымусіла паважаць нашу пазіцыю і прыслухоўвацца да нашай думкі, лічыцца з ёй. Асабліва ж, на мой погляд, арганізацыя
прымусіла сябе паважаць, калі здолела аплачваць арэнду сядзібы па камерцыйных коштах. І каб не самаахвярная падтрымка многіх сяброў ТБМ, якія штомесяц, а то і часцей, пералічвалі сродкі на рахунак
арганізацыі, наўрад ці нашы поспехі былі б такімі заўважнымі і пераканаўчымі.
Ёсць асабіста для мяне знакавыя моманты, якія даюць падставы для аптымістычнага мадэлявання будучыні. Па-першае, сектар недзяржаўных грамадскіх арганізацый (а гэта ў значнай ступені моладзь) актыўна
карыстаецца беларускай мовай у сваёй працы. Па-другое, наша краіна пачынае паступовы рух да збліжэння з іншымі краінамі на аснове агульнаеўрапейскіх стандартаў, сярод якіх захаванне і зберажэнне
нацыянальнай культуры. Па-трэцяе, большасць кіраўнікоў дзяржаўных устаноў розных узроўняў валодае дзяржаўнай мовай і гатова ёю карыстацца паўсюль. А асабліва мне прыемна на пасяджэннях Рады
інтэлігенцыі чуць беларускую мову з вуснаў тых, хто па сваіх прафесійных інтарэсах ніякім чынам не быў звязаны з ёю і да нядаўняга часу наўрад ці часта карыстаўся ёю. І тое, што такія людзі, як
Уладзімір Парфяновіч, алімпійскі чэмпіён, свабодна выказвае свае думкі па-беларуску, для мяне значыць многае. Мова становіцца кансалідуючым звяном у справе аб’яднання здаровых
інтэлектуальных сіл дзеля будучыні нашай краіны.
Напэўна, хтосьці можа аспрэчыць сказанае. Нават прывядзе шмат аргументаў, дзе будуць фігураваць лічбы, працэнты. Але я ведаю, што наша праца ўжо ўскалыхнула і абудзіла многіх людзей, хто лічыць сябе
сынам роднай зямлі, незалежна ад пасады, якую яны займаюць. І я ўпэўнена, што на заняткі нашай юрыдычнай школы будуць прыходзіць маладыя і старэйшыя людзі, каб разам навучыцца адстойваць свае правы.
А ўвосень мы пачнём новыя справы, і ў нас будуць рэалізаваныя шматлікія ініцыятывы, якія запатрабаваны ў грамадстве, а традыцыйныя сустрэчы з пісьменнікамі, гісторыкамі будуць праходзіць пры поўных
залах. І яшчэ я веру ў словы нашага старшыні Алега Трусава пра тое, што беларуская мова ў ХХІ стагоддзі стане мовай Еўрасаюза.