«AMAROKA»: адпачынак скончаны, збіраемся класічным складам!
Нягледзячы на зацішша ў творчасці і працяглы перапынак, гурт «AMAROKA» усё ж аднаўляе сваю канцэртную дзейнасць у рамках фэста кантрастный музыкі Light & Drive Festival.
Чаго чакаць ад «AMAROKA» і што надае сілы для творчай дзейнасці разважае лідар гурта Зміцер АФАНАСЕНКА.
— Ваш апошні альбом «VIRUS» (2014 г.) атрымаў станоўчыя водгукі крытыкаў і слухачоў. Але ён стаў той рысай, пасля якой у вас распачаўся працяглы «творчы адпачынак». Ці ствараюцца ў гэтых умовах новыя песні, якія ўвойдуць у чарговую кружэлку гурта «AMAROKA»? Калі мы зноўку пачуем старыя хіты і новыя кампазіцыі?
— Альбом «VIRUS» быў творчым эксперыментам. Мы шукалі новы гук і я першы раз чытаў вершы замест таго, каб іх спяваць. Мы задаволеныя вынікам. Але і разумеем, што мяжы дасканаласці няма. Таму ўжо пачалі працу над новымі кампазіцыямі, якія, я думаю, будуць адрознівацца ад старога матэрыялу. З-за творчага адпачынку мы не будзем спяшацца выпускаць новы альбом у гэтым годзе, але абавязкова падрыхтуем сінгл і музыкальны кліп. Што тычыцца выступленняў на вялікіх пляцоўках, то хутка мы адновім нашую канцэртную і гастрольную дзейнасць.
— Цяпер шмат гавораць пра закат эры CD і надыход эпохі інтэрнэту. Ці дапамагае Сусветнае павуцінне музыкантам вытрымать вымушаную паўзу у творчасці гурта? Зміцер, ці можна паслухаць там вашыя новыя песні?
— Натуральна, нашыя песні, відэа-кліпы і суполкі ёсць ў сацыяльных сетках і на Youtube. Азнаёміцца з імі і бясплатна запампаваць музыку можна па спасылках, якія вы знойдзеце ў нашай галоўнай суполцы vk.com/amarokaclub. Мы таксама не забываем, што для калектыва не менш важным застаецца ратацыя кампазіцый на радыё і запрашэнні ў тэлеэфір. Таму заўсёды адгукваемся на такія прапановы. Што ж тычыцца «жывых» канцэртаў, то для сапраўдных музыкантаў іх не заменяць аніякія сацыяльныя сеткі ці тэлебачанне. Бліжэйшы з іх запланаваны на 20 лістапада, калі мы з гуртом NAVI адыграем канцэрт ў новым клубе «Пляцоўка Хол».
— Акрамя абавязкаў лідэра гурта «AMAROKA», вы, Зміцер, супрацоўнічаеце з грамадскай ініцыятывай «Арт-сядзіба» ў якасці менэджэра. Ці ўдзельнічаюць музыканты ў мастацкіх акцыях «Арт-сядзібы», у тым ліку і гурт «AMAROKA»? Назавіце некалькі прыкладаў такога супрацоўніцтва.
— Так, я з' яўляюся заснавальнікам «Арт-сядзібы» і мэнэджэрам, удзельнічаю амаль ва ўсіх праектах пляцоўкі на розных этапах іх стварэння. Гурт
«AMAROKA», як штатны калектыў грамадскай ініцятывы «Арт-сядзіба», таксама задзейчаны ў яе праектах. Напрыклад, мы выступалі пад час правядзення «Дня
вышыванкі», на «Тату-Фэсьце-2015»…
— З матэрыялаў сайта «Арт-сядзібы» , вядома, што ў межах гэтай грамадскай ініцыятывы вы распрацоўваеце свой, так бы мовіць, грамадскі стартап — беларускамоўныя настольныя гульні («настолькі»). Гэта жаданне дапамагчы сваім аднагодкам у нязмушанай, гульнёвай форме больш даведацца пра беларушчыну?
— Вядома, што гульня, паводле даследванняў псіхолагаў, — адзін з самых дзейсных інструментаў для засваення фактаў, іх творчай інтэрпрэтацыі. Гульня спрыяе развіццю варыятыўнасці мыслення і камінікатыўных функцый чалавечага мозгу. Гульня можа садзейнічаць набыццю новых ведаў, напрыклад, па нашай гісторыі і культуры, спрыяць далейшай сацыялізацыі маладога чалавека ў якасці грамадзяніна сваёй краіны. У мяне была мара стварыць такую асацыятыўную гульню. Так нарадзілася ідэя беларускамоўнай «настолькі» «Казачнік», у якой выкарыстоўваюцца жывапісныя працы вядомых беларускх мастакоў. Удзельнікі гульні (а іх можа быць 3 – 6 чалавек) маюць магчымасць карыстацца альтэрнатыўнымі правіламі (але трэба папярэдне дамаўляцца пра іх). Каб выкарыстаць іх карціны для гульні мне прышлося звязвацца з мастакамі і прасіць дазволу. Не ўсе пагаділіся з маёй прапановай, але з цягам часу праца была зроблена. Галоўны прынцып «настолькі» «Казачнік» можна сфармуляваць так: «карыстаючыся асацыяцыямі, пачні думаць і гаварыць па-беларуску!»
— З прэсы і свайго досведу вам, Зміцер, вядома, што многія з калегаў по музычнаму цэху трапілі пад бюракратычны прэс: па невядомых прычынах зрываюцца канцэрты, пра іх творчаць замоўчваюць афіцыйныя СМІ... На ваш погляд, доўга будзе працягвацца такая практыка і што трэба зрабіць усім нам, каб песні на роднай мове часцей даходзілі да слухачоў?
— Я ведаю, што ўсё кепскае калі-небудзь скончыцца, і, як у свой час казаў біблейскі Эклезіяст, усё патаемнае з часам стане вядомым! Трэба спадзявацца на лепшае і рабіць добрыя справы на карысць нацыянальнай культуры. Гэта мой просты рэцэпт! Жадаю посьпехаў на гэтым шляху ўсім беларускім музыкантам.
Таксама, запрашаю на наш першы пасля перапынку канцэрт, які пройдзе 20 лістапада ў клубе «Пляцоўка Хол» (Кастрычніцкая плошча, 11). Там мы зайграем у поўным класічным
складзе разам з гуртом «NAVI».
Фота аўтара і з архіва гурта